Какие вопросы решались на расширенном заседании президиума районного объединения профсоюзов?

Общество

Ёсць справа да ўсяго

Так можна ахарактарызаваць работу раённага аб’яднання прафсаюзаў. На мінулым тыдні адбылося расшыранае пасяджэнне яго прэзідыума, якое вяла старшыня аб’яднання Іна Далецкая. Члены прэзідыума, старшыні райкамаў галіновых прафсаюзаў і пярвічных прафарганізацый разгледзелі шэраг пытанняў, абмеркавалі ўдзел прафсаюзаў у правядзенні Дня пажылых людзей і Дня маці.

Гарантыі маладым спецыялістам

Прадметам сумеснай работы наймальнікаў і прафкамітэтаў з’яўляецца забеспячэнне выканання сацыяльных гарантый маладым работнікам. Іна Далецкая і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алена Рудніцкая расказалі, што ў калектыўных дагаворах многіх арганізацый і прадпрыемстваў ёсць асобныя пункты, якія датычаць падтрымкі выпускнікоў навучальных устаноў. Ім аказваецца матэрыяльная дапамога на пярвічнае абуладкаванне, патанненне аплаты здымнага жылля, праезду да месца работы. Практыкуецца і заахвочваецца настаўніцтва. З мэтай прыцягнення маладых да грамадскай дзейнасці і садзейнічання іх прафесійнаму росту ладзяцца конкурсы прафмайстэрства.

Створаны банк даных маладых спецыялістаў, якія прыбылі на Пастаўшчыну на першыя рабочыя месцы пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай, сярэднеспецыяльнай і вышэйшай адукацыі. У мінулым годзе гэты банк папоўніўся 95 чалавекамі. У раёне кожны год праводзіцца злёт маладых спецыялістаў.

Для навічкоў вельмі важна, як іх прымуць у калектыве. І тут вялікая роля адводзіцца прафсаюзным лідарам. У першую чаргу яны павінны працягнуць руку дапамогі маладым. Вартая пераймання ў гэтым плане работа ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і УП ЖКГ.

З клопатам пра пажылых

Пасяджэнне прэзідыума праходзіла напярэдадні Дня пажылых людзей. Пра неабходнасць клапаціцца пра гэту катэгорыю насельніцтва і як наладжана такая работа ў раёне, гаварыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Літвіновіч. Усяго на Пастаўшчыне пражывае 9 600 грамадзян пажылога ўзросту, з іх 7 883 — ветэраны працы. Яны аб’яднаны ў 38 пярвічных ветэранскіх арганізацый, якія створаны на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Вялікую падтрымку сваім ветэранам аказваюць у ААТ «Паставымэбля», райбыткамбінаце, Варапаеўскай дыстанцыі пуці, дзяржкаледжы і іншых.

У раённы савет ветэранаў пажылыя грамадзяне звяртаюцца з рознымі просьбамі: абкасіць прыдамавую тэрыторыю, дапамагчы ў набыцці дроў, вывазе металалому. З пачатку года ад іх паступіла 26 зваротаў. Усе пытанні аператыўна вырашаны.

Для ветэранаў ладзіцца шмат розных мерапрыемстваў, арганізуюцца паездкі ў тэатры, экскурсіі па славутых мясцінах Беларусі. 2022-і аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. У сувязі з гэтым ветэранаў запрашаюць у школы на ўрокі мужнасці. Пры раённым краязнаўчым музеі створаны клуб «Жывая гісторыя».

Не застаюцца ў баку ад клопату пра ветэранаў працы і старшыні прафкамітэтаў. Пры магчымасці сустракаецца з пажылымі Іна Далецкая. Паміж раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, БРСМ і раённай ветэранскай арганізацыяй заключана пагадненне аб супрацоўніцтве.

Пашана – людзям працы

Завяршылася жніво. А ў тое, каб яно прайшло зладжана, немалы ўклад унеслі прафсаюзы. Напярэдадні важнай сельскагаспадарчай кампаніі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч у складзе рэйдавай групы праводзіў кантроль працоўнай дысцыпліны. Іна Далецкая і спецыяліст па ахове працы раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Ахмадзееў не раз праманіторылі ўсе сельгаспрадпрыемствы на прадмет выканання тэхнікі бяспекі, аховы працы, забяспечанасць рабочых спецвопраткай, сродкамі індывідуальнай аховы, арганізацыю харчавання і бытавых умоў. Было выяўлена 16 парушэнняў, якія аператыўна выпраўлены.

Пры дапамозе пярвічных прафарганізацый АДРАЦ «Ветразь», УП ЖКГ, лясгаса, ААТ «Паставымэбля», Белаграпрамбанка, ЗАТ «Пастаўскі мясакамбінат» набыта і перададзена ААТ «Ярэва-агра», «Янавіца-агра», «Сцяг Перамогі-агра», СП «Дунілавічы-агра» і «Ляхаўшчына-агра» 27 медыцынскіх аптэчак.

Сёлета, як і штогод, былі распрацаваны ўмовы раённага спаборніцтва для камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных комплексаў. Грашовымі прэміямі на агульную суму 6 350 рублёў прафсаюзам заахвочана 25 камбайнераў і 20 вадзіцеляў-тысячнікаў.

І дзяцей сабралі ў школу

Прафсаюзныя лідары раёна сумесна з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый прынялі актыўны ўдзел у акцыях «Прафсаюзы — дзецям», «Збяром дзяцей у школу». З прафсаюзных сродкаў аказана дапамога на суму 17 375 рублёў амаль 450 дзецям 240 работнікаў, са сродкаў наймальнікаў — на 28 686 рублёў 200 дзецям 157 работнікаў. Матэрыяльная дапамога — гэта важна, але дзеці чакаюць чагосьці большага. Таму для выхаванцаў Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна праведзена гульнёва-пазнавальная праграма «Лунцік ідзе ў школу». Падарункі гэтым дзецям падрыхтавалі раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» і работнікі 1-га ваеннага шпіталя. Пярвічныя прафарганізацыі ТЦСАН і УП ЖКГ для дзяцей сваіх работнікаў — членаў прафсаюза арганізавалі экскурсію ў аддзел па надзвычайных сітуацыях, Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства — у рэдакцыю праграмы тэлебачання «Паставы ТБ». Згодна з калектыўнымі дагаворамі малочнага завода і «Паставымэблі», прадугледжана магчымасць для бацькоў правесці свята 1 Верасня разам са сваімі дзецьмі ў школе з захаваннем зарплаты.

Па ўсіх разгледжаных пытаннях на пасяджэнні прэзідыума прыняты адпаведныя пастановы.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.