Каким был 2022 для Поставщины и к чему стоит стремиться в будущем? Интервью с Сергеем Чепиком

Важное Местная власть

Год быў няпростым, але выніковым

На завяршэнне года прынята падводзіць яго вынікі, абазначаць асноўныя вектары далейшага развіцця. Якім быў 2022-і для Пастаўшчыны і да чаго варта імкнуцца ў будучым — пра гэта ў інтэрв’ю са старшынёй райвыканкама Сяргеем Чэпікам.

— Сяргей Васільевіч, давайце адыдзем ад канкрэтных лічбаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Яны падрабязна разглядаліся на сесіі раённага Савета дэпутатаў і будуць надрукаваны ў найбліжэйшым нумары газеты. Пагаворым пра тое, што ўдалося зра­біць, а што — не.

— Год быў няпростым, але выніковым. Мы сутыкнуліся з фактарамі, якія прымусілі пераасэнсаваць жыццёвыя каштоўнасці і даказаць сабе і іншым, што з любой складанай сітуацыі можна знайсці выйсце, калі быць дружнымі і згуртаванымі. Цяжкасці аб’ектыўныя і суб’ектыўныя былі, ёсць і будуць. Але насуперак ім у цэлым год завяршаем паспяхова. Удзячны жыхарам раёна за мэтанакіраванасць, прафесіяналізм, за дасягненні, якія сталі вынікам стараннай працы і высокай адказнасці. Усе заданні, даведзеныя аблвыканкамам па развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўнічай і сацыяльнай сфер, па інвестыцыях і ўзроўні заработнай платы, выкананы на 100 і больш працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Наш раён — у пяцёрцы найлепшых раёнаў вобласці. А па валавой вытворчасці зерневых і зернебабовых культур — на 2-м месцы.

— Дзякуючы чаму ўдалося трапіць у пяцёрку найлепшых?

— Мадэрнізацыя, тэхнічнае пераўзбраенне, новае абсталяванне дазволілі павялічыць прадукцыйнасць працы, аб’ёмы выпускаемай прадукцыі, выручку прадпрыемстваў. Нягле­дзячы на тэхнічны праг­рэс, асновай усіх дасягненняў з’яўляецца чалавек. На Пастаўшчыне жывуць і працуюць людзі, якія адказна адносяцца да выканання сваіх службовых абавязкаў, з’яўляюцца прафесіяналамі абранай справы. Упершыню за шмат гадоў трое работнікаў з розных сфер сёлета ўдастоены медаля «За працоўныя заслугі». Сярод іх — дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык, сырароб-майстар малочнага завода Ніна Барсук і я. Яшчэ двое прадстаўлены да гэтай узнагароды.

— Калі гаварыць пра рост паказчыкаў, то найбольш эфектыўна спрацавалі ў якой сферы?

— Дабіцца станоўчых вынікаў у рабоце імкнуліся ўсе. Мяне радуе, што сёлета ўвялі ў строй сучасную ферму ў Буцавічах ААТ «Камайскі-агра», вялося будаўніцтва жылля. Пачалі бягучы рамонт будынка, у якім размяшчаюцца пачатковыя класы СШ №1: адрамантавалі дах, памянялі вокны. Работы прадоўжацца і ў наступным годзе.

Паспяховым стаў год для малочнага завода і ААТ «Паставымэбля». У іх добрыя перспектывы і на наступны год, бо ма­юць вялікі партфель заказаў.

Санкцыі найбольш закранулі прыватнае прадпрыемства «Пастаўскі мэблевы цэнтр». Але яго кіраўніцтва абнаўляе асартымент прадукцыі, знаходзіць для яе новыя рынкі збыту.

У няпростай сітуацыі знахо­дзіцца завод «Беліт». Сумесна шукаем шляхі выхаду з яе. У хуткім часе на прадпрыемстве пачнуць шыць коўдры. Распрацоўваецца і яшчэ адзін перспектыўны інвестыцыйны праект.

Не атрымалася сёлета завяршыць абуладкаванне спартыўна-турыстычнага комплексу ў Азёрках. Работы там вяліся выключна за сродкі раённага бюджэту. На наступны год спа­дзяёмся на частковае фінансаванне з абласнога.

— Немалыя планы і па будаўніцтве жылля?

— Распачынаем забудову новага мікрараёна каля вуліцы Юбілейнай. Запланавана ўзвесці 15 электрыфікаваных дамоў. Закладка першага запланавана адразу пасля Новага года. Зроблены праект. Ён прайшоў экспертызу. Цяпер ідзе пракладка камунікацый. Такі аб’ём будаўніцтва дазволіць захаваць нашу асноўную будаўнічую арганізацыю «Рассвет Пастаўскі».

— Укладваюцца інвестыцыі і ў сельскую гаспадарку?

— Так. Малочны завод ужо вя­дзе работы на ферме ў Бакавічах. Прадпрыемству выдзелена 5 200 000 рублёў крэдытных сродкаў. Першы плацёж пайшоў на даільнае абсталяванне. Тэрмін яго пастаўкі — красавік-май. Гэтым часам будуць весціся будаўніча-мантажныя работы.

Праектуецца ферма на 600 галоў з сучаснай даільнай залай у Пагарцах ААТ «Навасёлкі-Лучай». Новы зернесушыльны комплекс купіў малочны завод. Яго ўсталююць на тэрыторыі былой райсельгастэхнікі, і ён бу­дзе выкарыстоўвацца для сушкі збожжа пяці гаспадарак, якія ўваходзяць у склад аграпрамысловага аб’яднання.

— Якія першачарговыя задачы на наступны год?

— Вельмі важна захаваць прадпрыемствы і рабочыя калектывы, забяспечыць людзям годную заработную плату. Сярэдняя па раёне сёлета складае 1 200 рублёў. Сярод сельскіх раёнаў Віцебшчыны гэта адзін з найлепшых паказчыкаў.

Усім жыхарам Пастаўшчыны жадаю, каб наступны год быў мірным, эканамічна стабільным і ўра­джайным. Нам усім хочацца жыць лепш. А для гэтага трэба кожнаму на сваім рабочым месцы працаваць з поўнай самааддачай. Няхай каханне і згода пануюць у сем’ях. Моцнага ўсім здароўя, поспехаў, дабрабыту. З Новым годам, з новым шчасцем!

Гутарыла Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.