Юлия Ракель приняла участие в передаче «Мировое утро» на радио «Мир» и поделилась впечатлениями

Общество

Пабывала ў эфіры на «Мире»

Пра пастаўчанку Юлію Ракель, якая шые інтэр’ерныя лялькі, «ПК» пісаў напярэдадні Новага, 2022, года. Тады, убачыўшы ў Instagram яе работы, нам захацелася расказаць пра таленавітую дзяўчыну ўсім жыхарам раёна. Прайшло не так шмат часу, і з’явілася новая нагода для сустрэчы: нядаўна Юлія прыняла ўдзел у перадачы «Мировое утро» на радыё «Мир», а затым запіс гэтай перадачы выйшаў у эфір тэлеканала «Мир-24».

Як і мы, радыёжурналісты знайшлі дзяўчыну праз Instagram, зацікавіўшыся неверагодна мілымі, сімпатычнымі лялькамі. Адправілі паведамленне з запрашэннем прыехаць на радыёстанцыю і просьбай пакінуць у выпадку згоды свой нумар тэлефона. Пазней, сазваніўшыся, сказалі, што гэта будзе прамы эфір з вяшчаннем не толькі ў Беларусі, але і на краіны блізкага замежжа. Абгаварылі, пра што хацелі б пачуць, і папрасілі прывезці некалькі гатовых работ і матэрыялы для іх выканання.

— Да эфіру я не рыхтавалася і не хвалявалася, знахо­дзячыся ў студыі, — расказвала пра свае ўражанні ад удзелу ў радыёперадачы Юлія. — Камеры не баюся, з дзяцінства прывыкла выступаць на публіцы. У перадачы лёгкі фармат — ранішняе шоу, вельмі прыемныя, кампанейскія вядучыя. З імі было лёгка размаўляць, проста адказваць на пытанні, з чаго і як ствараю лялькі, бо я гэтым жыву і атрымліваю максімум задавальнення ад сваёй работы. Так, цяпер гэта мая афіцыйная работа: сёлета я зарэгістравалася ў якасці рамесніка.

Гутарка ў студыі доўжылася каля 30 хвілін. Пасля радыёэфіру вядучыя прапанавалі пастаўчанцы сфатаграфавацца на памяць, а яна ў адказ падарыла ім адну са сваіх лялек. На наступны дзень усе родныя і знаёмыя з нецярпеннем чакалі выхаду «Мирового утра» ў тэлевізійным эфіры і, убачыўшы Юлію на экране, радаваліся больш, чым яна сама.

— Удзел у перадачы — гэта цікавы вопыт і прарыў для мяне, — кажа дзяўчына. — Прафесійна рамесніцтвам я займаюся ўсяго год, і тое, што мяне заўважылі і запрасілі ў студыю, сведчыць пра правільнасць абранага мной шляху. Што змянілася з таго часу? Значна, чалавек на 400, вырасла колькасць падпісчыкаў у Instagram. Цяпер іх больш за 3 000. З’явілася шмат заказаў як ад жыхароў Беларусі, так і ад расіян. Заказчыкі прапануюць цікавыя ідэі для будучых работ.

Юлія Ракель часта ўдзельнічае ў дабрачынных кірмашах, якія арганізуюць валанцёры з мэтай сабраць грошы на лячэнне хворых дзяцей. Калі тыя звязваюцца з ёй, без шкадавання аддае свае лялькі і ніколі не пытаецца потым, колькі з іх і на якую суму ўдалося прадаць. Яе работы не толькі дораць іншым радасць, але і дапамагаюць ратаваць жыцці.

Алена Шапавалава
Фота даслала Юлія Ракель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.