За все благодарит Бога. 20 октября поставчанка Чеслава Петровна Масловская встретит свое 90-летие

Общество

За ўсё дзякуе Богу

Сёння пастаўчанка Часлава Пятроўна Маслоўская сустрэне сваё 90-годдзе.

Яна ўстала, як заўсёды, рана і пачала збірацца ў касцёл. «Колькі ўбораў! Калі і знашу?» — у каторы раз падумала, выбіраючы, у што апрануцца. Заўсёды мела прыгожыя рэчы, нават у тыя часы, калі ў краіне на ўсё быў дэфіцыт. Сваімі залатымі рукамі абшывала ўсю сям’ю. І не толькі. Да таленавітай швачкі ішлі пастаўскія модніцы. Нярэдка і па начах даво­дзілася шчыраваць дома над тэрміновымі заказамі.

А працавала Часлава ў швейным ­атэлье «Ваенгандлю».

— 33 гады ў адным калектыве, — успамінала той час. — Нават дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яшчэ 5 гадоў працавала там. Мяне цанілі. Атрымлівала граматы, падзякі, грашовыя прэміі, мой фотаздымак вісеў на Дошцы гонару, а імя двойчы заносілі ў Кнігу славы прадпрыемства.

Яна з дзяцінства была руплівіцай. Расказвала, як дзяўчынкай пракос у пракос ішла з бацькам на касьбе, а з маці зграбала сена і грузіла ў воз. Калі бацькі сталі будаваць дом, і ў гэтым дапамагала ім — насіла пясок, мясіла гліну, габлявала дошкі. І вось у іх Навасёлках-1 арганізавалі калгас. Чаславу, зусім маладую дзяўчыну, прызначылі загадваць фермай. Маладога, актыўнага спецыяліста запрыкмеціў агент па нарыхтоўках малака і мяса Рыгор Маслоўскі. Пакахалі адно аднаго, стварылі сям’ю і пражылі ў каханні і згодзе 56 гадоў. На працягу амаль 30 з іх Рыгор Міхайлавіч працаваў начальнікам пажарнай часці. 12 гадоў таму яго не стала. Дзеці забралі б маці да сябе, ды хіба яна паедзе?

— Пакуль магу — нікуды са свайго дома, — казала мне. — Я яшчэ і ў пакоях прыбяру, і агароды, курачак дагле­джу, і сваім садам, кветкамі пацешуся, і ў касцёл схаджу. А хто, акрамя мяне, наведаецца на магілы родных, запаліць свечкі, памоліцца за спачын іх душ? У бацькоў я была адна і родных не маю, але да мяне вельмі хінуцца мужавы пляменнікі. Валодзя Кугара возіць на сваёй машыне на могілкі, Таня Цітова і Валя Моціна (яны, да таго ж, мае хрэсніцы) купляюць прадукты, а то і без прычыны наведваюцца. Я нават сацработніцы не маю, бо яна мне не патрэбная.

Шчаслівыя тыя бацькі, у чыіх дзяцей шчасліва складваецца лёс. Пятроўна не проста радуецца, а ганарыцца сваімі дзецьмі, дзвюма ўнучкамі, трыма праўнукамі. Сын Мікалай — кандыдат гістарычных навук, палкоўнік у адстаўцы, выкладаў у ваеннай акадэміі. Зараз на пенсіі, жыве ў Маскве. Дачка Аня — дырэктар музея ў Навашыне Ніжагародскай вобласці. Нягледзячы на тое, што геаграфічна дзеці далёка, сэрцам і думкамі яны заўсёды разам з маці, а віртуальна, па скайпе, выхо­дзяць на сувязь з ёй штодня. Пры кожнай магчымасці прыязджаюць, абуладкоўваюць дом. Напрыклад, памянялі вокны, дзверы, зрабілі рамонт.

— Дзякую Богу за сваё доўгае і шчаслівае жыццё, — гаварыла Часлава Пятроўна. — За ўдалых дзяцей і ўнучак, праўнукаў, клапатлівых пляменнікаў, добрых суседзяў. А што да юбілею, то адзначаць яго будзем у суботу ў рэстаране. Такі падарунак робяць мне сын і дачка, якія абавязкова прыедуць.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.