Мне заўсёды цікава бываць у гадавальніку Пастаўскага лясгаса. На гэты раз з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандрам Іваньковым адправілася туды, каб пацікавіцца, як працуецца ў ім студатрадаўцам.
— Гадавальнік займае каля 10 гектараў, — расказваў Аляксандр Мікалаевіч. — У ім вырошчваем амаль 50 відаў драўняных і хмызняковых раслін. Усе саджанцы патрабуюць пільнага догляду. Цяпер асноўная задача — праполка і падкормка. На праполцы занятыя чатыры пастаянныя работнікі гадавальніка і два — па дагаворы падраду. Для праполкі міжрадкоўяў выкарыстоўваем мотакультыватар з фрэзай. Але каля саміх саджанцаў трэба палоць рукамі. Аб’ёмы вялікія, і сваімі сіламі справіцца складана. Таму ў апошнія гады запрашаем на дапамогу студатрадаўцаў.
У студатрад «Вікторыя» аб’ядналіся члены БРСМ з гарадскіх школ. Яны задзейнічаны на праполцы саджанцаў дуба.
— Настрой ва ўсіх баявы! — апавядала камандзір атрада Мяланія Сеніна, якая скончыла 9 класаў СШ №4 імя В. Ф. Франтова. — Стараемся палоць чыста. Адны рвуць траву рукамі, іншыя рыхляць глебу матыкамі. Паколькі нам няма 16 гадоў, рабочы дзень доўжыцца ўсяго 4 гадзіны. Пачынаем у 9.00. Той, хто стаміўся, можа адпачыць. Калі дождж, хаваемся ў альтанцы. Работа манатонная, але вельмі важная. Прыемна бачыць чыстыя рады саджанцаў! Дзякуючы працы ў гадавальніку будзем мець уяўленне пра тое, колькі трэба намаганняў, каб з маленькага насення вырасла дрэва.
Студатрадаўцы, зрабіўшы перапынак, жартавалі паміж сабой. А са мной падзяліліся планамі, як патрацяць заробленыя ў гадавальніку грошы. Вікторыя Сварцэвіч прызналася, што купіць за іх падарунак бацьку на юбілейны дзень нараджэння, Раман Налей хоча сабе камп’ютар.
Па словах хлопцаў і дзяўчат, работа ў студатрадзе — гэта шанс «перазагрузіцца», пазнаёміцца з навучэнцамі з іншых школ, навучыцца пунктуальнасці, дысцыпліне, уменню адказна адносіцца да даручанай справы.
З моладдзю ў лясгасе працуе начальнік гадавальніка Аляксей Барысаў. Стараннем памочнікаў ён задаволены.
— Мы неаднаразова размяшчалі аб’яву пра тое, што на перыяд сезонных работ нам патрабуюцца людзі, — расказваў Аляксей Барысаў. — Але ахвотных няма, хоць можна зарабіць нядрэнныя грошы: па дагаворы падраду — ад 1 000 да 1 500 рублёў за месяц.
Развітаўшыся са студатрадаўцамі, з Аляксандрам Іваньковым праехала па тэрыторыі гадавальніка. Сярод асноўных лесаўтваральных парод тут вырошчваюць елку, сасну, дуб, клён, бярозу, ясень, ліпу, вольху чорную. Ёсць і рэдкія — лістоўніца еўрапейская, арэх маньчжурскі. З закрытай каранёвай сістэмай вырошчваюць елку еўрапейскую. Немалая плошча адведзена пад дэкаратыўныя расліны: тую, самшыт, пузыраплоднік, барбарыс, вейгелу, кізільнік, гартэнзію. Пастаўскія лесаводы прымяняюць таксама перадавую тэхналогію Кобрынскага лясгаса і вырошчваюць саджанцы ў спецыяльных скрынях з дошак, што значна спрашчае адзін з самых працаёмкіх працэсаў — праполку.
Анна Анішкевіч

