День участкового инспектора милиции. В отделе охраны правопорядка и профилактики Поставского РОВД работает 21 человек

Безопасность

Стараюцца якасна выконваць задачы

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць участковыя інспектары міліцыі. Гэта служба была ўтворана амаль 100 гадоў назад — 17 лістапада 1923-га — і з таго часу з’яўляецца адной з найважнейшых у органах унутраных спраў.

У Пастаўскім РАУС аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі — самы вялікі з усіх падраз­дзяленняў. У яго штаце 21 чалавек: 4 прадстаўнікі інспектарскага складу (начальнік ААПП, яго намеснік, старшы інспектар аддзела і старшы інспектар па дазвольнай рабоце) і 17 участковых. Яны забяспечваюць бяспеку грамадзян і ахоўваюць грамадскі парадак на ўсёй тэрыторыі Пастаўшчыны, якая падзелена на 17 адміністрацыйных участкаў. 7 з іх знаходзяцца ў горадзе, 10 — у раёне.

Дзмітрый Салагуб і яго намеснік Яўгеній Малікаў узгадняюць пастанову, вынесеную ўчастковым інспектарам

У абавязкі ўчастковых інспектараў міліцыі ўвахо­дзіць выяўленне правапарушэнняў на замацаваных за імі тэрыторыях, кантроль за раней асуджанымі асобамі і тымі, хто знахо­дзіцца на прафілактычным уліку ў ААПП, правядзенне выязных камісій, саветаў прафілактыкі і іншых падобных мерапрыемстваў, работа з нядобранадзейнымі сем’ямі, абмежаванне грамадзян у дзеяздольнасці, накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый, раскрыццё злачынстваў на ўчастку… Плюс афармленне розных пратаколаў, аглядаў, актаў і г.д. Акрамя таго, кожную сераду ўчастковыя ажыццяўляюць прыём грамадзян. У сельскіх населеных пунктах — з 10 да 13 гадзін у адміністрацыйных будынках сельскіх Саветаў, дзе знаходзяцца іх службовыя кабінеты. У горадзе — з 17 да 20 гадзін у будынку РАУС. Адным словам, аб’ём работы ў прадстаўнікоў гэтай службы вельмі вялікі, шмат напрамкаў дзейнасці.

— У нас ненарміраваны рабочы дзень, часта даводзіцца затрымлівацца на службе дапазна, — расказваў пра яе асаблівасці начальнік ААПП Дзмітрый Салагуб. — У будныя дні інспектары працуюць у асноўным у дзённую змену, у выхадныя і перадвыхадныя — большасць у вячэрнюю. Тады яны спачатку выязджаюць у сельскія населеныя пункты і правяраюць падуліковых асоб, а бліжэй к апоўначы збіраюцца ў Паставах і ахоўваюць грамадскі парадак у барах, кафэ, іншых месцах масавага адпачынку гараджан.

Па словах кіраўніка падраздзялення, яго падначаленыя стараюцца якасна выконваць пастаўленыя перад імі задачы, пра што сведчаць паказчыкі аператыўна-службовай дзейнасці. Сёлета ў параўнанні з мінулым годам знізіўся ўзровень злачыннасці ў сельскай мясцовасці і грамадскіх месцах. Калі летась «на сяле» было здзейснена 92 злачынствы, то за 9 месяцаў гэтага года — 77, у грамадскіх месцах — адпаведна 26 і 19. Менш зарэгістравана ў раёне і крадзяжоў — 167 супраць 212. Пакуль няма выпадкаў забойстваў і наўмыснага прычынення цялесных пашкоджанняў. У той жа час з 34 да 46 выпадкаў вырасла так званая п’яная злачын­насць. Калі летась участковыя накіравалі ў ЛПП 25 грамадзян, то сёлета — ужо 23. Таксама яны выявілі больш прыкладна на 50 правапарушэнняў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.