Не богатством, а красотой выделяется дом Аллы и Александра Васильевых в д. Голбея

Общество

Праязджаючы па цэнтральнай вясковай вуліцы, немагчыма не звярнуць на яго ўвагу. Невысокая агароджа з металапрофілю не хавае створаную гаспадарамі прыгажосць: пластыкавыя вокны, яркая сінеча шалёўкі, у агародчыку — розныя малыя архітэктурныя формы, дэкаратыўны кустарнік, шмат кветак.

— У Сашы залатыя рукі, — хваліла Ала Эдуардаўна мужа, які працуе вадзіцелем у Варапаеўскай дыстанцыі пуці. — Ён і мэблю ў дом зрабіў, і ў двары чаго толькі ні прыдумаў! Калі я была выхавальнікам Гуцкага дзіцячага сада, дапамагаў мне ў афармленні памяшкання групы, зрабіў дзіцячую кухню, іншыя куткі.

 

У 50-гадовым узросце яна, выхавальнік ад Бога, якая вельмі любіла дзяцей і сваю прафесію, была вымушана пайсці на льготную пенсію, бо патрабаваўся догляд хворай маці (яе не стала 7 гадоў назад). А ў 2020-м пахіснулася і ўласнае здароўе: даў сур’ёзнае ўскладненне кавід. Давялося рабіць аперацыю. Але ўсё роўна займаецца хатнімі справамі, агародам, кветнікамі.

— У многім дапамагае сацыяльны работнік Іна Язёнак, — гаварыла жанчына. — Я вельмі ўдзячная ёй за сардэчнасць і старанне. А як клапоціцца пра мяне, якой любоўю ахінае дачка Насця! Яна жыве з сям’ёй у Варапаеве і часта прыязджае да нас.

 

Сацработніца ўгаварыла Алу Эдуардаўну паўдзельнічаць у конкурсе на найлепшае падвор’е, які сёлета праводзіў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пасля падвядзення вынікаў яе адзначылі граматай ТЦСАН і ўручылі каштоўны падарунак. А шыльда «Дом узорнага парадку» красуецца на сцяне ўжо шмат гадоў. Безумоўна, у гэтым заслуга абаіх гаспадароў.

Ідэальны парадак у Васільевых і дома, дзе таксама шмат кветак. Самыя шыкоўныя — архідэі, якія дзякуючы ўмеламу догляду гаспадыні цвітуць круглы год. А яшчэ яна — выдатны кулінар, пячэ смачныя тарты, булачкі, пірагі, пячэнне. Калі дазваляла здароўе, пякла тарты на заказ. Зараз кулінарыць у асноўным для сям’і. Асабліва прыемна пачаставаць прысмакамі любімых унука і ўнучку.

— Позна вы прыехалі да нас, — шкадавала Ала. — Ужо амаль усе кветкі адцвілі…

Зрабіўшы некалькі кадраў, я папрасіла гаспадароў падзяліцца фотаздымкамі з сямейнага архіва. У гэтыя шэрыя кастрычніцкія дні хоць на фота радуюць фарбы лета…

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.