Уже 65 лет за дороги Поставщины несут ответственность работники филиала «Поставское ДРСУ-132»

Общество

Пастаўленыя задачы пад сілу калектыву

На працягу 65 гадоў за дарогі Пастаўшчыны нясуць адказнасць работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132»

Начальнік філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» Станіслаў Рагіня, бухгалтар Алеся Цяляк і ветэран працы Мечыслаў Янковіч

Заўсёды напагатове

Ноччу з чацвярга на пятніцу зіма заявіла пра свае правы і засыпала наваколле бялюткім снегам. Яму радаваліся і дзеці, і дарослыя. А 11 вадзіцеляў філіяла на аўтамашынах, якія раскідваюць пясчана-саляную сумесь, з 4 гадзін пасыпалі ёй праезную частку. Да пачатку рабочага дня дарогі, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання філіяла, былі пачышчанымі, і вадзіцелі адправіліся на кароткі адпачынак. Затым некаторыя з іх прыйшлі ў раённы Дом культуры на свята з нагоды 65-годдзя ўтварэння прадпрыемства, а некаторыя прадоўжылі дзяжурства.

Задоўга да пачатку мерапрыемства сталі збірацца ветэраны. Яны былі рады сустрэчы, паціскалі адно аднаму рукі і абдымаліся, цікавіліся здароўем і вярталіся ва ўспамінах у той час, калі гэтак жа, як і сёння іх паслядоўнікі, змагаліся са снежнымі заносамі, будавалі і рамантавалі дарогі Пастаўшчыны, забяспечвалі бяспеку руху на іх, узводзілі новыя жалезабетонныя масты, наводзілі парадак на прыдарожных палосах і аўтобусных прыпынках, абуладкоўвалі тэрыторыі новабудоўляў.

Арнольд Навумчык з нагрудным знакам выдатнасці «Ганаровы дарожнік Беларусі» II ступені

У фае ўсіх шчыра вітаў дырэктар філіяла Станіслаў Рагіня. Ён узначаліў калектыў у 1985 годзе. У час перабудовы, палітычнай і эканамічнай нестабільнасці змог захаваць калектыў, забяспечыць яго работай. Менавіта пры ім развівалася і ўдасканальвалася вытворчая база, набывалася новая тэхніка, шмат было зроблена па абнаўленні дарог.

Для сябе і для іншых

Цяпер на балансе філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» знаходзяцца 1 007 кіламетраў дарог, з іх 280 — асфальтабетонныя, 727 — гравійныя і грунтавыя, 73 масты. Для іх абслугоўвання ёсць 77 адзінак тэхнікі: самазвалы, аўтагрэйдары, пагрузчыкі, бульдозеры, асфальтаўкладчыкі, машына для ямачнага рамонту «Тайфун», экскаватары. За апошнія 5 гадоў за ўласныя сродкі набылі пагрузчык «Амкадор», экскаватар «Вольва», два новыя МАЗы, раскідвальныя ўстаноўкі пяску, дарожную фрэзу і іншае.

Начальнік участка аўтатранспарту і дарожна-будаўнічай тэхнікі Яўгеній Ясінскі і намеснік начальніка філіяла Сяргей Дук

У складзе філіяла — два ўчасткі: у Варапаеве і Лынтупах. Дзейнічаюць кар’еры «Пятровіцкае» і «Вінцантаўскае», асфальтабетонны завод у Боцьвінах, які штогод выпускае ад 14 да 20 тысяч тон асфальту і больш за 1 000 кубоў бетону. Наладжаны вытворчасць і фасоўка арганамінеральнай сумесі для правядзення ямачнага рамонту ў зімовы перыяд. Летась тут асвоілі выраб фундаментных блокаў. На заводзе ёсць драбілка, якая дазваляе атрымліваць шчэбень розных фракцый. Уся прадукцыя выкарыстоўваецца для мэт філіяла, а таксама рэалізуецца іншым арганізацыям і насельніцтву.

Вынаска: 15 лістапада 1957 года загадам №745 выканаўчага камітэта Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў у Паставах быў створаны дарожны эксплуатацыйны ўчастак №132. На яго баланс перадалі 208 кіламетраў дарог (яны ў той час былі грунтавыя, гравійныя і брукаваныя) абласнога значэння і 140 мастоў (усе драўляныя). На абслугоўванні знаходзіліся таксама пад’езды да цэнтральных сядзіб калгасаў і саўгасаў. У калектыве працавала 111 чалавек. Кіраваў імі на працягу больш чым 20 гадоў Уладзіслаў Юраў.

Віктар Асяненка, Раман Амбразевіч, Дзмітрый Смятанка, Сяргей Сабіранаў з ветэранам працы Канстанцінам Асяненкам

20% выручкі арганізацыя атрымлівае ад рэалізацыі матэрыялаў і аказання паслуг тэхнікай. Карыстаюцца попытам паслугі экскаватара, пагрузчыка, самазвалаў. Зімой, акрамя абслугоўвання дарог, вядзецца ачыстка прыдарожных палос ад хмызняку і перапрацоўка яго на шчапу, якую таксама рэалізуюць.

Умеюць грошы зарабляць

34% выручкі прыносяць падрадныя работы на аб’ектах заказчыкаў як нашага, так і іншых раёнаў. Сёлета рамантавалі асфальтавае пакрыццё на тэрыторыі малочнага завода, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю вакол перапрафіляванай фермы ў Буцавічах і тэрыторыю аўтазаправачнай станцыі ў Браславе, дапамагалі ў бягучым рамонце вуліц Пастаў. Вялікі аб’ём работ выкананы на сельгаспрадпрыемствах раёна.

Каб будаваць, рамантаваць, патрэбны грошы. Асноўныя работы выконваюцца ў межах выдзеленага фінансавання. Яго не хапае на ўсё задуманае. Шмат сродкаў ідзе на ўтрыманне і ўборку дарожнай сеткі ад смецця, якое пакідаюць на ўзбочынах дарог, аўтобусных прыпынках несумленныя грамадзяне. Здараюцца факты вандалізму, калі ламаюць дарожныя знакі, урны, лаўкі, размалёўваюць павільёны на аўтобусных прыпынках. Калектыў філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» умее зарабляць грошы самастойна. Стаўка — на сучасныя тэхналогіі і новыя метады работы. Шмат зна­чаць кваліфікаваныя кадры. Усе спецыялісты маюць адпаведную адукацыю. А, напрыклад, машыністы асфальтаўкладчыка, экскаватара праходзяць спецыяльную падрыхтоўку. Большасць работнікаў валодаюць сумежнымі прафесіямі.

У філіяле працуе нямала сямейных падрадаў: бацька і сын Мазурэвічы, Рагіні, Смятанкі, браты Асяненкі, Навумчыкі. Гэта значыць, што людзі ўпэўненыя ў стабільнасці прадпрыемства.

На свяце – гасцей багата

Прадстаўнічай была дэлегацыя камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблдарбуд» на чале з намеснікам генеральнага дырэктара Генадзіем Глінскім. Ён адзначыў, што філіял «Пастаўскае ДРБУ-132» ідзе ў нагу з часам, паспяхова выконвае пастаўленыя перад ім задачы і з’яўляецца лідарам сярод дарожных арганізацый вобласці. Генадзій Аляксеевіч падзякаваў ветэранам працы, якія ўнеслі важкі ўклад у станаўленне арганізацыі, а таксама ўсяму калектыву за старанне.

Да пажаданняў далучыўся намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Людміла Шэцка.

Цёплымі былі віншаванні ад калег з суседніх філіялаў: Браслаўскага, Докшыцкага, Мядзельскага.

Пастаўскае ДРБУ-132 на працягу многіх гадоў цесна супрацоўнічае з сельгаспрадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. На свята завіталі прадстаўнікі лясгаса, «Рассвета Пастаўскага», малочнага завода, УП ЖКГ, ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», філіяла «ДЭУ-33».

Галоўнай часткай святкавання юбілею арганізацыі стала ўшанаванне ветэранаў, дзясяткаў работнікаў і ўручэнне ім узнагарод рознага ўзроўню.

Шмат станоўчых эмоцый прысутным падарылі ўдзельнікі народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус», узорнай цыркавой студыі «Каскад» раённага Дома культуры. А на завяршэнне ўрачыстасці з канцэртнай праграмай выступіў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль народнай музыкі «Бяседа» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.