Николай Жук работал инженером по кадрам райсельхозтехники и возглавлял партийную организацию

Общество

І кадры рыхтавалі

Гісторыя вобласці — гэта і гісторыя працоўных калектываў. Жыхар райцэнтра Мікалай Мікалаевіч Жук даўно на пенсіі, але як сёння памятае той час, калі працаваў інжынерам па кадрах райсельгастэхнікі і ўзначальваў партыйную арганізацыю. Калектыву ён аддаў 26 гадоў жыцця і лічыць іх самымі плённымі. Вось што ўспамінае ветэран працы:

— Калі ў краіне былі дасягнуты першыя поспехі ў індустрыялізацыі і з’явілася магчымасць накіроўваць у калгасы значную колькасць трактароў, іншай тэхнікі, у Беларусі сталі стварацца машынна-трактарныя станцыі. Гэта з’явілася важным мерапрыемствам, накіраваным на пераўтварэнне вёскі. У 1946 годзе МТС была створана і ў нашым раёне. Затым яе перайменавалі ў РТС (рамонтна-тэхнічная станцыя), у РТМС (рамонтна-тэхнічна-меліярацыйная станцыя), нарэшце рэарганізавалі ў «Сельгастэхніку», затым — у «Аграпрамтэхніку».

Найпершая мэта прадпрыемства — стварэнне трактарных брыгад, а пасля перадачы іх у калгасы — рамонт трактароў, аж да капітальнага, гандаль запчасткамі. Потым прыбавіліся рамонт і тэхабслугоўванне аўтамабіляў, быў створаны аддзел па мантажы і абслугоўванні жывёлагадоўчых ферм і водаправодаў. У сярэдзіне 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя «Сельгастэхніка» стала шматгаліновай сістэмай, якая ўключала ў сябе прамысловасць, гандаль, сельскую гаспадарку, транспарт. Яна мела больш за 150 аўтамашын. Большасць — грузавыя. Але былі і іншыя, у тым ліку так званыя лятучкі са спецыяльным абсталяваннем. Інжынеры даягнаставалі ў калгасах сельгастэхніку, у тым ліку электраабсталяванне і гідраўліку, абслугоўвалі энерганасычаную тэхніку, кантралявалі выкарыстанне ў гаспадарках новай тэхнікі ў перыяд гарантыйнага тэрміну яе эксплуатацыі.

Прадпрыемства мела сучаснае прамысловае абсталяванне, у тым ліку станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, прымянялася плазменная рэзка металу. За суткі яго расходавалі ў сярэднім да 50 тон. Працавалі ўласны дрэваапрацоўчы цэх з сушылкай, асфальтавы завод. Будавалі шмат дарог. Было створана Зарэчанскае аддзяленне, якое займалася ў калгасах унясеннем арганічных удабрэнняў, вапнаваннем глебы, вывазкай на палі тарфакрошкі. А колькі жылля ўзвялі! Інтэрнат на 150 месцаў, у кааперацыі —  75-кватэрны дом па вуліцы Юбілейнай, 4-кватэрны па вул. Гагарына, шмат 1-кватэрных дамоў па вул. В. Харужай і У. Дубоўкі ў Паставах. Чаргі на жыллё практычна не было, прытым што ў калектыве працавала амаль паўтысячы чалавек. Мелі выдатныя лазню, пральню, сталовую. Асаблівага росквіту «Сельгастэхніка» дасягнула пад кіраўніцтвам вопытнага і мудрага дырэктара Івана Машнюка. Дзякуючы яго энергічнасці і настойлівасці мы паспяхова выкарыстоўвалі не толькі свае фонды, але і тыя, якія воб­ласць выдзяляла іншым раёнам, але яны не здолелі іх асвоіць. Па выніках 1985 года калектыў быў узнагароджаны пераходным чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, УЦСП і ЦК УЛКСМ.

Я прыйшоў у калектыў у 1974 годзе (да гэтага 7 гадоў з’яўляўся старшынёй Юнькаўскага сельскага Савета) і адпрацаваў тут на пасадзе інжынера па кадрах па 2002 год. З поўнай адказнасцю скажу, што прадпрыемства было сапраўднай кузняй кадраў. У нас быў створаны свой вучэбны пункт, дзе рыхтавалі трактарыстаў, токараў, зваршчыкаў, слесараў, стропальшчыкаў. Таксама накіроўвалі людзей на вучобу ў Пастаўскае СПТВ, на курсы ў Віцебск, Мінск. Калектыў быў вялікі, але дружны. Немалаважную ролю ў гэтым адыгрывала пярвічная партыйная арганізацыя, якую мне даверылі ўзначальваць. Што б там сёння ні гаварылі пра Камуністычную партыю, але яна і выхоўвала, і аб’ядноўвала людзей, накіроўвала іх на дасягненне пастаўленых задач. Хачу назваць прозвішчы людзей, якія асабліва вызначыліся ў «Сельгастэхніцы», а з цягам часу выраслі ў перспектыўных кіраўнікоў. Гэта Алег Валодзька, Пётр Касцень, Міхаіл Бутар, якіх, на жаль, ужо няма ў жывых, а таксама Эдуард Казура, Баляслаў Шылько, Ілья Глушонак, Пётр Скурко.

Пасля распаду СССР «Аграпрамтэхніка» год загодам пачала здаваць свае пазіцыі і ў выніку цалкам развалілася. Бачыць гэта было вельмі цяжка. А з былымі калегамі мы да гэтага часу падтрымліваем сувязь: сазвоньваемся, сустракаемся і з настальгіяй успамінаем гады сумеснай плённай працы.

Запісала Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.