Ветеран труда, бывший главный зоотехник колхоза «Знамя Победы» Таиса Крескиян отметила юбилей

Общество

Аснова ўсяго – стваральная праца

Таісу Іванаўну Крэскіян ведаю з таго часу, калі яна яшчэ працавала галоўным заатэхнікам калгаса «Сцяг Перамогі», дырэктарам райплемстанцыі, затым зноў вярнулася ў калгас. Неаднаразова даводзілася пісаць пра справы ў жывёлагадоўлі перадавой на той час гаспадаркі. Важкім быў уклад у дасягненне высокіх паказчыкаў і галоўнага заатэхніка.

Жанчына даўно на пенсіі, і я выпусціла яе з поля зроку. На гэтым тыдні са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіліем Катовічам заглянулі да ветэрана працы, каб павіншаваць з юбілеем. Едзем прасёлачнай дарогай у Баранавічы. (Таіса Іванаўна, каб дапамагчы дачцэ ў будаўніцтве дома ў Маладзечне, прадала свой прасторны ў Юньках і купіла меншы ў Баранавічах.) Гаспадыню сустракаем на панадворку. Яна толькі што закупілася ў аўталаўцы і была здзіўленая прыезду чужой машыны.

— Людзей у нас тут мала, — расказвала Іванаўна. — Вёска ажывае вясной, калі пачына­юць гаспадарыць дачнікі, тады і машыны часцей праязджаюць. А цяпер толькі паштовая ды аўтамагазін. Але мне сумаваць няма часу. Трымаю козачку, свіней, свінаматку, ёсць парасяткі, куры. Пакуль усіх абыду, накармлю, і час міне. З дзяцінства ўсвядоміла, што аснова ўсяму — стваральная праца.

Таіса нарадзілася ў суседнім Кулакове. З дзяцінства была прывучана да сялянскай працы. Скончыла СШ №2, паступіла ў Смальянскі тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў для калгасаў і саўгасаў. Атрымала дыплом з адзнакай і прыехала ў родны калгас. Маладога спецыяліста адразу прызначылі галоўным заатэхнікам. Працавала пад кіраўніцтвам такіх мудрых кіраўнікоў-прафесіяналаў, як Эдуард Ляшковіч, Аляксандр Мухля. Завочна з адзнакай закончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут.

— Вучыцца мне было лёгка, таму што мела практычны вопыт, — азараецца ўсмешкай твар суразмоўцы. — Аднагрупнікі называлі мяне хадзячай энцыклапедыяй, бо магла даць адказ на любое пытанне. З настальгіяй успамінаю гады работы ў калгасе. Адказнасць была вялікая, але ў любой справе можна было даверыцца людзям. Жывёлаводы добрасумленна выконвалі свае абавязкі: старанна даглядалі жывёлу, дабіваліся высокіх прываг і надояў. Сярод найлепшых даярак — Валянціна Шылей. Акрамя высокіх надояў, ад 100 кароў атрымлівала 100 цялят (захаванасць 100-працэнтная). Сярод свінарак вызначалася Ніна Ермаловіч. Механізатар Васілій Дзеравянка з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

Сама Таіса Крэскіян удзельнічала ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Ад раёна на яе ездзіла разам з дырэктарам саўгаса «Пастаўскі» Казімірам Марцінкевічам і галоўным інжынерам калгаса імя Чапаева Віктарам Квяткоўскім. Была заахвочана экскурсійнай паездкай на Поездзе дружбы ў Германію.

Важнай падзеяй для калгаса было ўзвядзенне жывёлагадоўчага комплексу, дзе ўтрымліваліся цяляты на дарошчванні, цялушкі для ўзнаўлення статка. Загадвала ім Кацярына Лапушынская. Бычкоў закуплялі ва ўсіх гаспадарках раёна. Яны добра прыбывалі ў вазе. Моцнай была ветэрынарная служба на чале з Герардам Шпакавым. Затым яго змяніў Аляксей Філімонаў. Аляксандр Мухля падабраў моцную каманду спецыялістаў. Добрых вынікаў дабіваліся работнікі розных галін вытворчасці. Галоўнымі аграномамі ў свой час працавалі Часлаў Літвіновіч, Надзея Грынько, галоўным эканамістам — Галіна Катовіч. Кожны душой хварэў за справы гаспадаркі.

— На жаль, былі складаныя перыяды ў развіцці Беларусі, — гаварыла Таіса Крэскіян. — Яны ўплывалі і на справы ў гаспадарцы. Па паўгода затрымлівалі зарплату, не было за што ку­піць самае неабходнае. Ратавала праца. На ўласным падворку вяскоўцы, у іх ліку і я, трымалі не па адной карове, свіней, курэй, іншую жыўнасць. Сёлетні год Прэзідэнт краіны аб’явіў Годам міру і стваральнай працы. Мы, старэйшае пакаленне, вельмі цэнім такі пасыл. З расказаў бацькоў ведаем, што такое ваеннае ліхалецце, дзяцінства прыпала на гады станаўлення калгасаў. Час быў цяжкі. А цяпер жывём пад мірным небам, у дастатку. Я ў аўталаўцы звычайна купляю толькі хлеб, цукар, муку ды алей. Мясныя і малочныя прадукты свае. Нягледзячы на паважаны ўзрост, не магу без справы. Лічу, што жыццё — гэта рух. Удзячная дырэктару сельгаспрадпрыемства «Сцяг Перамогі-агра» Ігару Маслоўскаму за ўвагу да ветэранаў працы.

Успамінала Таіса Крэскіян і тое, як весела ладзілі навагоднія агеньчыкі, іншыя святочныя мерапрыемствы. На жаль, многія калегі адышлі ў іншы свет, многія па-ранейшаму тэлефануюць. Ім ёсць што ўспомніць. Учора Таіса Іванаўна адзначыла юбілейны дзень нараджэння. Было мноства званкоў, шчырых віншаванняў і пажаданняў. Жанчына ні на што не наракае. Цяпер рэдка сустрэнеш чалавека, які быў бы задаволены ўсім.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.