В концертном зале «Витебск» в пятницу прошло мероприятие, посвященное 85-летию области

Общество

Адзначылі юбілей, ушанавалі найлепшых

У канцэртнай зале «Віцебск» у пятніцу прайшло мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю вобласці. У яго рамках ушанавалі лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны-2022», ветэранаў працы, а таксама найлепшых работнікаў розных сфер, хто прымнажае здабыткі паўночнага рэгіёна сёння.

Прафесійныя заслугі 50 найлепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў, арганізацый, устаноў з усіх раёнаў вобласці адзначаны ў 5 намінацыях. У адной з іх — «Прамысловасць», — як мы паведамлялі ў мінулым нумары, — дырэктар ААТ «Паставымэбля» Сяргей Лацецкі. На ўрачыстасці прысутнічала дэлегацыя Пастаўшчыны на чале са старшынёй райвыкакама Сяргеем Чэпікам.

Дыплом лаўрэата звання «Чалавек года Віцебшчыны-2022» Сяргею Лацецкаму ўручае Аляксандр Субоцін

Цёплыя словы прывітання жыхарам Віцебскай вобласці накіравалі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. У прывітальным адрасе Прэзідэнта, у прыватнасці, сказана:

Вобласць прадаўжае нарошчваць эканамічны патэнцыял. Па выніках работы за мінулы год яна заняла 1-е месца ў рэспубліцы па экспарце тавараў, рознічным і аптовым тавара­звароце, 2-е — па валавым рэгіянальным прадукце і экспарце паслуг. Упершыню на 1-м месцы па колькасці заваяваных дыпломаў у рэспубліканскай алімпіядзе па школьных прадметах.

Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык віншуе з узнагародай Сяргея Петухова

Паўночны рэгіён Беларусі заўсёды славіўся прыгажосцю прыроды, унікальнымі помнікамі, рамёствамі і майстрамі, а яшчэ – доблесцю і стойкасцю жыхароў у гады ліхалецця, як гэта было падчас Вялікай Айчыннай вайны. На Віцебшчыне добра ведаюць цану Перамогі, умеюць захоўваць народную памяць, традыцыі і вернасць роднай зямлі. Дзякуючы нястомнай працы многіх пакаленняў развіваецца сельская гаспадарка, асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, будуюцца найноўшыя прадпрыемствы, мадэрнізуецца вытворчасць, ствараецца сучасная сацыяльная інфраструктура.

За ўсімі дасягненнямі — старанне людзей, якія сваёй шматгадовай стваральнай працай пішуць летапіс Прыдзвіння і закладваюць фундамент для нашчадкаў. У аблвыканкаме прайшло ўшаноўванне ветэранаў працы, заслужаных людзей вобласці, хто сёння прымнажае яе патэнцыял. Сярод ўзнагаро­джаных і пастаўчане. Шматгадовая добрасумленная праца дырэктара камунальнага будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства  «Рассвет Пастаўскі» Альфрэда Мальца, яго высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у дасягненне высокіх паказчыкаў у будаўнічай галіне адзначаны Падзякай Прэм’ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь. А галоўны ўрач абласнога дзiцячага рэабiлiтацыйнага аздараўленчага цэнтра «Ветразь» Сяргей Петухоў за высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё сферы аховы здароўя, паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ўзнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Каштоўны падарунак атрымаў Эдуард Казура, які з 2004 па 2008 год кіраваў нашым раёнам, затым выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання.

Альфрэд Малец і Пётр Пархомчык

У рамках юбілейнай цырымоніі ў фае канцэртнай залы разгарнулася выстава-прэзентацыя прадукцыі прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна. Там была прадстаўлена і прадукцыя Пастаўскага малочнага завода. Дырэктар Дома рамёстваў «Стары млын» народны майстар Беларусі Таццяна Петух на выставе элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Віцебшчыны «Васільковая спадчына продкаў» прэзентавала традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я і беларускія мастацкія практыкі саломапляцення.

Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам найлепшых калектываў Віцебшчыны. Пас­таўшчыну прадстаўлялі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны ансамбль «Па­азер’е» і вучаніца Навасёлкаўскай школы імя А. А. Ва­лодзькі, удзельніца міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі «Дзіцячая Новая Хваля-2022» Злата Ярашэвіч.

Анна Анішкевіч
Фота газеты «Витебские вести»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.