Вероника Ахранович — дипломант республиканского туристического конкурса «Познай Беларусь»

Общество

Увесь год пазнавала Беларусь

Вы ведалі, што ў суседнім Глыбоцкім раёне знаходзіцца адзіная ў Беларусі пячора, у Мядзеле ёсць свой Ерусалім, а ў Вярэньках на Пастаўшчыне можна сфатаграфавацца ля помніка Чапаеву? Пра гэтыя і іншыя малавядомыя славутасці можа шмат расказаць пастаўчанка Вераніка Ахрановіч, якая любіць падарожнічаць са сваёй сям’ёй як па родных мясцінах, так і па ўсёй краіне.

Сёлета аматарка вандровак упершыню ўдзельнічала ў рэспубліканскім турыстычным конкурсе «Пазнай Беларусь» і адразу заявіла пра сябе — стала дыпламантам у намінацыі «Я пазнаю Беларусь».

Пра ўмовы «спаборніцтваў» у гэтай намінацыі арганізатары аб’явілі яшчэ ў пачатку 2022 года. Яны склалі спіс з 660 турыстычных мясцін Беларусі, якія прапанавалася наведаць. Ля кожнага аб’екта трэба было сфатаграфавацца, а здымкі загрузіць у папку ў інтэрнэце. Вераніка наведала 86 такіх знакавых мясцін у розных раёнах Беларусі і паказала ў сваёй намінацыі другі вынік.

— Падарожжы я люблю з малых гадоў, і за гэта трэба падзякаваць бацькам, — расказвала Вераніка Ахрановіч. — Памятаю, як у дзяцінстве мы ездзілі да родзічаў адной дарогай, а вярталіся другой, бо тата хацеў паказаць іншыя мясціны і краявіды. Бацькі таксама адпускалі на ўсе экскурсіі, якія арганізоўваліся ў школе. Аднойчы мясцовы калгас за дапамогу на ўборцы ўраджаю падарыў вучням двухдзённую паездку ў ­Брэст. Для мяне, падлетка, гэта было штосьці неверагоднае. Падарожнічаць мне так падабалася, што пэўны час нават планавала паступаць на спецыяльнасць «Ту­рызм і гасціннасць». Але потым усё ж выбарала педагагічны ўніверсітэт. 

На ХХ Рэспубліканскім конкурсе «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Аб’ект экалагічнага турызму» граматай адзначаны і спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі».

Пасля яго заканчэння Вераніка пачала асабліва шмат падарожнічаць. Наведала з дзясятак краін за мяжой: была ў Францыі, Чэхіі, Галандыі, Польшчы і іншых. Нямала паездзіла і па Беларусі, таму да конкурсу падышла з важкім «багажом» уражанняў і краязнаўчых ведаў.

— З 660 адзначаных арганізатарамі мясцін каля дзясятка знахо­дзіліся ў Пастаўскім раёне, — працягвала суразмоўца. — Турыстам з усёй Беларусі прапанавалі наведаць касцёлы ў Лынтупах, Лучаі, Дунілавічах, Камаях, Паставах, палац Тызенгаўзаў, Эйфелеву вежу ў вёсцы Парыж. Да некаторых аб’ектаў я вярнулася, каб зрабіць здымкі. І яшчэ раз пераканалася, наколькі багаты наш край на выдатныя помнікі архітэктуры.

Многія мясціны сям’я Ахрановіч сёлета наведала ўпершыню. Вераніку ўразіў Навагрудак і ваколіцы, пахаванні Першай сусветнай вайны на Мядзельшчыне, ландшафтны заказнік Ельня на Міёршчыне, Любчанскі замак, краявіды з аглядавай пляцоўкі ў Свіры… Запомніўся і помнік чатыром канфесіям у Іўі, і помнік ненароджанаму дзіцяці ў Міёрах. А колькі цікавых мясцін яшчэ не наведана!

— Знаёмыя нярэдка пытаюцца, чаму я так шмат вандрую, — гаварыла Вераніка Ахрановіч. — Адказ просты: мне падабаецца адкры­ваць для сябе новыя мясціны, шукаць і апрацоўваць інфармацыю пра наведаныя вёскі, гарады, аб’екты, пра славутых людзей. Люблю ўяўляць, якую ролю адыгрываў у гісторыі той ці іншы населены пункт у даўнія часы. Таму пастаянна і цягне ў вандроўкі. Вельмі ўдзячная свайму мужу, які раздзяляе мае захапленні і падтрымлівае турыстычныя авантуры.

Пра падарожжы і наведаныя аб’екты Вераніка расказвае на сваёй старонцы ў Instagram. Там жа можна ўбачыць і здымкі з вандровак з вучнямі Камайскай СШ, у якой яна працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Школьнікам пастаянна прывівае любоў да края­знаўства і родных мясцін.

На ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Пазнай Беларусь» пастаўчанка не трапіла з-за праблем са здароўем. Аднак аргкамітэт перадаў ёй грамату і падарункі, сярод якіх — нататнік і тэрмакубак.

Вераніка прызнаецца: конкурс «Пазнай Беларусь» яшчэ больш натхніў яе на падарожжы. Яна ў чарговы раз усвядоміла, як шмат не бачыла ў Беларусі, ды і на Пастаўшчыне зведана далёка не ўсё. А значыць, у новым годзе абавязкова будуць новыя маршруты і ўражанні, якія робяць жыццё больш насычаным і цікавым.

Іна Сняжкова
Фота даслала Вераніка Ахрановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.