На заседании Координационного совета заслушивался ряд семей, в которых дети находятся в социально опасном положении

Общество

Ці пачулі, бацькі?

Сёлета ў нашай краіне з 14 па 21 кастрычніка праходзіў тыдзень бацькоўскай любові. На працягу яго ў дзіцячых садках і школах, установах культуры адбылося шмат урачыстасцей, на якіх праслаўлялася найвышэйшае прызначэнне жанчыны і мужчыны — быць бацькамі.

І якім жа дысанансам святочнай узнёсласці было ўсё тое, што прагучала на чарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета, які праходзіў якраз у тыя дні! На ім заслухоўваўся шэраг сем’яў, у якіх дзеці знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС).

Некаторыя думаюць, што сапраўднымі бацькамі можна стаць, вывучыўшы спецыяльную літаратуру або авалодаўшы асаблівымі метадамі выхавання і што ніколі не позна выправіць памылкі. Але гэта далёка не так. Бацькоўская любоў — крыніца і гарантыя дабрабыту чалавека, падтрымка цялеснага і душэўнага здароўя. Менавіта таму асноўнай задачай бацькоў з’яўляецца стварэнне для дзіцяці ўпэўненасці ў тым, што яго любяць і пра яго клапоцяцца.

А пра якую ўпэўненасць можна гаварыць у дачыненні да трох дзяцей, якія выхоўваюцца ў сям’і жыхаркі райцэнтра М.? Іх маці больш за тры тыдні адсутнічала дома, не выходзіла на тэлефонную сувязь, ніхто з родных не ведаў, дзе яна. Жанчыну звольнілі з работы. Нарэшце ў 2 гадзіны ночы з’явілася ў нецвярозым стане…

Запэўніванням М. у тым, што яна будзе належным чынам клапаціцца пра дзяцей, мала веры, бо яна і раней абяцала такое і не стрымала слова. Зараз у яе застаўся апошні шанс. Калі на працягу месяца пасля пасяджэння каардынацыйнага савета не зменіць сваіх паводзін, дзеці будуць перададзены на выхаванне бацьку. Ён згодны забраць іх. Дарэчы, кватэра, у якой жанчына жыве з дзецьмі, належыць яе былому мужу.

Не адчуваюць упэўненасці і дзеці К. з в. Парыж. Жанчына злоўжывае алкаголем і з гэтай прычыны не можа належным чынам выконваць мацярынскія абавязкі. Яе старэйшая дачка вучыцца ў каледжы, а сын ходзіць у 4 клас. Зараз ён жыве з татам, паколькі маці пакінула сям’ю і пайшла жыць да іншага мужчыны. Ёсць прэтэнзіі і да бацькі, але зараз ён імкнецца скарыстацца апошнім шансам і прымае меры да таго, каб не страціць права на сына. Толькі ці атрымаецца гэта?

На жаль, некаторыя жанчыны аддаюць перавагу не родным дзецям, а сужыцелям. З іх ліку і грамадзянка В. з Ярэва. Раней у яе быў адзін сужыцель, зараз — другі. Калі ён цвярозы, усё нібыта і добра, а «пад градусам» становіцца вельмі агрэсіўным. Тады ў доме разгараецца скандал, а ў сям’і — двое непаўналетніх дзяцей. Пра які іх спакой можна гаварыць?

Не могуць знайсці агульную мову А. і Г. з Пастаў — бацькі дзвюх дзяўчынак-школьніц. Абое любяць выпіць, а ў нецвярозым стане раўнуюць адно другога, скандаляць. Тое ж самае адбывалася і ў мнагадзетнай сям’і Ш. і Л. Падчас аднаго са скандалаў старэйшы сын нават выклікаў на бацькоў міліцыю. На жаль, такія факты не адзінкавыя.

У пастаўчан Х. аднойчы ўжо забіралі ў прытулак траіх дзяцей. Аднак стрэс падзейнічаў на бацькоў толькі часова. Прайшоў некаторы час пасля вяртання малых у сям’ю, і бацькі зноў прыняліся за старое — піць…

Што ні сям’я, то драма для дзяцей. Многія з іх аб­дзеленыя не толькі любоўю, але і элементарнымі бытавымі ўмовамі. Таму праз усё пасяджэнне каардынацыйнага савета рэфрэнам гучалі словы яго старшыні Станіслава Чымбурга і намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марыны Нагановіч: «Бацькі, ці пачулі вы нас? Ці дастукаліся мы да вашага сумлення? Ці ўсвядомілі нарэшце, што можаце страціць самае дарагое — дзяцей?»

Абнадзейвае, што на гэтым жа пасяджэнні каардынацыйны савет прыняў рашэнні і аб зняцці некаторых сем’яў з уліку. А за 9 месяцаў адменена сацыяльна небяспечнае становішча ў адносінах да 105 дзяцей з 26 сем’яў. Гэта сведчыць пра тое, што пастаянны кантроль за імі суб’ектаў прафілактыкі ўсё-такі дае свой плён.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.