Сколько кирпичных заводов было на Поставщине? Об этом — новая книга Игоря Прокоповича и его учениц

Главное Образование

Па «цаглінцы» склалі кніжку

Новы Двор, Вейсішкі, Каптаруны, Краскі, Свідна, Ласі, Рэпішкі, Дунілавічы,  Паставы, Варапаева… Як думаеце, што аб’ядноўвае гэтыя «жывыя» і ўжо неіснуючыя населеныя пункты Пастаўшчыны? Адказ нечаканы: у кожным з іх, аказваецца, некалі знахо­дзілася цагельня.

Шырокай аўдыторыі гэта стала вядома дзякуючы краязнаўцу, пісьменніку і настаўніку Пастаўскай гімназіі Ігару Пракаповічу і яго здольным і таленавітым вучаніцам —11- і 10- класніцам гэтай установы Лізавеце Афанасьевай і Карыне Шубельцы. Два гады назад яны ўзяліся за распрацоўку амаль недаследаванай тэмы цагельняў. Назбіранага па «цаглінцы» матэрыялу хапіла на невялікую кніжку. Яе прэзентацыя адбылася 20 студзеня ў Пастаўскай раённай бібліятэцы.

Аўтарамі кнігі «Цагельня» з’яўляюцца вопытны краязнавец Ігар Пракаповіч і яго маладыя паслядоўнікі — пераможца і прызёр рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па геаграфіі Ліза Афанасьева і прызёр раённых алімпіяд па беларускай мове Карына Шубелька

Гаворачы пра тое, як узнік інтарэс да тэмы, Ігар Пракаповіч адзначыў:

— Гістарычныя цэнтральныя часткі Пастаў, Лынтуп, Варапаева  і некаторых іншых населеных пунктаў Пастаўскага раёна забудаваны дамамі з чырвонай цэглы, якая выраблялася ў асноўным у тутэйшай мясцовасці. Гэта адметная асаблівасць мясцовай архітэктуры і падштурхнула нас да вывучэння працэсаў вытворчасці цэглы і пошуку цагельняў, на якіх яна выпускалася.

Пачынаючы распрацоўваць тэму, аўтары кнігі меркавалі, што на Пастаўшчыне было 5-7 цагельняў. Іх жа аказалася 32. Каштоўную інфармацыю пра размяшчэнне ў розныя часы ў Паставах і раёне цагельных заводаў дазволіў атрымаць аналіз карт рознага часу. Вывучаліся і штогадовыя даведнікі «Вся Россия» і «Адресные книги фабрично-заводской и ремесленной промышленности всей России», іншыя крыніцы.

Значная частка фактычнага матэрыялу была сабрана падчас правядзення краязнаўчых экспедыцый. За два гады вывучэння тэмы іх адбылося 8: тры — у Паставах і ваколіцах, астатнія — у розных кутках раёна. У некаторых вандроўках да кампаніі даследчыкаў роднага краю далучаліся навучэнцы гімназіі Яна Дзіковіч, Ілья Врублеўскі, лынтупчанін Анатоль Курак, аўтар гэтага матэрыялу.

Падчас экспедыцый былі знойдзены кавалкі бітай цэглы, падковы, кар’еры, дзе выбіралася гліна, рэшткі канструкцый цагельных заводаў. Плён прынеслі і размовы з мясцовымі краязнаўцамі і старажыламі.

Пра ўсе этапы даследавання цагельняў прысутным з дапамогай відэапрэзентацыі падрабязна расказала Карына Шубелька. Яна ж падвяла вынікі вялікай сумеснай работы. Яны ўнушальныя: краязнаўцы склалі сціслую характарыстыку 32 ужо неіснуючых цагельняў, стварылі карту з указаннем іх размяшчэння, вызначылі радовішчы гліны, на базе якіх маглі б быць створаны прадпрыемствы па выпуску керамічных вырабаў, — гэта Кураполле і Голбіца. Распрацаваны і турысцка-экскурсійны маршрут «Прамысловая спадчына Пастаўшчыны: вадзяныя млыны і цагельні», які ўключае тэхналагічную карту і тэкст экскурсіі.

Даследчая праца «Геаграфія цагельнай прамысловасці на тэрыторыі Пастаўскага раёна», выкананая Карынай Шубелькай і Лізай Афанасьевай пад кіраўніцтвам Ігара Пракаповіча, прайшла на рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару. На абласным конкурсе «Эўрыка» яна атрымала дыплом ІІ ступені.

Яе «калега» па краязнаўчай рабоце Лізавета Афанасьева такім жа чынам распавяла пра зной­дзеныя ў экспедыцыях цаглінкі з манаграмамі, якія ўяўляюць сабой спалучэнні літар «МР TR», «TR PM», «VP TR». Што азнача­юць адбіткі і дзе выраблялася такая цэгла, чытачы «Пастаўскага краю» маглі даведацца з артыкула Ігара Пракаповіча «Цэгла з манаграмай», надрукаванага ў «ПК» 15 снежня 2021 года. Публікавала газета і яго грунтоўны артыкул «Пошукі пастаўскіх цагельняў» — у №№ 91, 93, 95, 96 і 97 за 2021 год.

Пазнаёміцца з новай кніжкай можна ў раённай бібліятэцы, хутка яна паступіць у продаж у пастаўскі ўнівермаг і ў «Акадэмкнігу» ў Мінску. А дружная каманда аўтараў тым часам плануе новае даследаванне — у цэнтры іх увагі цяпер будуць бровары Пастаўшчыны.

Можа, не за гарамі прэзентацыя і яшчэ адной кніжкі?

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.