Милиционеры рассказывают пожилым людям о телефонных мошенниках и киберпреступниках

Безопасность

Перасцерагчы кожнага

З шырокім укараненнем у жыццё інфармацыйных тэхналогій у нашым лексіконе з’явілася новае слова — кіберзлачынствы. Яго значэнне сёння зразумелае, напэўна, кожнаму беларусу. Многія з іх сталі ахвярамі кібермахляроў, якія выкарыстоўваюць самыя розныя схемы па выманьванні даных чужых банкаўскіх карт. Згодна са статыстыкай, за апошнія 10 гадоў колькасць крадзяжоў з іх у Беларусі павялічылася больш чым у 10 разоў!

На Пастаўшчыне сёлета зарэгістравана 95 паведамленняў у міліцыю па фактах махлярства. У 41 выпадку ўзбуджаны крымінальныя справы. Па словах старшага інспектара прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Юрыя Смірнова, самым распаўсюджаным спосабам з’яўляецца махлярства па тэлефоне з выкарыстаннем папулярнага месенджара Viber. Пры гэтым калі яшчэ ў пачатку года злачынцы тэлефанавалі з абаненцкіх нумароў іншых краін, у асноўным Прыбалтыкі, Расіі і Украіны, то цяпер званкі паступаюць з нумароў беларускіх аператараў мабільнай сувязі.

Юрый Смірноў уручае памятку пастаўчанцы Маргарыце Пашкевіч

— Прадстаўляюцца, як правіла, супрацоўнікамі банкаў ці органаў унутраных спраў, — расказвае ўжо вядомую схему Юрый Аляксандравіч. — У першым выпадку паведамляюць, што нехта спрабуе спісаць з рахунка таго, з кім размаўляюць, вялікую суму грошай і, каб пазбегнуць гэтага, трэба назваць нумар, тэрмін дзеяння і сакрэтны трохзначны код на адваротным баку банкаўскай карты для яе блакіроўкі. Або прапануюць устанавіць праграму быццам бы для адмены такіх аперацый і назваць код яе рэгістрацыі. На самай справе гэта праграма для аддаленага доступу да мабільнага тэлефона, якая дазваляе махлярам увайсці ў ваш мабільны банкінг і ўкрасці грошы з рахунка ці нават аформіць на вас анлайн-крэдыт. Пад маркай супрацоўніка органаў унутраных спраў ці следчых органаў просяць дапамагчы вывесці на чыстую ваду «махляра» ў банку. А для гэтага — аформіць у некалькіх банках крэдыты і атрыманыя грошы часова перавесці на «спецыяльны абаронены рахунак». І лю­дзі вераць такім званкам, робяць тое, што ім кажуць.

Многія трапляюць на вудачку махляроў пры пакупцы розных тавараў у інтэрнэце. Адны заходзяць на фішынгавыя сайты магазінаў, убачыўшы спасылкі на іх у сацыяльных сетках. Іншыя «клююць» на аб’явы аб продажы запатрабаваных рэчаў на вядомых гандлёвых пляцоўках, такіх як «Куфар». Пры гэтым пакупнікоў не насцярожвае неапраўдана нізкая цана на тавар, за які прадаўцы просяць унесці стопрацэнтную перадаплату. У выніку, заплаціўшы, тавар так і не атрымліваюць. Нярэдка кібермахляры прысылаюць розныя спасылкі ў месенджарах. Пераходзячы па іх, чалавек пазбаўляецца ўсіх грошай на рахунку ў выпадку, калі яго банкаўская карта прывязана да нумара мабільнага тэлефона.

Найчасцей ахвярамі кібер­злачынцаў становяцца пажылыя грамадзяне, пераважна жанчыны. Таму менавіта гэтай катэгорыі насельніцтва супрацоўнікі міліцыі ўдзяляюць асаблівую ўвагу. Інструктуюць работні­каў пошты, банкаў і сацыяльнай службы, як даводзіць да пажылых людзей спосабы абароны ад злачынных замахаў. Самі наведваюць тых, каму споўнілася 60 гадоў. Такіх у нашым раёне 6 299 чалавек.

— З кожным мы павінны пагутарыць: расказаць пра розныя віды махлярства і як дзейнічаць у канкрэтнай сітуацыі, — працягвае Юрый Смірноў. — Такую задачу паставіла Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Яе выкананнем займаюцца ў асноўным участковыя інспектары міліцыі. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і сельскія Саветы перадалі нам спісы з адрасамі пенсіянераў, якія пражываюць у горадзе і раёне, і мы паступова іх абходзім.

Разам з Юрыем Аляксандравічам наведала некалькі адрасоў па вуліцы Ленінскай у Паставах і я.

— Ці ведаеце вы што-небудзь пра махляроў? — з такога пытання пачынаў гаворку з пажылымі прадстаўнік закона.

І амаль усе пенсіянеры адказвалі, што чулі пра іх з экранаў тэлевізараў, ад знаёмых, чыталі ў газеце. Некаторыя прызнаваліся: ім самім тэлефанавалі махляры.

— Ні ў якім выпадку не называйце даныя сваіх банкаўскіх карт, хто б вас пра гэта ні папрасіў! — перасцерагаў інспектар. — Зламыснікі могуць прадставіцца супрацоўнікам міліцыі, работнікам службы бяспекі банка. Але сапраўдныя работнікі гэтых устаноў ніколі не звернуцца да вас з такой просьбай. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя! Калі ўзнікнуць пытанні, тэлефануйце ў міліцыю.

Усім пенсіянерам прадстаўнік закона ўручаў памяткі з рэкамендацыямі, як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў. Вывучыўшы іх, шанцы не страціць грошы намнога ўзрастуць.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.