«Жаніцьба Цярэшкі». На посиделки в Дуниловичском СДК собралась молодежь из Юнек, Воропаева, Гуты, Лукашова, Новоселок

Культура

Яшчэ раз ажанілі Цярэшку

На працягу многіх гадоў на Пастаўшчыне праводзіцца асветніцкая акцыя «Святкуем па-беларуску». Ініцыятарам яе правядзення з’яўляецца Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна. 19 студзеня яго супрацоўнікі зноў арганізавалі гэта традыцыйнае мерапрыемства.

Сёлета фальклорныя гурты вырашылі сустрэцца на вячорках у Дунілавіцкім СДК, куды завітала моладзь з Юнек, Варапаева, Гуты, Лукашова, Навасёлак. Зала клуба была ўпрыгожана ў народным стылі, што падымала настрой гасцям мерапрыемства.

Яго галоўным героем стаў Цярэшка, вядомы ў беларускай міфалогіі як апякун маладых, язычніцкі бог. У цэнтры ўвагі ён быў нездарма. Менавіта ў сту­дзені нашы продкі ладзілі шэраг святочных абрадаў — пасля Каляд у іх пачыналіся так званыя «Крывыя вечары», якія працягваліся да Запускаў (20 студзеня). Адным з такіх святочных абрадаў і была «Жаніцьба Цярэшкі». З  поўным правам гэту моладзевую гульню-камедыю можна разглядаць як рэпетыцыю шлюбнага абраду, падрыхтоўку да сумеснага жыцця, жыцця ў каханні. Гэту думку пацвярджаюць словы гульні:

Цярэшка валочыцца,
Бо жаніцца хочацца.
Ён туды-сюды зірнець,
Дзе мілу сваю дзець.
Валочыцца, выглядае,
Хто да яго любасць мае…

У гульню, у якой гучала шмат пажаданняў, добрых слоў адно аднаму, закладваўся вялікі сэнс. Усе прыгаворы, хоць і жартоўныя, мелі сваё прызначэнне. Часта здаралася, што пасля гэтай гульні яе ўдзельнікі на самай справе ладзілі вяселле і вельмі добра жылі. Такія прыклады былі і ў нашым раёне.

Як праводзілася гульня? Моладзь збіралася ў адной хаце, загадзя дамовіўшыся з гаспадаром зладзіць «Жаніцьбу Цярэшкі». Доўжыўся абрад усю ноч. Пары пачыналі падбіраць роўна а дванаццатай гадзіне. Гэта рабілі «бацька» і «маці», якіх таксама выбіралі з ліку ­ўдзельнікаў гульні.

Мы, ладзячы вячоркі ў Дунілавіцкім СДК, таксама выбралі «бацькоў» — імі сталі Міхаіл Іваноўскі і яго жонка Галіна. Падабраныя пары «скруцілі» полькай. Потым яны танцавалі падэспань, кракавяк, лявоніху, «лысага». Падыгрывалі ім «музыканцікі» — Аляксандр  Пачкоўскі і Людміла Здраеўская. Вось каго трэба здымаць у ТіkТоk — шмат праглядаў было б гарантавана!

 «Жаніцьба Цярэшкі» – старажытны народны абрад, а таксама гісторыка- культурная каштоўнасць Беларусі, якая ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны  ЮНЕСКА.

Пасля таго як дзяўчат пазнаёмілі з хлопцамі, патрабавалася высветліць, што яны ўмеюць ра­біць па гаспадарцы. Ім прапанавалі конкурсы. «Бабулькі» размотвалі ніткі, лічылі грошы, ­удзельнічалі ў кулінарных конкурсах. «Дзядулькі» вызначалі, хто з іх хутчэй наламае дроў, заб’е цвік, успомніць ласкавыя словы. Потым гулялі ў іншыя гульні: «Яшчура», «Лямура», «Клубок».

Але ж былі яшчэ дзяўчаты, якім хлапцоў не хапіла. Вырашылі паваражыць ім на су­джанага. Самая запамінальная варажба была ў загадчыцы Дунілавіцкага СДК Іны Русецкай. Яна прынесла ў залу жывога пеўня, які павінен быў падзяўбці зерня з міскі той дзяўчыны, якая ў гэтым годзе пойдзе замуж. Пеця важна хадзіў па зале, а потым пабег да выхаду. Мусіць, таму што дзяўчаты падабраліся школьнага ўзросту і замуж ім яшчэ ранавата…

Такая вось вясёлая вечарына адбылася ў Дунілавічах. І вельмі прыемна, што моладзь у ёй удзельнічала настолькі актыўна. Нават словы гульняў ведала! А ўсё таму, што актыўна наведвае клубныя мерапрыемствы. Мы, старэйшае пакаленне, спадзяёмся, што рабіць гэта яна будзе і надалей.

Святлана Марозава, спецыяліст па этнаграфіі і фальклоры ЦКіНТ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.