36 учащихся представят Поставский район на областном этапе республиканской олимпиады по учебным предметам

Образование

Як ніколі вялікая каманда будзе абараняць гонар Пастаўскага раёна на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Сёлета ў яе ўвайшлі ажно 36 навучэнцаў. Пуцёўкі «на вобласць» яны атрымалі па выніках удзелу ў раённым этапе гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва. Сёлета ён праходзіў у перыяд асенніх канікулаў у школьнікаў, з 31 кастрычніка па 4 лістапада. Свае веды па 15 прадметах дэманстравалі 355 навучэнцаў з усіх школ раёна, гімназіі і Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, якія заваявалі 149 дыпломаў: 35 — І ступені, 50 — ІІ ступені і 64 — ІІІ ступені. Найбольшая колькасць узнагарод, 37, на рахунку школьнікаў СШ №1. 29 дыпломаў у прадстаўнікоў гімназіі, 23 — Варапаеўскай СШ, 22 — СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, 17 — СШ №4.

Як заўсёды, многія школьнікі ўдзельнічалі ў алімпіядзе адразу па некалькіх прадметах і сталі прызёрамі. Так, 15 чалавек адзначаны па дзвюх вучэбных дысцыплінах, 5 — па трох. А 9-класніца СШ №1 Маргарыта Януш атрымала дыпломы ажно па чатырох прадметах: фізіцы, інфарматыцы, матэматыцы і астраноміі.

Стопрацэнтны вынік прадэманстравалі навучэнцы Ліліі Брэскай з Варапаеўскай СШ (7 алімпіяднікаў — 7 дыпломаў), Святланы Трубач з СШ №1 (4 алімпіяднікі — 4 дыпломы), яе калегі па школе Галіны Іжмайловіч, Алены Мачанскай з СШ №2 і Алены Пяткевіч з гімназіі (у іх па трое алімпіяднікаў і столькі ж дыпломаў). У Аляксандра Гарнага з Варапаеўскай сярэдняй школы прызёрамі сталі 9 з 10 навучэнцаў, у Жанны Вайцяховіч з СШ №1 — 7 з 9-ці.

На абласны этап алімпіяды запрошаны школьнікі з 9 агульнаадукацыйных устаноў, якія будуць змагацца з равеснікамі з іншых раёнаў Віцебшчыны па 9 прадметах. Самая вялікая дружына, з 14 чалавек, адправіцца на спаборніцтвы з Варапаеўскай СШ. Пяцёра навучэнцаў прадставяць СШ №1, чацвёра — гімназію, па трое — СШ №2 і №3, па двое — СШ №4, Камайскую і Лынтупскую сярэднія школы, адзін — Дунілавіцкую СШ.

Больш за ўсё ў зборнай камандзе знатакоў геаграфіі. Іх 11 чалавек, сярод якіх 8 навучэнцаў Аляксандра Гарнага. 6 школьнікаў пазмагаюцца за ўзнагароды па беларускай мове і літаратуры, 5 — па гісторыі, 4 — па працоўным навучанні, 3 — па грамадазнаўстве, столькі ж па фізічнай культуры і здароўі, 2 — па фізіцы, па 1 — па хіміі і рускай мове і літаратуры.

На працягу шэрага гадоў па колькасці і якасці дыпломаў, заваяваных на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, нашы школьнікі становяцца першымі ці займаюць 2-е месца сярод сельскіх раёнаў Віцебшчыны. Сёлета яны маюць выдатныя шанцы не толькі абысці сваіх даўніх сапернікаў з Глыбоцкага раёна, але і пасапернічаць з камандамі з Полацка, Наваполацка і Оршы.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.