Почему рентген-кабинет поликлиники ЦРБ по графику? Можно ли вернуть прежний график работы?

Важное Здравоохранение

Нядаўна ў рэдакцыю «ПК» звярнулася адна з нашых чытачак, якую не задавальняе графік работы рэнтген-кабінета паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы. «Мне 72 гады, — гаварыла жанчына. — Даволі часта звяртаюся ў паліклініку. Нярэдка ўрачы накіроўваюць на рэнтген. Раней зрабіць яго можна было ў любы час па жывой чарзе. Цяпер жа трэба сядзець пад кабінетам і чакаць, калі пачнуць «фатаграфа­ваць» пэўную частку цела, нават калі чаргі няма. Гэта вельмі нязручна, асабліва для сельскіх жыхароў: не ўсе з іх пасля прыёму ўрача паспяваюць зрабіць здымак да адпраўлення аўтобуса дадому. Даводзіцца ехаць у Паставы зноў… Няўжо нельга вярнуць ранейшы графік работы?»

Пытанне мы адрасавалі кіраўніцтву Пастаўскай ЦРБ. Вось што адказаў галоўны ўрач Аляксандр Сварцэвіч:

— Сёння ў паліклініцы райбальніцы маюцца два рэнтгенаўскія апараты, якія наша ўстанова атрымала па лініі Міністэрства аховы здароўя ў 2018 і 2019 гадах: дэнтальны для рэнтгенаграфіі зубоў і стандартны для выканання даследаванняў касцявой сістэмы, органаў грудной і брушной поласцяў. Абодва ўстаноўлены ў адным кабінеце, дзе праведзены рамонт і ўжо былі абсталяваныя месцы рэнтгенолага і рэнтген-лабаранта. Апараты падключаны да розных электрычных ліній, але ўклю­чаць іх разам нельга. Згодна з санітарнымі правіламі і нормамі, падаваць аноднае напружанне можна толькі на адзін апарат, другі ў гэты час павінен быць выключаны. Акрамя таго, рэнтген-лабарант не можа абслугоўваць некалькі рэнтгенаўскіх апаратаў, якія адначасова працуюць.

Устанавіць рэнтгенаўскія апараты ў розных кабінетах у райбальніцы няма магчымасці з-за адсутнасці свабодных памяшканняў і фінансавых сродкаў для іх абсталявання.

Зыходзячы са сказанага вышэй, прыйшлося скарэкціраваць графік работы рэнтген-кабінета. Ён наступны. З 8.30 да 10.00 мы вядзём прыём пацыентаў на рэнтгенаграфію ніжняй сківіцы і даследаванне касцей, суставаў, органаў грудной і брушной поласцяў. Затым да 11.30 робім толькі здымкі зубоў. А потым зноў пачынаем прымаць пацыентаў з накіраваннем на даследаванне ніжняй сківіцы, касцей, суставаў, грудной і брушной поласцяў і праводзім яго да 15.30 з тэхнічным перапынкам з 13.00 да 13.30. Ну а ў канцы рабочага дня яшчэ гадзіну (з 15.30 да 16.30) робім рэнтгенаграфію зубоў.

Пры ўзнікненні вострай сітуацыі, калі пацыенту тэрмінова трэба зрабіць здымак, ён можа звярнуцца ў рэнтген-кабінет у прыёмным пакоі стацыянара райбальніцы, які працуе з 8.00 да 13.30, або ў кабінет флюараграфіі.

Падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.