Жуткая, но проницательная история о человеке, расстрелянном в годы Великой Отечественной войны в кашицком лесу

Важное История

Лес і лёс

Чытач «Пастаўскага краю» расказала жудасную, але праніклівую гісторыю пра чалавека, расстралянага ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў кашыцкім лесе.

У чэрвені 2022 года ў «Пастаў­скім краі» выйшаў артыкул «Маршрут смерці». У ім апавядалася пра тое, што праз 80 гадоў удалося раскрыць новыя страшныя факты пра расстрэл мірных жыхароў у кашыцкім лесе ў 1942—1943 гг. Раней лічылася, што там пахавана 39 грамадзян, забітых фашыстамі. Аднак настаўнік гісторыі і кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Пастаўскай гімназіі Аляксандр Кузняцоў і яго вучаніца Анастасія Карпушава ўстанавілі, што там ля­жаць астанкі як мінімум 200 чалавек: беларусаў, рускіх, яўрэяў, цыган.

Адкрыць гэтыя страшныя факты дапамаглі алічбаваныя архіўныя дакументы, перада­дзеныя з фондаў Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі ў занальны дзяржаўны архіў у Глыбокім. У іх захаваліся сведчанні жыхароў Кашыц пра тое, што толькі ў лютым 1942 года гітлераўцамі ў лесе каля вёскі былі расстраляны 2 групы савецкіх грамадзян: 30 жанчын і 25 мужчын. Таксама яны расказвалі пра сістэматычныя расстрэлы жыхароў горада і навакольных вёсак групамі па 3-4 чалавекі.

Фота Іны Сняжковай. 2019 год

Аляксандр Кузняцоў і Анастасія Карпушава таксама ўстанавілі 8 новых імёнаў расстраляных у кашыцкім лесе лю­дзей.  Сярод іх значыцца Ананій Дзіковіч. Меркавалася, што ён пахаваны ў агульнай магіле на тым месцы, дзе сёння стаіць помнік ахвярам тых страшных падзей. Аднак з’явіліся іншыя звесткі…

Нядаўна ў рэдакцыю даслала ліст жыхарка Лынтуп Сафія Курціна. Яна напісала, што з-за пэўных абставін не змагла адгукнуцца на артыкул адразу. Але зберагла яго і дзеліцца вядомай ёй інфармацыяй цяпер.

Сафія Аляксандраўна напісала:

«У 1973 годзе я з сям’ёй жыла ў двухкватэрным доме ў Камаях. У ім жа пражывала сям’я Касарэўскіх — Канстанцін Валяр’янавіч і Ія Ананьеўна. Яны гадавалі ўнучка Борку. Яму было 2 гады — столькі ж, колькі і маёй дачцэ.

 Вясной да Касарэўскіх прыехала маці Іі Ананьеўны — Боркіна прабабуля. Імя яе не запомніла. Памятаю толькі, што была худзенькая, з белымі валасамі. Мы разам часта праводзілі час з дзецьмі. Яна расказвала пра сваё жыццё, пра вайну. І пра расстрэл у кашыцкім лесе.

Яе муж Ананій Дзіковіч знахо­дзіўся ў засценках гета ў Паставах (з якой прычыны, таксама не памятаю). Ён быў вельмі добрым чалавекам і выдатным сем’янінам. Калі яго арыштавалі, жанчына актыўна шукала знаёмых, якія маглі б дапамагчы яго вызваліць. І знайшла. Там служыў знаёмы паліцай, і яна ездзіла да яго з гасцінцамі, упрошвала дапамагчы. Паліцай абяцаў. Але сустрэча з мужам, на жаль, так і не адбылася.

Праз пару дзён пасля аднаго з візітаў да паліцая жанчына пачула ноччу стрэлы з боку кашыцкага лесу: бядуючы па мужу, яна амаль не спала. Што там забівалі людзей, ведала і раней, часта чула страляніну. Але ў тую ноч сэрца жанчыны так і ёкнула ад прадчування бяды. Як толькі стала віднець, яна ўжо была ў кашыцкім лесе. Знайшла таго знаёмага паліцая. Ён пацвердзіў, што Ананія Дзіковіча забілі, дапамагчы яго выратаваць не ўдалося.

 Паліцай дазволіў паглядзець месца расстрэлу. У яме было шмат трупаў, ледзь прысыпаных зямлёй. Жанчына па вопратцы адразу апазнала мужа – ён быў апрануты ў клетчатую куртку. Можна толькі ўявіць, што яна адчула ў гэты момант.

 Жанчына выпрасіла дазвол ад паліцая забраць цела мужа і пахаваць яго на вясковых могілках. Па дапамогу пайшла ў сваю вёску, потым — у найбліжэйшыя. Абышла амаль усе хаты, але безвынікова. Мужчын у вёсцы не было: усе знаходзіліся ў войску альбо ў партызанах, жанчыны ісці ў лес баяліся. Але ўсё ж знайшлася смелая бежанка з Расіі. Разам ноччу яны забралі на кані цела Ананія Дзіковіча і пахавалі яго на мясцовых могілках. На якіх, на жаль, не памятаю. І дзе жылі Дзіковічы — таксама.

Тая мая сустрэча ў Камаях мяне вельмі ўразіла. І хоць яна была ўжо пяцьдзясят гадоў назад, запомніла яе на ўсё жыццё і часта расказвала знаёмым. І вельмі хацелася напісаць у газету гэтыя ўспаміны, яны могуць быць карыснымі для ўсіх, хто шукае звесткі пра трагедыю ў кашыцкім лесе».

Але хіба толькі для краязнаўцаў важны гэты аповед Сафіі Курціной? Ён нагадвае ўсім нам пра тое, колькі нявінных людзей забрала вайна, колькі зруйнавала лёсаў і колькі гора прынесла тым, хто застаўся жывым. А таксама пра тое, што ў памяці нашчадкаў пераможцаў ніводная ахвяра той вайны загінуць не павінна…

Падрыхтавала Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.