Здаровы лад жыцця становіцца ўсё больш папулярным у пастаўчан. Падставу сцвярджаць гэта дае тое, што з кожным годам у нашым раёне павялічваецца колькасць тых, хто так ці інакш займаецца фізічнай культурай і спортам.
Сёння на Пастаўшчыне 6 буйных спартыўных аб’ектаў, дзе можна палепшыць сваю фізічную форму. Гэта фізкультурна-аздараўленчыя комплексы па вуліцах Савецкай і Станкевіча, зала барацьбы па Чырвонаармейскай і спартыўная зала па Ленінскай у Паставах, ФАК у Варапаеве і спартыўна-турыстычны комплекс «Азяркі». Акрамя таго, ёсць некалькі варкаўт-пляцовак у горадзе і раёне, школьныя стадыёны. І нічога з пералічанага не пустуе. Па даных аддзела спорту і турызму райвыканкама, загружанасць яго аб’ектаў за месяц на працягу дня складае больш за 86%, а працэнт прыцягнення насельніцтва да заняткаў фізічнай культурай — 27,2, і з кожным годам ён расце.
— Мы штогод ладзім спартакіяду сярод арганізацый, прадпрыемстваў, воінскіх часцей і сельскіх Саветаў, раённы турыстычны злёт, іншыя мерапрыемствы, — расказваў начальнік аддзела Вячаслаў Врублеўскі. — Сёлета іх праведзена ўжо больш за 130, у мерапрыемствах прынялі ўдзел звыш 5 тысяч чалавек. Каля 2 тысяч здавалі нарматывы рэспубліканскага комплексу «Гатовы да працы і абароны» на атрыманне адпаведнага нагруднага знака. Летась яго ўладальнікамі сталі 52 чалавекі. Таксама ў нас заключаны дагаворы з 18 арганізацыямі, работнікі якіх наведваюць спартыўныя аб’екты. Хтосьці купляе абанемент у басейн або трэнажорную залу, хтосьці арандуе гульнявую залу.
Адзін з самых запатрабаваных аб’ектаў — ФАК па вуліцы Савецкай у райцэнтры, дзе маюцца трэнажорная і гульнявая залы, більярд і аднаўленчы цэнтр з лазняй і басейнам. Год назад прыйшлося расшырыць «трэнажорку», бо яна не змяшчала ўсіх жадаючых падкачаць мышцы. Цяпер там фактычна дзве залы: адна — з бегавымі дарожкамі, эліпсамі і веласіпедамі, другая — з сілавымі трэнажорамі. Займацца на іх прыходзяць і падлеткі, і людзі сталага ўзросту, колькасць наведванняў за месяц — каля 1 300. Прыкладна 2500 наведванняў штомесяц басейна на ФАКу па вуліцы Станкевіча.
Па словах Вячаслава Врублеўскага, пасля правядзення ў Паставах рэспубліканскага спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі» рэзка ўзрасла колькасць гараджан, якія займаюцца на абноўленым гарадскім стадыёне. Штодзень на ім бывае не менш за 200 чалавек — дзяцей і дарослых, некаторыя прыходзяць сем’ямі. Яны бегаюць па дарожцы, гуляюць у футбол, валейбол і баскетбол, катаюцца ў скейт-ролер парку і качаюць мышцы на варкаўт-пляцоўцы.
Алена Шапавалава

