Работники Поставского лесхоза и волонтеры присоединились к акции «Восстановим леса вместе»

Природа

Лес для нашчадкаў

З 8 па 22 кастрычніка ў краіне праходзіла традыцыйная рэспубліканская акцыя «Адновім лясы разам». Сёлета яна прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Далучыліся да акцыі і работнікі Пастаўскага лясгаса, валанцёры.

У суботу надвор’е выдалася сонечным і цёплым. А якая прыгажосць была ў лесе! Абапал дарогі на Касцяні працавалі работнікі адміністрацыі лясгаса і вучні 9 «А» класа СШ №1 разам з класным кіраўніком Ірынай Новік.

— На месцы планавай высечкі саджанцы сасны пасадзілі вясной, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Але не ўсе яны гарачым летам прыжыліся. Таму цяпер дапаўняем пасадкі: на месцы загінулых дрэўцаў садзім новыя. Увогуле восенню ў лясгасе такую работу правялі амаль на 20 гектарах лесу. Найбольшы аб’ём выканалі работнікі лясніцтваў. Сёння ў акцыю ўключыліся адміністрацыя лясгаса і школьнікі.

Вучні працавалі з добрым настроем. Леснікі Пастаўскага лясніцтва навучылі іх карыстацца мячом Колесава, акуратна прызям­ляць саджанцы, прытоптваць каля іх каранёў глебу. Работа спорылася. Дзецям было дзіўна чуць, што гэты лес яны садзяць для сваіх будучых унукаў, бо працэс складаны і доўгі. Сеюць будучы лес звычайна ў красавіку. У цяпліцы разам з маладымі ўсходамі з’яўляецца пустазелле, таму патрабуецца праполка. У першае лета сеянцы больш нагадваюць хвошч. Сосенкі за год вырастаюць да 15 сантыметраў, елачкі — усяго 5-7. На пастаяннае месца росту высаджваюцца 2-3-гадовыя сеянцы.

Праз 5 гадоў на пасадках высякаюць параснікі бярозы, асіны, якія насейваюцца адвольна, яшчэ праз 5-10 гадоў працэдуру паўтараюць. Калі дрэвы дасягнуць 50-гадовага ўзросту, іх прарэджваюць — праводзяць высечкі догляду. Убачыць уласнаручна пасаджаны лес у максімальнай яго сіле ўдаецца мала каму, бо спеласць елкі і сасны наступае пасля 80 гадоў росту.

У суботу дапаўненне пасадак каля Касцянёў навучэнцы СШ №1 і адміністрацыя лясгаса правялі на плошчы 7,5 гектара.

— Удзячныя ўсім нераўнадушным пастаўчанам, асабліва школьнікам гарадскіх і сельскіх школ, якія былі актыўнымі не толькі ў пасадцы лесу, але і ў навядзенні парадку ў ім. У рамках акцый «Зробім лес чысцейшым за 50 дзён» і «Адновім лясы разам» агульнымі сіламі мы добраўпарадкавалі прыдарожныя палосы, месцы адпачынку, прыбралі несанкцыянаваныя звалкі, — рэзюмаваў Аляксандр Іванькоў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.