Представители предприятий Поставщины выступили на ярмарке целевой подготовки в СШ №1

Образование

Рэкламавалі, абяцалі, запрашалі

У мінулую суботу ў СШ №1 адбыўся кірмаш мэтавай падрыхтоўкі, на які сабраліся навучэнцы 11-х класаў устаноў адукацыі раёна, іх бацькі і педагогі, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі шэрага арганізацый і прадпрыемстваў Пастаўшчыны.

Новае ў даўно вядомай форме

Прысутных у актавай зале школы вітаў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава. Ён адзначыў, што для 11-класнікаў, іх блізкіх і педагогаў гэты год асаблівы. І не толькі таму, што наперадзе выпускныя экзамены і паступленне ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Галоўная асаблівасць у тым, што праходзіць сёлета яны будуць па-новаму.

— Класныя кіраўнікі і адміністрацыя школ абмяркоўвалі з вамі новаўвядзенні, — гаварыў Павел Юр’евіч, звяртаючыся да навучэнцаў і бацькоў. — Я не буду на іх падрабязна спыняцца. Нагадаю толькі, што гэта і правядзенне цэнтралізаванага экзамену, і характарыстыка са школы, якую трэба будзе падаваць разам з іншымі дакументамі пры паступленні, і вялікая колькасць ільгот для адораных дзяцей — пераможцаў алімпіяд і выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Вялікая ўвага ў новых правілах уступнай кампаніі ўдзелена мэтавай падрыхтоўцы, якая павінна дапамагчы задаволіць патрэбу дзяржавы ў спецыялістах у сацыяльнай сферы, гаспадарчым комплексе і дзяржапараце. Сёння мы сабралі вас і запрасілі гасцей для таго, каб яны расказалі пра свае прадпрыемствы і арганізацыі, што могуць прапанаваць вам, адказалі на вашы пытанні. Для нас важна, каб кожны выпускнік выбраў прафесію па душы і пры яе выбары было больш яснасці і канкрэтыкі.

Падрабязна пра паступленне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі распавяла галоўны спецыяліст аддзела Наталля Есьман. Яна заўважыла, што такая форма набору абітурыентаў усім даўно вядомая. Аднак сёлета ў сувязі з прыняццем новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі вызначаны новыя падыходы да яе арганізацыі. Яны закранулі як павелічэнне колькасці бюджэтных месцаў для мэтавікоў, так і правядзенне самой уступнай кампаніі.

Калі гаварыць пра набор абітурыентаў з мэтавымі накіраваннямі, то колькасць бюджэтных месцаў для іх у навучальных установах рэспублікі павялічана ў сярэднім да 60%, а па некаторых спецыяльнасцях, напрыклад у галіне медыцыны, — наогул да 80%. Што да ўступнай кампаніі ў цэлым, то перш за ўсё змяніліся тэрміны яе правядзення і падачы дакументаў. Сёлета выпускнікі, якія выра­шаць браць мэтавае накіраванне, павінны падаць дакументы ў выбраную навучальную ўстанову ў перыяд з 3 па 7 чэрвеня. Затым пройдуць уступныя іспыты, і тыя, хто паспяхова іх вытрымае, да 13 чэрвеня будуць залічаны ў ВНУ.

Другі важны момант, на якім завастрыла ўвагу Наталля Ула­дзіміраўна, — самі іспыты. Каб паступіць па выбранай спецыяльнасці, абітурыенту неабходна падаць у прыёмную камісію два сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену. Яго 11-класнікі будуць здаваць 14 і 21 мая. Таксама адзін уступны экзамен праводзіць ВНУ. Экзаменацыйныя пытанні ўжо ёсць на сайце Міністэрства адукацыі, іх можна спампаваць і рыхтавацца па выбраным напрамку і прадмеце.

Сёлета Міністэрства адукацыі прадугледзела, што называецца, двайны шанц для мэтавікоў. Нягледзячы на тое, што ў навучальныя ўстановы яны паступаюць па асобным конкурсе, хтосьці можа яго проста не прайсці. І каб такія абітурыенты не засталіся «за бортам», ім даецца магчымасць перапасту­піць, але ўжо на агульных умовах. Таму ўсім выпускнікам неабходна ў маі зарэгістравацца для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання, якое пачнецца 14 чэрвеня.

Самае ж галоўнае, што адроз­нівае мэтавікоў ад астатніх абітурыентаў, — гэта наяўнасць дагавору аб мэтавай падрыхтоўцы. Ён падпісваецца трыма бакамі: выпускніком, выбранай ім навучальнай установай і прадпрыемствам альбо арганізацыяй, якія зацікаўлены ў будучым кваліфікаваным спецыялісце. Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі дазволіў сустрэцца двум бакам гэтага дакумента.

Пра вакансіі і бонусы

У якасці гасцей на мерапрыемства прыйшлі начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмітрый Куталёў, інспектар аддзела агранізацыйна-кадравай работы раённага выканаўчага камітэта Людміла Шубелька, першы намеснік дырэктара ААТ «Пастаўскі малочны завод» Георгій Касцень, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Рассеева, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Аляксандр Сварцэвіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела КБУП «Рассвет Пастаўскі» Алена Барадзёнак і першы намеснік каменданта пагранкамендатуры «Паставы» Яўгеній Заяц. З Мінска прыехаў выкладчык агульнавайсковай кафедры ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Чарэнка. Кожнаму госцю было дадзена слова. Яны расказалі, якія спецыялісты патрэбны іх арганізацыям і прадпрыемствам, дзе рыхтуюць такія кадры, пра ўмовы паступлення і тэрміны навучання ў профільных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах, бонусы для выпускнікоў, гатовых узяць мэтавае накіраванне, і іншае.

Як аказалася, найбольшую патрэбу ў кадрах мае аграпрамысловы комплекс раёна. Амаль ва ўсіх яго арганізацыях ёсць вакансіі спецыялістаў у галіне вытворчасці прадукцыі расліннага і жывёльнага паходжання, ветэрынарнай медыцыны і тэхнічнага забеспячэння сельскагаспадарчых працэсаў. І ўсе арганізацыі гатовы заключыць з выпускнікамі дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы з даплатамі да стыпендый у памеры ад 3 да 10 базавых велічынь. Але не толькі гэта з’яўляецца перавагай для тых, хто вырашыць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Для юнакоў тэрміновая ваенная служба можа быць заменена на службу ў рэзерве, да таго ж прайсці яе можна ўжо падчас вучобы, бо ва ўсіх сельскагаспадарчых ВНУ ў апошнія гады з’явіліся ваенныя факультэты. А маладыя спецыялісты зоаветэрынарнага профілю, якія прыйдуць працаваць у сельгасарганізацыі, па рашэнні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў будуць атрымліваць дадаткова да заработнай платы па 1 тысячы рублёў штомесяц.

Ветурачы і заатэхнікі ціка­вяць таксама Пастаўскі малочны завод, які нядаўна пачаў будаўніцтва новай малочнатаварнай фермы ў Бакавічах. Для асноўнай вытворчасці прадпрыемству патрабуюцца тэхнолагі. І кожнаму, хто возьме мэтавае накіраванне, яго кіраўніцтва абяцае штомесячную даплату да стыпендыі. Гарантуе яе і «Рассвет Пастаўскі», які, акрамя таго, гатовы аплачваць маладым спецыялістам здымнае жыллё. Свае бонусы і перавагі ёсць у сферы медыцыны і лясной гаспадаркі, сілавых структурах.

Сілавікоў разам з начальнікам РАУС і намеснікам каменданта пагранкамендатуры прадстаўляў выкладчык ваеннага факультэта БДУ. Ён расказаў пра факультэт і спецыяльнасці, якія можна атрымаць, каго на іх набіраюць і асаблівасці паступлення, а ў канцы запрасіў усіх 11 лютага на дзень адчыненых дзвярэй.

На гэтым першая частка мерапрыемства завяршылася. Выпускнікі і іх блізкія разышліся па кабінетах, дзе адбылася прадметная размова з прадстаўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў. Школьнікі і бацькі змаглі задаць гасцям пытанні, якія іх ціка­вяць, і больш-менш вызначыцца, куды і на якіх умовах паступаць. Практыка правядзення аналагічных сустрэч будзе прадоўжана.

Сёлета выпускнікі, якія вырашаць браць мэтавае накіраванне, павінны падаць дакументы ў выбраную навучальную ўстанову ў перыяд з 3 па 7 чэрвеня. Затым пройдуць уступныя іспыты, і тыя, хто паспяхова іх вытрымае, да 13 чэрвеня будуць залічаны ў ВНУ.

 Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.