Юбилей собрал гостей. Дуниловичский дом-интернат отметил 65-летие

Главное Общество

Дом, напоўнены клопатам і міласэрнасцю

У фальварку Ясневічы, які ў свой час належаў розным уладальнікам, пасля Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся дзіцячы дом, затым — дом для састарэлых грамадзян. 25 жніўня 1957 года рашэннем Маладзечанскага абласнога Савета дэпутатаў быў створаны Дунілавіцкі дом-інтэрнат. Сёлета ўстанова адзначыла 65-годдзе. Урачыстасці адбыліся напярэдадні Дня пажылых людзей.

Юбілей сабраў гасцей

З гэтай нагоды сюды завіталі намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская і ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне Наталля Седзюкевіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая, настаяцель варапаеўскай царквы протаіерэй Георгій Лакотка, пробашч дунілавіцкага касцёла ксёндз Андрэй і іншыя госці. Дырэктар дома-інтэрната Алег Дарафееў спачатку правёў экскурсію па ўстанове. А затым яе работнікі, якія былі не на змене, ветэраны, жыхары Дунілавіч сабраліся ў мясцовым Доме культуры на ўрачысты сход і святочны канцэрт, які падрыхтаваў ансамбль «Маладзіца».

 

Госці звярнуліся да прысутных са словамі прывітання і падарункамі. Вера Астапенка ўручыла Ганаровую грамату камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама медыцынскай сястры Наталлі Казловіч, Падзяку старшыні камітэта — санітару Уладзіміру Пазняку, перадала падарунак для былога дырэктара Паўла Паўловіча, а самой установе падарыла сертыфікат на 1 000 рублёў. Сертыфікат на 1 500 рублёў уручыў Алегу Дарафееву Пётр Курто, а ўзнагароды ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў — загадчыцы склада Леакадзіі Ясінскай, санітару Уладзіміру Казловічу, спецыялісту па кадрах Ірыне Шкорнік.

З узнагародамі Леакадзія Ясінская, Уладзімір Казловіч, Ірына Шкорнік і Наталля Казловіч

Даўнія шэфскія сувязі звязваюць дом-інтэрнат і ААТ «Навасёлкі-Лучай». Пастаяльцы дапамагаюць прадпрыемству ў выкананні розных сельгасработ. За гэта намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Славамір Шапель падарыў на юбілей сертыфікат на 1 000 рублёў. А яшчэ гаспадарка выдзеліла інтэрнату 10 тон бульбы.

Асаблівыя словы ўдзяч­насці госці адрасавалі ве­тэ­ранам. Алег Дарафееў назваў каля 40 прозвішчаў былых работнікаў, якія не шкадавалі ні сіл, ні часу, ні чуласці, каб ахінуць дабрынёй, любоўю і клопатам абяздоленых людзей, пакінулі частку свайго сэрца ў доме-інтэрнаце. Ветэраны атрымалі салодкія падарункі і кветкі. Пасля мерапрыемства ў іх была магчымасць пася­дзець за святочным сталом, успомніць мінулае. У панядзелак мне патэлефанавала Таццяна Сеганкевіч і папрасіла ад імя ўсіх ветэранаў падзякаваць праз газету адміністрацыі ўстановы за ўвагу не толькі з нагоды юбілею, але і пастаянна.

З гісторыі

З 1957 па 1959 год у доме інвалідаў у Ясневічах пражывала 76 чалавек. З часам колькасць пастаяльцаў павялічвалася, будаваліся драўляныя жылыя карпусы, з’явіліся лазнева-пральны блок і харчблок, лячэбна-працоўныя майстэрні і іншае.

За гады журналісцкай работы мне давялося пісаць пра розныя арганізацыі. Успамінаю, як у 90-х першы раз прыехала ў Ясневічы. Дом-інтэрнат для псіханеўралагічна хворых тады размяшчаўся ў некалькіх драўляных будынках, без элементарных выгод. Уразілі чысціня і парадак, а яшчэ — міласэрныя адносіны персаналу да падапечных. У кожнага з тых, хто тут пражывае, свой лёс, свая гісторыя і свой дыягназ. Дзяржава ўзяла на сябе клопат пра такіх людзей і робіць усё для таго, каб падтрымліваць якасць іх жыцця.

У 2005 годзе экспертная камісія па абследаванні будынкаў зрабіла заключэнне, што два жылыя корпусы з’яўляюцца непрыгоднымі для эксплуатацыі. Адбылося скарачэнне штату работнікаў і колькасці пра­жываючых. Праз пэўны час абласны камітэт па працы, занятасці і сацаба­роне пачаў хадайнічаць перад Міністэрствам працы і сацабароны Рэспублікі Беларусь аб выдзяленні сродкаў на рэканструкцыю дома-інтэрната. У выніку ў красавіку 2011 года будаўнікі прыступілі да ўзвядзення жылога корпуса, праз год — медыцынскага блока. У канцы 2013 года трохпавярховы будынак арыгінальнай архітэктуры быў здадзены ў эксплуатацыю.

За час існавання ўстановы яе ўзначальвалі Іван Лебедзеў, Фёдар Воранаў, Валянцін і Алена Селязнёвы, Павел Паўловіч, Людміла Сіўцэвіч. З сакавіка мінулага года — Алег Дарафееў.

Утульна і камфортна

Сёння ў доме-інтэрнаце пражывае больш за 200 падапечных рознага ўзросту. Усе яны прызнаны недзеяздольнымі з-за псіхічных адхіленняў. Адміністрацыйна-кіраўніцкі, медыцынскі, гаспадарча-абслуговы персанал складае 139 чалавек. Яны забяспечва­юць патрэбныя бытавыя ўмовы, стараюцца, каб абстаноўка тут была максімальна набліжана да дамашняй. У пакоях жывуць па 2-4 чалавекі. Да іх паслуг шматлікія медыцынскія кабінеты: лячэбнай фізкультуры, масажны, працэдурны — і адпаведныя спецыялісты. З мэтай павышэння якасці лячэння старшы медперсанал цесна супрацоўнічае як з раённымі, так і з абласнымі ўстановамі аховы здароўя. Пытаннямі рэабілітацыі, падтрымання псіхаэмацыянальнага стану пастаяльцаў займаюцца псіхолаг, інструктар па працоўнай тэрапіі, культарганізатар, спецыяліст па сацыяльнай рабоце.

З 2019 года па цяперашні час установа працуе ў рэжыме строгага выканання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, звязаных з каранавіруснай інфекцыяй. Дзякуючы гэтаму ні адзін з падапечных не захварэў на COVID-19. А смяротнасць за апошнія два гады знізілася на некалькі чалавек.

Жыццё ў доме-інтэрнаце не стаіць на месцы. З 2017 года тут дзейнічае цэнтр навучання і развіцця. У ім адны з дапамогай настаўнікаў успамінаюць некалі набытыя навыкі па чытанні, веды па матэматыцы, іншыя вучацца гэтаму з нуля. Да паслуг навучэнцаў усе неабходныя кніжкі і прылады. Ёсць нават інтэрактыўная дошка, камп’ютары.

Сёлетнім летам пры спонсарскай дапамозе пасольства Германіі ў Мінску на тэрыторыі дома-інтэрната ўстаноўлены навес з вулічнымі трэнажорамі, якія вельмі падабаюцца пастаяльцам. Для рэабілітацыі выкарыстоўваюцца таксама сцежка для скандынаўскай хадзьбы, валейбольная пляцоўка.

Працуе шмат гурткоў па інтарэсах. Сцены дома-інтэрната ўпрыгожваюць шматлікія карціны, аплікацыі, вырабленыя пастаяльцамі. Многія з іх любяць шыць. Пашытая пасцельная бялізна, рабочыя рукавіцы рэалізуюцца, што прыносіць даход інтэрнату. Займаюцца пастаяльцы алмазнай мазаікай, вырабляюць кармушкі для птушак, шпакоўні, даглядаюць пакаё­выя кветкі.

Уласная падушка бяспекі

У карыстанні дома-інтэрната 73 гектары сельгас­угоддзяў, 46 з іх — ворыўныя землі. У цяпліцах і адкрытым грунце тут вырошчваюць усе віды агародніны і поўнасцю ёй сябе забяспечваюць. На зіму засалілі 2,7 тоны агуркоў, 800 кілаграмаў памідораў, пачалі квасіць капусту і саліць моркву. З дапамогай тэхнікі ААТ «Навасёлкі-Лучай» назапасілі сена для 25 цялят і 10 кароў. 80 літраў малака штодня пакідаюць на патрэбы пастаяльцаў, лішкі прадаюць дзяржаве. І ад гэтага кожны месяц атрымліваюць больш за 1 000 рублёў выручкі. Падсобная гаспадарка — своеасаблівая падушка бяспекі.

Вяртаюць да паўнацэннага жыцця

Некаторых з тых, хто прайшоў курс рэабілітацыі, аднаўляюць у дзеяздольнасці. Каб гэта адбылося, максімум намаганняў прыкладаюць работнікі дома-інтэрната. Кандыдатаў на аднаўленне яны вучаць самастойнасці. Для гэтага ёсць аддзяленне суправаджальнага пражывання. У вучэбна-трэніровачнай кватэры пражываюць 3 жанчыны і 2 мужчыны. Пад наглядам спецыялістаў яны гатуюць сабе ежу, карыстаюцца пральнай машынай, плануюць пакупкі і бюджэт. У мінулым годзе адна жанчына адноўлена ў дзеяздольнасці, і цяпер яна жыве самастойна ў Дунілавічах, працуе ў доме-інтэрнаце.

…У пятніцу стаяла цёплае сонечнае надвор’е. Пастаяльцы дома-інтэрната праводзілі час на тэрыторыі ўстановы: адны рабілі фіззарадку, другія практыкаваліся на трэнажорах, трэція любаваліся фарбамі восені. А работнікі пільна сачылі за імі калі бачылі, што ў чалавека псаваўся настрой, падыходзілі, гутарылі, супакойвалі. І гармонія вярталася зноў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.