Ремонт в СШ №1 г.Поставы выходит на финишную прямую. Что изменилось в школе?

Важное Образование

Выходзяць на фінішную прамую

18 лістапада 2020 года пачаўся капітальны рамонт галоўнага будынка пастаўскай СШ №1. Мы ўжо расказвалі на старонках газеты, што ў канцы 2018 года школа ўвайшла ў праект «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь», для рэалізацыі якога Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця выдзеліў навучальнай установе пазыку ў 740 тысяч еўра.

На першы погляд, выдзеленая сума вялікая. Але яе недастаткова, каб капітальна адрамантаваць усю школу. Таму зараз работа кіпіць на першым і другім паверхах. Трэці чакае наступнай чаргі рамонту, тэрміны якога пакуль не вызначаны. Падрадчыкам з’яўляецца вытворчае рамонтна-будаўнічае прадпрыемства ТАА «Дэльта» з Віцебска. Субпадрадчыкам — наш ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі».

У школе я пабывала на мінулым тыдні разам з яе былым дырэктарам, а зараз начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Паўлам Травам, які наведваецца ў родныя пенаты практычна штодня. Ледзь толькі пераступіла парог хола — адразу кінуліся ў вочы канарэечныя жоўтыя калоны на фоне беласнежнай столі і пафарбаванай у прыемны шэры колер сцяны, уздоўж якой былі гардэробы.

Ідзе рамонт на другім паверсе школы

— А як вам вось гэта сцяна? — спытаў Павел Юр’евіч у адказ на маё здзіўленне і захапленне і ўказаў насупраць, на пафарбаваную ў сакавіты аранжавы колер. — Хадзем на другі паверх, — прапанаваў ён следам. — Там таксама ёсць на што паглядзець.

І сапраўды ёсць. Аранжавыя і малінавыя сцены ў калідорах, жоўтыя — у класах. Іх «ураўнаважваюць» спакойныя шэрыя. Прызнацца, такога буйства фарбаў я не чакала ўбачыць, пра што не прамінула сказаць.

— Каляровая гама — выбар адміністрацыі СШ №1, — патлумачыў начальнік аддзела па адукацыі. — Дырэктар і яго намеснікі перагледзелі ў інтэрнэце розныя варыянты афармлення інтэр’ера і вырашылі зрабіць школу яркай. Так цяпер фарбуюць амаль усе навучальныя ўстановы, якія ўводзяць у строй. Думаю, вучням спадабаецца.

Абавязкова! І не толькі ім, але і настаўнікам, якія будуць тут працаваць. Ну а вярнуцца ў абноўленую школу вучні і педагогі змогуць у пачатку чацвёртай чвэрці.

Сёння рамонтныя работы выходзяць на фінішную прамую. Ужо заменены на пластыкавыя ўсе старыя драўляныя вокны, зроблены капітальны рамонт даху над аднапавярховай часткай будынка (рабочыя знялі стары руберойд, зрабілі новы парапет і паклалі новае дахавае пакрыццё). Таксама заменены ўнутраная сістэма халоднага і гарачага водазабеспячэння і каналізацыя, у тым ліку ў туалетах на трэцім паверсе, дзе да таго ж устаноўлена новая сантэхніка. Амаль ва ўсіх памяшканнях першага і другога паверхаў зроблена сцяжка падлогі, адрамантаваны і атынкаваны столя і сцены, многія ўжо пафарбаваны.

Зараз работнікі віцебскай фірмы і «рассветаўцы» кладуць плітку на падлозе, заканчва­юць тынкоўку і афарбоўку сцен. Паралельна вядзецца мантаж асвятлення. Гэтым займаюцца прадстаўнікі ЗАТ «Паставы­Энерга». Яны ўстанаўліваюць у класах, кабінетах і калідорах новыя свяцільнікі і разеткі. Крыху раней замянілі, дзе было неабходна, электраправодку, электрычныя размеркавальныя каробкі і шчыты.

— Як ацэньваеце якасць выканання работ? — пацікавілася я ў Паўла Травы.

— Пра яе можна будзе гава­рыць пазней, калі пачнецца эксплуатацыя школы, — адказаў мой суразмоўца. — Пакуль, у працэсе рамонту, асаблівых нараканняў няма. Калі будаўнікі, напрыклад, фарбуюць сцены і заўважаць трэшчыну, то не спрабуюць яе сха­ваць, а зачышчаюць гэты ўчастак, зноў тынкуюць і фарбуюць. Адным словам, робяць усё як след.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Поставские школьники завоевали 8 дипломов на областном этапе олимпиады по учебным предметам
Замминистра образования РБ Александр Кадлубай ответил на вопросы учащихся Дуниловичской ЯССШ
Студенты из г. Поставы рассказали об учёбе в своих ВУЗах во время встречи в районном ДК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.