Директор райбыткомбината Тереза Корчажко рассказала, какие услуги оказывает их предприятие

Важное Общество

«Бытоўцы» – быць?

Акрамя камунальнікаў, заўтра сваё прафесійнае свята адзначаюць і работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва. Напярэдадні яго карэспандэнт «Пастаўскага краю» ўзяла інтэрв’ю ў дырэктара райбыткамбіната Тэрэзы Карчажкі.

— Тэрэза Вільгельмаўна, прабачце за зусім не святочнае пытанне, але ці запатрабаваныя зараз вашы паслугі?

— Безумоўна, у параўнанні з мінулымі дзесяцігоддзямі аб’ём паслуг, якія аказвае райбыткамбінат, намнога скараціўся. Але яны запатрабаваныя як у гора­дзе, так і ў сельскай мясцовасці.

— І што вы прапануеце вяскоўцам?

— Тое ж самае, што і гараджанам. У сельскай мясцовасці працуе 6 комплексных прыёмных пунктаў: у Варапаеве, Лынтупах, Камаях, Навасёлках, Юньках, Гуце. У кожным вядзецца прыём заказаў на пашыў адзення, рамонт абутку, пранне, чыстку пяра, цырульніцкія і іншыя паслугі. Бытавікі абзвоньваюць вяскоўцаў, потым выязджаюць у населеныя пункты, дзе прымаюць заказы, а праз некаторы час дастаўляюць гатовыя. Акрамя таго, мы рэалізуем пральныя парашкі, іншыя сродкі для чысткі і мыцця. Дзейнасць кожнага КПП залежыць ад старання і ініцыятыўнасці прыёмшчыкаў заказаў. Безумоўна, вёскі пусцеюць, колькасць жыхароў у іх змяншаецца з кожным годам. І гэта негатыўна адбіваецца на нашай рабоце. І ўсё ж мы дабіваемся пэўных поспехаў.

— Напрыклад?

— Па выніках мінулага года пераможцам раённага спаборніцтва прызнаны Лынтупскі комплексны прыёмны пункт. У зоне яго абслугоўвання — 63 населеныя пункты з колькасцю насельніцтва больш за 2 тысячы чалавек. Ім аказана бытавых паслуг на суму 20,6 тысячы рублёў, што складае 132,4% да ўзроўню 2021 года. Тэрэса Хмылко, якая гаспадарыць тут, не толькі прымае і выдае заказы, але і аказвае цырульніцкія паслугі.

Пастаянна на добрым рахунку Навасёлкаўскі КПП, дзе працуюць прыёмшчыца Эма Касцюк і швачка Раіса Еўдакімава. Найлепшых слоў заслугоўвае Марына Кавалёнак, якая займаецца выязным абслугоўваннем жыхароў Ярэўскага і Курапольскага сельсаветаў, а таксама вёскі Казяны Браслаўскага раёна. Цырульнік Наталія Пронька стала лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2022». Хіба гэта не гонар? У цырульні стараюцца таксама Ангеліна Шаламава, Вікторыя Казунова. Прыйшлі і чатыры маладыя цырульнікі.

— У кожнай справе чалавечы фактар адыгрывае вялікую ролю…

— Бязмежна ўдзячная тым работнікам, хто цалкам аддае сябе справе. У нас працуе нямала лю­дзей, якія ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту, але не пакінулі калектыў. Напрыклад, у швейным цэху гэта Алена Кузняцова, Алена Камчатная, Рамуальда Штура. А колькі запалу і энергіі ў загадчыцы швейнага атэлье Кацярыны Казловай! Як шмат цікавых ідэй яна прапануе! Ці, скажам, Часлава Булгакава, без якой не было б абутковага ­атэлье «Сапожок». Нягледзячы на тое, што праца вельмі цяжкая, спраўляецца з ёй. Хапае і заказаў, бо цэны на рамонт абутку ў нас ніжэйшыя, чым у прыватнікаў.

— Якія паслугі найбольш запатрабаваныя?

— У швейным цэху, акрамя названых жанчын, працу­юць Марына Кавалёнак і Алена Несцярэнка, якая з’яўляецца і прыёмшчыкам заказаў. Тут шыюць рабочае адзенне на заказы прадпрыемстваў або арганізацый. Напрыканцы мінулага года шмат пашчыравалі над вырабам сцэнічных касцюмаў для раённага Дома культуры. Шыем таксама шторы, цюлі, пасцельную бялізну з бязі, коўдры, падушкі, пледы і іншае. Частка швейных вырабаў выконваецца па заказах комплексных прыёмных пунктаў. Прымаем заказы і на рамонт адзення, абкідванне дываноў. Таксама вырабляем рытуальныя вянкі і карзіны, якія рэалізуюцца ў КПП і адміністрацыйным будынку РКБА.

У пральні вялікі аб’ём работы выконваюць усяго тры чалавекі: Галіна Чыгір, Юлія Лапко і Вольга Міцюшкіна. Пральня аказвае паслугі ЦРБ, шпіталю, воінскім часцям, гасцініцам УП ЖКГ, аграсядзібам, а таксама асобным грамадзянам. Мы адзіныя з бытавікоў вобласці захавалі такую паслугу, як расчэсванне воўны, і да нас звяртаюцца па яе з іншых раёнаў.

— А якое фінансавае становішча райбыткамбіната?

— Працуем ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з боку прыватнага бізнесу, таму фінансавае становішча даволі складанае. Мінулы год завяршылі без страт, але выжываць цяжка. Выраслі цэны на ваду, электраэнергію, намнога павялічыўся падатак на нерухомасць. Мы некалькі будынкаў здаём у арэнду, але стаўка на яе не павышалася ўжо чатыры гады. Аднак своечасова выплачваем зарплату, разлічваемся па падатках і з фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.

— Што пажадаеце калектыву ў свята?

— Найперш шчыра дзякую сённяшнім работнікам, а таксама тым, хто зараз на пенсіі, але ў свой час шмат гадоў адпрацаваў у сферы бытавога абслугоўвання. Нізкі паклон вам за добрасумленную працу, прафесіяналізм, цярпенне. Жадаю ўсім здароўя, згоды ў сем’ях, мірнага неба.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.