В 1-м военном госпитале органов пограничной службы РБ состоялось торжественное собрание ко Дню солидарности врачей мира

Здравоохранение

Прызванне — лячыць

У 1971 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя звярнулася ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый з ініцыятывай зацвердзіць Міжнародны дзень урача. З таго часу яго адзначаюць у першы панядзелак кастрычніка і лічаць днём салідарнасці ўсіх урачоў свету.

З гэтай нагоды 3 кастрычніка ў 1-м ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь адбыліся ўрачысты сход і святочны канцэрт. Прысутных павіншавалі са святам начальнік шпіталя Сяргей Півень і яго памочнік — начальнік аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Сяргей Навумчык.

Шпіталь з’яўляецца дыягнастычнай і лячэбна-прафілактычнай установай аховы здароўя, работа якой накіравана на аказанне планавай пярвічнай і спецыялізаванай, а таксама экстраннай і неадкладнай медыцынскай дапамогі пацыентам у стацыянарных і амбулаторных умовах. Тут пастаянна абнаўляецца высокатэхналагічнае абсталяванне, ёсць перасоўныя медыцынскія комплексы. На іх працуюць высокакваліфікаваныя ўрачы. Іх у штаце шпіталя 38. Гэта людзі з вышэйшай медыцынскай адукацыяй і пагонамі на плячах. За год ва ўстанове праводзяць больш за 190 000 дыягнастычных даследаванняў, у стацыянары лечаць амаль 3 500 пацыентаў, на амбулаторна-паліклінічны прыём звяртаюцца каля 35 000 чалавек. У іх ліку і жыхары Пастаўшчыны, якія не маюць ніякага дачынення да пагранічных войскаў.

Аляксандр Карповіч, Сяргей Дзедуноў і Уладзімір Мятліцкі

На першы погляд ваенны шпіталь нічым не адрозніваецца ад звычайнай медустановы. Толькі ў дадатак яго спецыялісты валодаюць спецыфічнымі ведамі ў ваеннай палявой тэрапіі і хірургіі, арганізацыяй тактыкі медслужбы, ведаюць, што такое медыцынская разведка і як лячыць агнястрэльную траўму. Ваенныя медыкі вызначаюцца павышанай адказнасцю і дысцыплінаванасцю. Ім, як і іншым ваеннаслужачым, часта даводзіцца з сям’ёй мяняць месца службы.

У Міжнародны дзень урача вялікая група ўрачоў шпіталя была заахвочана камандаваннем. А начальнік тэрапеўтычнага аддзялення ўрач-тэрапеўт Аляксандр Карповіч узнага­роджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта, начальнік аддзялення анестэзіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Уладзімір Мятліцкі і загадчык аперацыйнага блока ўрач-хірург Сяргей Дзедуноў атрымалі Падзякі старшыні райвыканкама. У кожнага з іх свой шлях у медыцыну, але кожны стаў сапраўдным прафесіяналам абранай справы.

Колькі жыццяў за 28 гадоў работы ў шпіталі выратаваў Сяргей Дзедуноў, ён і сам не можа  падлічыць. Дасканала асвоіў эндаскапічную апаратуру і з яе дапамогай праводзіць міні-інвазіўнае аператыўнае лячэнне пацыентаў. Доктар часта наведвае розныя семінары і практычныя заняткі. У якасці кансультанта яго запрашаюць у іншыя ўстановы аховы здароўя. Сяргея Іванавіча цэняць і паважаюць пацыенты, калегі. За вялікі ўклад у развіццё ваеннай медыцыны ён удастоены ганаровага звання «Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь».

Першую кваліфікацыйную катэгорыю мае Уладзімір Мятліцкі, які валодае сучаснымі метадамі анестэзіялагічнага забеспячэння, прамедыкацыі і перадаперацыйных абследаванняў. Тым не менш ён пастаянна паглыбляе прафесійныя веды. Работа напружаная, але ўрач у любых абставінах умее быць спакойным, разважлівым.

Ініцыятыўным і добрасумленным работнікам зарэкамендаваў сябе за гады службы ў ваенным шпіталі і Аляксандр Карповіч. Ён уважліва слухае пацыентаў, а пры вызначэнні дыягназа ўлічвае кожны сімптом, аператыўна прымае рашэнні. У тэрапіі ўмела выкарыстоўвае навуковыя метады і комплексны падыход. Мае другую кваліфікацыйную катэгорыю. У гэтага ўрача-тэрапеўта вялікі патэнцыял.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.