Лынтупчанка Анна Беседская поделилась, насколько сложно было родить и воспитать пятеро детей

Общество

Няпроста, адказна і радасна

1 верасня на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай пачатку новага навучальнага года, лынтупчанцы Ганне Бяседскай была ўручана найвышэйшая ўзнагарода, якой ўдастойваюцца мнага­дзетныя маці Беларусі, — ордэн Маці. Гэту радасць раз­дзялілі з ёй малодшы сын Арцём і адна з дачушак — Яна. Ганна Францаўна расхвалявалася ад ўвагі раённага кіраўніцтва, добрых слоў адміністрацыі школы, віншаванняў знаёмых. Пазней я пацікавілася ў яе, наколькі складана было нарадзіць і выхаваць пяцёра дзетак.

— Няпроста, адказна і радасна, — усміхнулася жанчына. — Чацвёра ўжо дарослыя. Старэйшыя сыны падарылі нам з мужам трох унучачак. Асобна жывуць і дачушкі. А пры нас толькі чацвёртакласнік Арцём.

Ані было 20, за плячыма медыцынскае вучылішча і два гады адпрацоўкі ў бальніцы ў Рызе, мужу Іосіфу — 21. Такімі маладымі яны стварылі сям’ю. Сумеснае жыццё пачалі з бацькамі Іосіфа. З розніцай у тры гады нарадзіліся сыны Сяргей і Саша. У выхаванні дапамагалі бацькі. Праз 11 гадоў жанчына зацяжарыла зноў. На гэты раз нарадзіліся двайняты — Яна і Віка. Тут ужо памочнікамі сталі старэйшыя сыны. А яшчэ праз такі ж прамежак часу на свет з’явіўся Арцёмка.

Ганна Бяседская з дачкой Янай і сынам Арцёмам

Гады праляцелі імкліва. Цяпер, вярнуўшыся з работы ў Лынтупскай участковай бальніцы, жанчына не можа прывыкнуць да цішыні ў доме. Прысеўшы адпачыць, успамінае, як тут было гаманліва, пакуль дзеці не выпырхнулі з бацькоўскага гнязда. Прызабыўся трывожны час, калі малыя хварэлі, але сэрца ўсё роўна баліць за кожнага.

Сяргей абуладкаваўся ў Смаргоні. У яго  падрастаюць шасцігадовыя дзяўчынкі-двайняткі. Ёсць дачушка і ў Сашы, які жыве ў Паставах і будуе дом у Шырках. Вікторыя працуе памочнікам урача Навасельскай участковай бальніцы Мінскага раёна, а Яна пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны размеркавалася ў адну з гаспадарак Віцебскага раёна.

— На жаль, сабрацца разам усім дзецям удаецца рэдка, — расказвала Ганна Бяседская. — Але не бывае выхадных, калі б хтосьці з іх да нас не наведаўся. Прыяз­джаюць, дапамагаюць.

Выхоўваючы дзяцей, Бяседскія імкнуліся перадаць ім галоўныя жыццёвыя каштоўнасці і найлепшыя сямейныя традыцыі. І самі ў першую чаргу былі для іх прыкладам прыстойных адносін паміж сабой, працавітасці, сціпласці, міласэрнасці. З малых гадоў сыноў і дачок не толькі прыцягвалі на дапамогу па гаспадарцы, на прысядзібным участку, але і вучылі паважлівым адносінам адно да аднаго і іншых, сумленнасці, адказнасці. Таму дзеці выраслі годнымі лю­дзьмі.  А ордэн маці — найвышэйшая адзнака за самую высокую місію на зямлі — мацярынства.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.