В Доме ремёсел «Стары млын» открылась выставка поставчан Татьяны Рутковской и Владимира Макаркова

Культура

У сям’і, рабоце, творчасці – тандэм

Палюбавацца кветкамі і морам, узварушыць душу вясковымі краявідамі, пашукаць філасофскі сэнс у арыгінальна аформленых работах і нават убачыць 21 варыянт прарастання беларускай бульбы можна на новай выставе ў Доме рамёстваў «Стары млын», якая адкрылася ў мінулую пятніцу.

Яе аўтары — выкладчыкі Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера, таленавітыя мастакі муж і жонка Таццяна Руткоўская і Уладзімір Макаркоў. У агульнай экспазіцыі яны выставілі некалькі дзясяткаў пейзажаў і нацюрмортаў. Кім створана тая ці іншая карціна, глядач мог лёгка зразумець па колеры нітак, на якіх падвешаны работы. Белыя падказвалі, што аўтар — яна, а чорныя — ён.

Уладзімір Макаркоў і Таццяна Руткоўская падчас адкрыцця выставы

Як супрацьлеглае белае і чорнае, мужчынскае і жаночае, такая ж розная творчасць у мастакоў. Карціны Таццяны — «лёгкія», пяшчотна-рамантычныя, насычаныя яркімі фарбамі. Работы яе мужа — стрыманыя ў колерах, лаканічныя, шматсэнсоўныя, смелыя па задумцы і афармленні. Тым не менш экспазіцыя выглядае гарманічна, бо творцаў аб’ядноўвае любоў да жывапісу і мастацтва ў цэлым.

— Вельмі рада за калег, якія змаглі разам зладзіць такую душэўную выставу, — гаварыла дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера Жанна Курдо. — Прыемна тое, што Таццяна — выпускніца нашай школы. Прайшоўшы шлях ад вучня да настаўніка, яна раскрыла сябе як мастак, творца. Цікава пазнаёміцца з работамі Уладзіміра Макаркова, які ўслед за жонкай пераехаў у Паставы тры гады назад. Разам яны — прыклад паспяховага тандэма ў рабоце, творчасці, сям’і. У іх можна павучыцца на ўсё знаходзіць час. Няхай так будзе і надалей!

У Паставах работы Уладзіміра Макаркова экспануюцца ўпершыню. Да гэтага ў аўтара былі выставы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Хельсінкі, Фрыдрых­схафене, Мінску, Віцебску, Полацку і шэрагу іншых гарадоў. Ён, ураджэнец Аршаншчыны і выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педынстытута, з’яўляецца яркім прадстаўніком сучаснага беларускага мастацтва. Колькі ўвагі ў зале прыцягнуў яго нацюрморт «21 варыянт прарастання беларускай бульбы»! Гледачы актыўна абмяркоўвалі і іншыя карціны экспазіцыі. Пазнаёміцца з ёй у «Старым млыне» можна на працягу ўсяго кастрычніка.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.