Посмотрите, какие изделия создает своими руками Марина Соболь из Постав

Важное Общество

Фантазія плюс працавітасць

Пераступаю парог кватэры пастаўчан Марыны і Аляксандра Собаляў — і акунаюся ў тонкі, прыемны водар мёду і траў.

— Гэта пахне з маёй «лабараторыі», — з усмешкай тлума­чыць гаспадыня і праводзіць мяне ў адзін з пакояў. У ім на паліцах мноства розных пластмасавых кантэйнераў, каробак, вядзерцаў і іншага «скарбу». Але ніякага беспарадку: усё акуратна расстаўлена і падпісана, каб у працэсе стварэння вырабаў можна было хутка знайсці патрэбныя кампаненты.

Шмат іх, вырабаў, я ўбачыла на Марынінай старонцы ў «Інстаграме». Уразіўшыся, напрасілася на сустрэчу. У роднай вёсцы Аляксандра — Мястэчка — сям’я трымае вялікую пасеку. Зараз гэта 60 пчоласем’яў, а некалькі гадоў назад было ажно 120. Гаспадар уваходзіць у рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускія пчаляры», ездзіў на розныя канферэнцыі, выстаўкі, дзяліўся сваім вопытам, вучыўся новаму ў іншых. Марыне таксама цікава ўсё гэта. Але яна не магла суправаджаць мужа, бо працавала медсястрой у ЦРБ, затым — у АДРАЦ «Ветразь».

— А вось калі пакінула работу, стала ўсюды ездзіць з Сашам, — расказвае. — Заўважыла, што многія прывозілі на выстаўкі не толькі мёд, іншыя пчолапрадукты, але і ўласныя вырабы. Вырашыла і сама заняцца імі. Пачала вырабляць свечкі з вашчыны, потым — мыла з мядовымі і іншымі кампанентамі. У наш час толькі не лянуйся — усяму навучышся: у інтэрнэце шмат майстар-класаў па любым рамястве.

У інтэрнэт-магазінах яна закуплівае мыльную аснову, формачкі, араматызатары, фарбавальнікі, дабаўкі, рознае масла… І нястомна чаруе над усім гэтым, пакуль не атрымаюцца фігуркі звяркоў, сасновыя і яловыя шышкі, мандарыны, маліна, ажына, мініяцюрныя качаны капусты, кветкі, а на іх — матылькі ды божыя кароўкі, многае іншае. А якія цудоўныя кампазіцыі стварае!

— Няма мяжы фантазіі, — прызнаецца Марына Уладзіміраўна. — Адны ідэі бяру з інтэрнэта, іншыя прыдумваю сама. «Вытворчы» працэс настолькі захоплівае, што не адарвацца. Мне не хапае часу ў сутках, асабліва перад святамі, калі попыт на свечкі, мыла, падарункавыя кампазіцыі вельмі ўзрастае.

Аляксандра і Марыну Собаляў добра ведаюць адміністрацыя і адпачывальнікі санаторыя «Прыазёрны». Яны ездзяць туды ўжо на працягу 19 гадоў. Не адпачываць, а працаваць. Пачыналі з продажу мёду і іншых пчолапрадуктаў. Пазней сталі прывозіць і вырабы з вашчыны, воску, мыла. Не абмяжоўваюцца толькі гандлем. У кінаканцэртнай зале Аляксандр паказвае відэа пра сваю пасеку, цікава расказвае пра пчалярства, запрашае прадэгуставаць мёд. Ахвотных збіраецца шмат. Заўсёды ў акружэнні людзей і Марына. Кожны раз яна праводзіць майстар-клас па вырабе свечак з вашчыны. Бывае, што на яго прыходзіць да паўсотні чалавек. Кожнаму дорыць свечку, зробленую ім самім падчас майстар-класа.

У кнізе водзываў на рэсэпшне санаторыя ёсць нямала падзяк Собалям. А яшчэ Марыне і Аляксандру вельмі дарагое падзячнае пісьмо, якое яны прывезлі з міжнароднай выстаўкі «Пчалярства і экалогія». У ёй удзельнічала 28 краін, праходзіла ў Чэхіі. Яшчэ больш пчаляроў — з 37 краін — сабрала міжнародная выстаўка ў Маскве, у Палацы з’ездаў. У іх ліку былі і Марына і Аляксандр Собалі. А колькі незабыўных эмоцый падарыла ім свята мёду і віна, што праходзіла ў Малдове! Пабывалі яны таксама на выстаўках у Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі. Вось на якую прастору выйшлі нашы пчаляры! Шкада, што пандэмія каранавірусу, а зараз і складаная міжнародная абстаноўка спынілі цікавыя і карысныя сустрэчы.

Але натхненне засталося. Без яго немагчыма было б аддаваць справе так шмат часу і ствараць столькі прыгажосці. Не толькі дзеля таго, каб зарабіць грошай, але і каб прынесці людзям радасць. «Мае ручныя вырабы выгадна адрозніваюцца ад фабрычных, — расказвала Марына Уладзіміраўна. — У іх няма хіміі. У якасці фарбавальнікаў выкарыстоўваю каву, сокі садавіны і агародніны, дабавак — рамонкі, календулу, мяту, аўсянае вотруб’е, араматызатары — харчовыя. Ну а самыя мае любімыя кампаненты — гэта, безумоўна, мёд і пропаліс.

З Марынай мы сустракаліся ў пераднавагоддзе, і яна не адпусціла мяне без сувеніра. А я ў сваю чаргу купіла ў яе яшчэ некалькі вырабаў на падарункі блізкім мне людзям. Прыгожае, духмянае мыла ручной работы ўсім прыйшлося даспадобы.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара і з сямейнага альбома Собаляў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.