Адвэнт — час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння — пачаўся ў католікаў

Важное Духовность

Чакаем і працуем над сабой

Час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння ў католікаў называюць Адвэнтам. З лацінскай мовы слова перакладаецца як «прыход». Гэта не посны перыяд пакуты, смутку ці разважанняў пра нашу грэшнасць, а перыяд чування, малітвы і пакаяння. У Адвэнце мы закліканыя адмовіцца ад граху і аднавіцца ў любові, бо нас чакае шчасце — Бог надыходзіць.

Адвэнт, які пачаўся 27 лістапада, багаты на разнастайныя сімвалы і традыцыі.  Адна з іх — Рараты (святая Імша на світанні) у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. У такіх Імшах ахвотна ўдзельнічаюць дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу…» ва ўсім касцёле запальваецца святло.

Характэрным знакам Адвэнту ў дамах і святынях з’яўляецца адвэнтавы вянок з зялёных яловых галінак. На ім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох нядзель Адвэнту. Кожная з гэтых свечак мае свой духоўны сэнс і запальваецца ў адпаведную нядзелю. Першая — «Свечка прароцтваў» — сімвалізуе біблейскія прадказанні, што папярэднічалі з’яўленню Збаўцы — Езу­са Хрыста. «Бэтлеемская свечка» запальваецца ў другую нядзелю і названая ў памяць пра падарожжа Марыі і Юзафа ў старажытны горад і нараджэнне там Езуса. «Свечка пастухоў» гарыць у вянку з трэцяй ня­дзелі Адвэнту і прысвечана пастухам, што з дапамогай анёлаў першымі прыйшлі пакланіцца Дзіцяці. «Свечка анёлаў» запальваецца ў ня­дзелю напярэдадні Божага Нараджэння і сімвалізуе Боскую сутнасць Збаўцы.

Якімі б прыгожымі ні былі традыцыі Адвэнту, варта памятаць, што сэнс гэтага перыяду літургічнага года ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да прыйсця Збаўцы, а пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць свята Божага Нараджэння.

Раней у перыяд Адвэнту больш увагі звярталася на захаванне чалавекам фізічнага посту. Гэта засталося ва ўсходнім абрадзе. У лацінскім жа абрадзе мы канкрэтным чынам працуем над сабой, асабліва змагаемся з уласнымі слабасцямі, схільнасцямі да граху ці таго, што да яго вядзе, і ўмеем адмовіцца ад таго, што прыносіць задавальненне. Адрачэнні любога плана павінны ўзбу­дзіць у сэрцы чуласць на патрэбы бліжніх.

Падрыхтавала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.