14 августа — День строителя. Полторы сотни работников «Рассвета Поставского» трудятся на разных объектах

Главное Общество

Вынік работы бачны кожны дзень

Заўтра, 14 жніўня, сваё прафесійнае свята адзначаюць будаўнікі. Віншаванні будуць прымаць і паўтары сотні работнікаў «Рассвета Пастаўскага». Напрыканцы лета ў іх, як заўжды, шмат спраў на самых розных аб’ектах. На некаторыя з іх напярэдадні даты завітала карэспандэнт «ПК».

Першы прыпынак — на вуліцы Зялёнай у райцэнтры. Тут, у цесным суседстве з новым дзіцячым садком і возерам Задзеўскае, з пачатку гэтага года будуецца 60-кватэрны жылы дом. Цяпер «рассветаўцы» ўзводзяць чацвёрты яго паверх, завяршыць будоўлю плануецца сёлета ў кастрычніку-лістападзе. Прыблізна ў гэты ж час будзе здадзены ў эксплуатацыю і 40-кватэрны жылы дом у Докшыцах — там таксама шчыруюць пастаўскія будаўнікі.

Сяргей Бучэль, Сяргей Малыхін, Пётр Дубіновіч, Аляксей Кандрашонак, Яўгеній Грыбаў з начальнікам участка Віталіем Брыштэнам

— Гэта апошні дом, які мы будуем у мікрараёне 6-га гарадка, — адзначыў дырэктар КБУП «Рассвет Пастаўскі» Альфрэд Малец, які таксама прыехаў на будаўнічую пляцоўку. — Наступныя будуць узводзіцца па вуліцы Юбілейнай. Там ужо пачалі пракладваць інжынерныя сеткі: газа- і водаправод, каналізацыйныя трубы. Першы дом — ён будзе 40-кватэрным — пачнём будаваць у канцы года. У перспектыве ў мікрараёне з’явіцца 15 новых жылых дамоў.

Яшчэ адзін буйны аб’ект, на якім цяпер працуюць будаўнікі «Рассвета Пастаўскага», — малочнатаварная ферма ў Буцавічах (ААТ «Камайскі-­агра»). Маштаб праведзеных там работ уражвае. Пабудаваны даільна-малочны блок, у якім ужо ўстанаўліваюць абсталяванне, 3 кароўнікі на 120 галоў, у чацвёртым кры­юць дах. Для цялят узведзены 2 вялікія арачнікі. Амаль гатовы адміністрацыйна-бытавы комплекс, дзе цяпер ідуць аддзелачныя работы.

Аб’ём падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі, склаў 4 млн 729 тыс. руб. (106, 6% да ўзроўню мінулага года).

— Рэканструкцыя аб’екта распачата яшчэ ў лютым 2021 года, завяршыць яго плануем сёлетняй восенню, — расказваў начальнік участка Віталій Брыштэн. — Цяпер тут працуюць брыгады плітачнікаў, аддзелачнікаў, бетоншчыкаў. Актыўна вядуцца работы і па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

«Рассветаўцы» занятыя і на шэрагу іншых, больш дробных, аб’ектаў, такіх як СТК «Азёркі», гімназія. Гэта той калектыў, які можа ганарыцца вопытнымі работнікамі, чый стаж налічвае не адно дзесяцігоддзе.

Тынкоўшчык-маляр Вера Турла і тынкоўшчык Таццяна Літвінава

Але які б вопыт ні быў за іх плячыма, кожны ўкладвае сваю «цаглінку» ў кожны пабудаваны аб’ект. І поспехі не прымушаюць сябе доўга ча­каць. Сёлета, напрыклад, добрая навіна прыйшла са сталіцы: КБУП «Рассвет Пастаўскі» стаў лаўрэатам конкурсу «На найлепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2021 год» у намінацыі «Развіццё рэгіёнаў, малых і сярэдніх пасяленняў». Прадпрыемства атрымала дыплом за будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне 6-га гарадка.

Абліцоўшчык-плітачнік Аляксей Ермаковіч

У сувязі з прафесійным святам шэраг работнікаў «Рассвета Пастаўскага» адзначаны па­дзякамі і граматамі на раённым і абласным узроўнях. Сярод іх — намеснік галоўнага інжынера — начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Алена Барадзёнак, якая атрымала Ганаровую грамату камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама.

Вытворчасць за 7 месяцаў – 34,1 тыс. руб. (118% да ўзроўню 2021 года).

— У «Рассвеце» працую ўжо 17 гадоў, — гаварыла Алена Аляксееўна, якая таксама ўзначальвае прафсаюзны камітэт прадпрыемства. — У многім дзякуючы падтрымцы калег, кіраўніцтва я змагла тут з азоў асвоіць прафесію. Так, яна няпростая, але па-свойму цікавая. Будаўнікі — гэта тыя людзі, хто кожны дзень бачыць вынік сваёй работы: як «падрастаюць» дамы, як становяцца больш утульнымі памяшканні, як новы выгляд набываюць старыя будынкі.

Узгадваю, якімі былі Паставы, калі я толькі пачынала тут працаваць. Не было новых дамоў па Юбілейнай і Зялёнай, яшчэ і блізка не вялося будаўніцтва рабатызаваных ферм, іншых аб’ектаў, якія прыносяць карысць эканоміцы раёна і яго жыхарам. І калі бачыш, як змяняюць аблічча Пастаўшчыны будаўнікі, пачынаеш яшчэ больш любіць сваю прафесію і з яшчэ большай адказнасцю адносіцца да справы свайго жыцця.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.