35-летие со дня основания отметил музей боевой и трудовой славы СШ №2 им. Н.М. Осененко

Образование

Як сцяг гераізму і патрыятызму

35-годдзе з дня заснавання адзначыў музей баявой і працоўнай славы СШ №2 імя Н. М. Асяненкі

З гэтай нагоды ва ўстанове адукацыі ў мінулую суботу адбылася ўрачыстасць. Акрамя гаспадароў, на яе прыйшлі госці: ветэраны працы і Узброеных Сіл, краяведы, сябры музея, былыя экскурсаводы. Кожны — з невялічкім падарункам. А найлепшыя падарункі для музея — экспанаты, незалежна ад таго, што гэта: кніга, фотаздымак або якая-небудзь іншая рэч. Уражвае лічба: у школьным музеі сабрана больш за 8 тысяч экспанатаў. Яны ўвайшлі ў 13 раздзелаў: «Пастаўшчына з сакавіка 1921 года па верасень 1939-га», «Акупацыйны рэжым на Пастаўшчыне. Дзеці вайны», «Аперацыя «Баграціён. Перамога», «Воіны-інтэрнацыяналісты» і іншыя. Праве­дзены сотні экскурсій, амаль цалкам запоўнена падзякамі наведвальнікаў музея другая таўшчэзная кніга водзываў.

Ідэя стварэння музея зарадзілася ў кіраўніцтва школы яшчэ ў 1984 годзе  (дырэктарам у той час быў Віктар Крэскіян). Тады і пачаўся збор матэрыялаў, які актыўна вялі настаўнікі і вучні. Паралельна падбіралі памяшканне (пад музей адвялі памяшканне класа) і абуладкоўвалі яго. А ўрачыста музей адкрылі 4 лістапада 1987 года, прымеркаваўшы гэту падзею да 70-й гадавіны Вялікага Кастрычніка. Стужку на ўваходзе перарэзаў ветэран Вялікай Айчыннай, бацька настаўніцы гэтай школы, а па сумяшчальніцтве кіраўніка музея Рэгіны Ластоўскай.

І сёння Рэгіна Норбертаўна — незаменная яго гаспадыня. «Не ўяўляю жыцця без музея і аддаю яму вялікую частку свайго жыцця, — прызнаецца актывістка. — Гэта месца вельмі дарагое для мяне. Патрыятызм у маёй крыві, і я імкнуся выхаваць у такім жа духу падрастаючае пакаленне. Падрыхтавала не адну сотню экскурсаводаў. Радуюся, калі бачу, як зацікаўлена вучні вывучаюць гісторыю Пастаўшчыны і Беларусі, наколькі старанна рыхтуюць экскурсіі і адказна праводзяць іх». Вось на свяце цікава атрымаўся відэаэкскурс у гісторыю музея, урачыста — прыём у піянеры.

Радасць, гонар, хваляванне перапаўнялі кіраўніка музея і падчас урачыстасці. Шмат удзячных слоў у яе адрас прагучала ад гасцей: Чаславы Мацур (дарэчы, яна ў ліку іншых стаяла ля вытокаў стварэння музея), Уладзіміра Скоўпеня, Валерыя Лушчыка, Аляксандра Кузняцова, Уладзі­слава Лапушынскага, дырэктара школы Наталлі Кісялёвай, колішніх экскурсаводаў Анжэлы Ткач і Аліны Багданёнак. Завяршылася ўрачыстасць кранальнай песняй пра Беларусь у выкананні самай юнай яго ўдзельніцы — другакласніцы Маі Трушкінай.

Не акцэнтую ўвагу чытачоў на дзейнасці музея. Пра гэта дастаткова поўна і рэгулярна расказвала на старонках раёнкі яго кіраўнік Рэгіна Ластоўская. Але ўзгадаю адзін факт: сёлета ў музей прыязджала здымачная група тэлеканала «Мір», якая рыхтуе дакументальны фільм пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і пра нашу зямлячку Ганну Маслоўскую. Хіба гэта не пацвярджэнне яго гістарычнай значнасці ? І цалкам пагаджуся са словамі Аляксандра Кузняцова, якія прагучалі на ўрачыстасці: «Школьны музей з годнасцю нясе сцяг патрыятызму і гераічнага мінулага Пастаўшчыны і краіны».

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.