Профкомитет молочного завода ежегодно готовит новогодние подарки своим работникам и их детям

Общество

Час падарункаў

На Каляды і Новы год кожны з нас імкнецца падабраць падарункі для дзяцей, унукаў, іншых родных. У перадсвяточных клопатах і старшыня прафкамітэта малочнага завода Наталля Грынько.

— У калектыве 555 чалавек, 553 — члены прафсаюза, — расказвала Наталля Уладзіміраўна. — Прафсаюз разам з кіраўніцтвам завода падрыхтавалі падарункі дзецям да 16 гадоў нашых работнікаў, а таксама самім членам калектыву. На гэта зрасходавана 55 000 рублёў. Дзецям набыты наборы кандытарскіх вырабаў, дарослым — прадуктовыя. За кошт прафсаюзных сродкаў больш за 140 дзяцей 25 снежня пабываюць на навагодняй казцы ў раённым Доме культуры. Усё гэта робім згодна з калектыўным дагаворам. Ён пастаянна дапрацоўваецца, у яго перыядычна ўносяцца дапаўненні. Займаецца гэтым упаўнаважаная агульным сходам камісія.

Апошнія дапаўненні датычаць матэрыяльнай дапамогі работнікам, якія пражываюць у аддаленых населеных пунктах і не маюць магчымасці дабірацца на работу на грамадскім транспарце. Аднаразовую выплату ў памеры 2-х базавых велічынь у сувязі з устанаўленнем Дня бацькі з сёлетняга года атрымліваюць мужчыны.

Каля навагодніх падарункаў для дзяцей — старшыня прафкамітэта завода Наталля Грынько і намеснік дырэктара Георгій Касцень

З мэтай аздараўлення членаў калектыву і іх дзяцей з прафсаюзнага бюджэту выплачваецца матэрыяльная дапамога на патанненне санаторных пуцёвак. За 11 месяцаў бягучага года іх выдадзена 14, сума дапамогі склала 3 584 рублі. За гэты перыяд у санаторыях паправілі здароўе больш за 20 дзяцей работнікаў, сума выплат — 1 408 рублёў. У прафкамітэт звярнуліся 27 чалавек з просьбай аказаць матэрыяльную дапамогу на пакрыццё затрат на платнае лячэнне і медыцынскую дыягностыку. Ім выплачана больш за 3 000 рублёў. Работнікі прадпрыемства маюць магчымасць бясплатна наведваць спартыўныя секцыі і басейны райцэнтра. На гэтыя мэты за 10 месяцаў зрасходавана 4 220 рублёў. Перад пачаткам навучальнага года ў рамках акцыі «Прафсаюзы — дзецям» 24 работнікам, чые дзеці пайшлі ў 1 клас, аказана матэрыяльная дапамога ў размеры 3-х базавых велічынь.

На навагоднія падарункі зрасходавана 55 000 рублёў. Дзецям набыты наборы кандытарскіх вырабаў, дарослым – прадуктовыя.

Для ўмацавання сяброўскіх адносін паміж членамі калектыву ў вольны ад работы час прафкамітэт праводзіць розныя мерапрыемствы. У прыватнасці, былі арганізаваны экскурсійна-турыстычныя паездкі ў Маскву і Санкт-Пецярбург. На частковую аплату расходаў з прафбюджэта выдзелена амаль 11 000 рублёў. На 7 000 рублёў набыта білетаў на канцэрты, тэатральныя і цыркавыя прадстаўленні.

— Работа прафкамітэта накіравана на абарону правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза, развіццё сацыяльнага партнёрства і пошук новых форм і метадаў работы ў арганізацыі, — гаварыла Наталля Грынько. — Каляды і Новы год — час цудаў і добрага настрою. Вось мы і стараемся яго ствараць.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.