Открытый диалог «Это наша с тобою страна, это наша с тобой биография» прошел в СШ №3

Местная власть

Нам любіць Беларусь нашу мілую

Адкрыты дыялог «Гэта наша з табою краіна, гэта наша з табой біяграфія» прайшоў у СШ №3.

У ім удзельнічалі навучэнцы 10—11 класаў. На сустрэчу да іх прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і камендант пагранічнай камендатуры «Паставы» Васілій Куратнік.

— Без ведання мінулага немагчыма будаваць будучыню. Менавіта таму на дзяржаўным узроўні надаецца такая вялікая ўвага захаванню гістарычнай памяці, — распачала мерапрыемства мадэратар Надзея Лешчык. — Год гістарычнай памяці ў Беларусі — асаблівы. Ён даў штуршок паглядзець на краіну, падзеі і людзей у святле мінулага, цяперашняга і будучага. Пакуль мы памятаем мінулае, чалавецтва мае магчымасць развівацца і ўдасканальвацца.

У Год гістарычнай памяці ў школе праведзена шмат мерапрыемстваў і рэалізавана некалькі праектаў. Вучні расказалі пра найбольш цікавыя. Напрыклад, мэтай праекта «Поезд памяці» стала захаванне памяці пра тых, хто аддаў сваё жыццё, каб мы жылі ў мірнай і спакойнай краіне. У ім удзельнічаюць навучэнцы з 5-га па 11-ы клас. Яны наведваюцца да помнікаў загінулым воінам, якія вызвалялі Пастаўшчыну, і землякам, наводзяць ля іх парадак, разыгрываюць тэатральна-музычныя пастаноўкі. Надоўга запомніцца навучэнцам адкрыты дыялог «Сувязь пакаленняў», у якім удзельнічалі прадстаўнікі некалькіх пакаленняў — піянеры, актывісты школьнай пярвічнай арганізацыі БРСМ і ветэраны піянерскага руху.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, звяртаючыся да ўдзельнікаў дыялогу, падкрэсліў, што данесці памяць пра мінулае да будучых пакаленняў — агульная задача. Вельмі важна, каб не скажаліся гістарычныя факты, а падаваліся так, як было на самай справе. Ён узгадаў свае дзіцячыя гады, калі ў жывых заставалася яшчэ шмат былых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і яны прыходзілі ў школу на сустрэчы з вучнямі, дзяліліся ўспамінамі. Усё ў тых успамінах было перажытае імі і праўдзівае. Такую праўду і трэба несці з пакалення ў пакаленне. А якім цяжкім быў пасляваенны час, калі беларусы аднаўлялі разбураную краіну, развівалі сельскую гаспадарку, прамысловасць! Нямала працоўных подзвігаў і на рахунку пастаўчан. Пра іх трэба ведаць і з удзячнасцю прымаць усё тое, што маем у сваёй краіне сёння. У заключэнне Пётр Леанідавіч падзякаваў настаўнікам і навучэнцам за вялікую работу па патрыятычным выхаванні, пажадаў будучым выпускнікам шчаслівага шляху ў дарослае жыццё.

Эмацыянальна гучалі словы настаўніцы гісторыі, маці двух сыноў-афіцэраў Людмілы Пчалінцавай.

— Людзі не нараджаюцца патрыётамі, а становяцца імі, — гаварыла яна. — Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае сям’я. — З любові да маці, бацькі, сястры, брата пачынаецца любоў да сваёй Радзімы, імкненне абараняць яе. Ганаруся сваімі сынамі. Абодва яны закончылі грама­дзянскія вышэйшыя навучальныя ўстановы, але ўрэшце сталі афіцэрамі. Перад імі ніколі не стаяла пытанне, ісці ў армію або не. Яны разумеюць, што гэта іх грама­дзянскі абавязак, і годна выконваюць яго.

Мяне абурае, калі чую ад каго-небудзь: «А што мне дала краіна?» Лічу, што найперш варта задумацца над тым, што даў ёй ты, бо краіна — гэта ўсе мы, хто жыве ў ёй і стварае яе, і ад усіх нас залежыць яе лёс. У сацыялагічным даследаванні, якое ў мінулым го­дзе праводзілася ў нашай краіне, на пытанне «Што значыць быць патрыётам Беларусі?» больш за палову апытаных адказалі: «Любіць Беларусь». Менавіта гэтага я вам і жадаю.

З непадробнай увагай слухалі старшакласнікі каменданта пагранічнай камендатуры «Паставы» Васілія Куратніка. Ён, выхадзец з простай вясковай сям’і, паставіў за мэту стаць афіцэрам і дасягнуў яе, закончыўшы Ваенную акадэмію Беларусі. Выдатна ведае гісторыю краіны, з’яўляецца сапраўдным яе патрыётам. Васілій Пятровіч расказаў пра ганаровую і нялёгкую службу пагранічнікаў, запрасіў у прафесію абаронцаў Айчыны. І ўвогуле зарадзіў удзельнікаў дыялогу энергіяй і пазітывам.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.