Доната Самкович давно на протяжении 27 лет возглавляла одну из бригад колхоза «Первое мая»

Общество

На роднай зямлі

Даната Самковіч даўно на пенсіі, але ў думках нярэдка вяртаецца на палеткі былой луцк-казлоўскай паляводчай брыгады калгаса «Першае мая», якую ўзначальвала на працягу 27 гадоў.

А першы калгас у вёсцы Луцк-Казлоўскі ў 1949 годзе арганізоўваў яе бацька, Станіслаў Мядзюха. Ён жа і ўзначаліў яго. Пазней працаваў намеснікам старшыні, брыгадзірам. Аднак у 1968-м трагічна загінуў.

Бацькаву справу прадоўжыла дачка: пасля заканчэння Смальянскага сельгастэхнікума яна стала брыгадзірам.

— Вельмі любіла сваю работу, — прызнаецца. — Носячыся па палях, з’ездзіла тры матацыклы: адзін свой і два калгасныя. Людзей у брыгадзе было многа, усе стараліся. Вырошчвалі зерневыя, лён, кукурузу, бульбу, караняплоды. Калі пасля ўзбуйнення брыгад нашу расфарміравалі, вельмі шкадавала пра гэта. 11 гадоў загадвала фермай. А агульны стаж працы ў калгасе ў мяне 38 гадоў. Да гэтага часу захоўваю пераходны чырвоны вымпел, якім брыгада была адзначана за найвышэйшую ў рэспубліцы ўраджайнасць. Але хіба нашы тагачасныя паказчыкі можна параўнаць з цяперашнімі? Кожнае лета ўважліва сачу ў «Пастаўскім краі», як у раёне ідзе жніво і якая ўраджайнасць. Асабліва ўражваюць паказчыкі ААТ «Хаціла-агра». Нават не ўяўляю, як можна атрымаць амаль 70 цэнтнераў зерневых з гектара. Радуюся і поспехам навасёлкаўцаў. Малайцы, хлебаробы!

Засталіся на роднай зямлі і дзеці Данаты Станіславаўны. Дачка Наташа загадвае магазінам у Казлоўшчыне. Сын Аляксандр — механізатар мясцовай гаспадаркі (зараз гэта СП «Дунілавічы-агра»). Падчас сяўбы, корманарыхтоўкі, уборкі ўраджаю ён штогод выхо­дзіць у лік пераможцаў спаборніцтва не толькі на сельгаспрадпрыемстве, але і ў раёне. Фотаздымак Аляксандра неаднаразова змяшчаўся ў «Пастаўскім краі».

Між іншым жонка Аляксандра Ірына — карэнная мінчанка. Яна нарадзілася ў сталіцы, вывучылася там на выхавальніка дзіцячага садка. З Сашам пазнаёмілася, калі прыязджала да бабулі ў Казлоўшчыну. Маладыя людзі пакахалі адно другога, стварылі сям’ю. У Ірыны і Аляксандра і іх дзяцей мінская прапіска і трохпакаёвая кватэра ў сталіцы, якую мнагадзетная сям’я пабудавала з дзяржаўнай падтрымкай. Аднак яны аддалі перавагу далёкай нават ад райцэнтра неперспектыўнай вёсачцы.

Даната Станіславаўна расказвала пра сына і нявестку як пра руплівых гаспадароў і клапатлівых бацькоў. «Іра не цураецца ніякай сялянскай работы, — гаварыла. — Спраўляецца ў агародзе, даглядае жыўнасць, выпякае тарты, пірагі, пячэнне, шые. Такую нявестку, як яна, яшчэ пашукаць трэба».

У сям’і Самковіч — чацвёра дзяцей. Трое ўжо дарослыя. Дачка Каця, якая жыве ў Мінску, нават унука і ўнучку ім падарыла. Сын Міхаіл закончыў каледж электрасувязі. Зараз працуе ў Мінску і завочна вучыцца ў Беларускім агратэхнічным універсітэце. Максім выбраў прафесію чыгуначніка. Зараз праходзіць тэрміновую службу ў арміі. У Станіславаўны ёсць яшчэ адна ўнучка — Наташына дачка. Бабуля вельмі ганарыцца Машай. Дзяўчына закончыла Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, загадвае Бягомльскай участковай бальніцай.

— Але найбольшая мая радасць — другакласнік Косця, — дзялілася Даната Станіславаўна. — Ён часта бывае ў мяне. Вучым з ім вершы, рашаем задачы. А які памочнік! Летам падбірае яблыкі ў садзе, зграбае траву і звозіць на тачцы ў хлеў. Зімой прыносіць дровы ў хату, расчышчае снег. Працаўнік расце! І ўвогуле добра, калі дзеці жывуць побач і ёсць шмат радні. Мы і гаспадарку трымаем агульную, і на зямлі ўпраўляемся разам. Найбольшая нагрузка кладзецца на сына, бо ён працуе з тэхнікай. Мае свой трактар, саджалку, капалку, іншае прычапное. Бульбу кожны год убіраем талакой.

Вядома, іх аб’ядноўвае не толькі праца. Разам адзначаюць дні нараджэння, рэлігійныя святы, дзеляцца планамі, абмяркоўваюць дасягнутае. Адным словам, жывуць у еднасці. У наш час, калі прэстыж сям’і вельмі пахіснуўся, гэта асабліва каштоўна.

Фаіна Касаткіна
Фота з сямейнага архіва Самковічаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.