Журналисты «Настаўніцкай газеты» побывали с пресс-туром на Поставщине

Образование

«Настаўніцкая газета» пабывала на Пастаўшчыне

У мінулую сераду наш раён наведалі журналісты гэтага рэспубліканскага галіновага выдання. Мэтай іх прэс-тура было знаёмства з арганізацыяй работы з педагогамі і дзецьмі школьнага і дашкольнага ўзросту.

Пачаўся прэс-тур у СШ №1, дзе гасцей віталі дырэктар школы Валерый Каліцкі і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава. Кіраўнік навучальнай установы падрыхтаваў невялікую прэзентацыю пра яе, а намеснік па вучэбнай рабоце Наталля Ярынская і загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Раіса Шубелька расказалі пра кампетэнтнасны падыход і сістэму работы з педагагічнымі кадрамі. Падрабязней пра рэалізацыю гэтага падыходу распавяла кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Галіна Іжмайловіч.

Удзельнікі прэс-тура знаёмяцца з дзіцячым садам №6

Адраджэнне народных традыцый, промыслаў і рамёстваў ва ўмовах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, інтэлектуальнае развіццё дзяцей і падлеткаў у працэсе навучання шахматнай гульні сталі тэмамі выступленняў педагогаў РЦДМ. Тут сталічных журналістаў чакалі таксама экскурсія па цэнтры і падрабязнае знаёмства з яго дзейнасцю.

У працэсе экскурсіі па дзіцячым садзе №6 расказвалі пра стварэнне ў ім бяспечных умоў знаходжання выхаванцаў і сацыяльную інтэграцыю дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця загадчык дашкольнай установы Наталія Руткоўская і іншыя педагогі. Госці пабывалі не толькі ў групах і вучэбных кабінетах, але і ў спартыўнай зале, басейне.

Знаёмства з нашым раёнам завяршылася ў Варапаеўскай СШ, дзе пайшла размова пра арганізацыю работы профільных класаў аграрнай накіраванасці і работу з адоранымі навучэнцамі. Разам з прадстаўнікамі адміністрацыі школы пра гэта гаварылі настаўнікі Аляксандр Гарны і Лілія Брэская.

У цэлым прэс-тур атрымаўся змястоўным і рознабаковым. Журналісты пачэрпнулі шмат цікавай для іх інфармацыі, зрабілі нямала фотаздымкаў. У далейшым яны ўпрыгожаць артыкулы ў «Настаўніцкай газеце» пра візіт на Пастаўшчыну.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.