На VI Открытый районный конкурс юных пианистов собралось 33 участника из 7 районов Витебщины

Культура

33 удзельнікаў з 7 раёнаў Віцебшчыны сабраў нядаўна ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча VI адкрыты раённы конкурс юных піяністаў.

Прадэманстраваць свае музыкальныя здольнасці і выканальніцкае майстэрства ў Паставы прыехалі навучэнцы Ушацкай, Міёрскай, Глыбоцкай, Шаркаўшчынскай, Докшыцкай, Крулеўшчынскай і Лепельскай дзіцячых школ мастацтваў. Пры гэтым добрую палову ўдзельнікаў складалі прадстаўнікі нашага раёна — навучэнцы Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза, Варапаеўскай ДШМ імя І. Сушко і яе Навасёлкаўскага філіяла.

Перад пачаткам музычнага спаборніцтва канкурсантаў і іх выкладчыкаў віталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская і старшыня журы — старшыня цыклавой камісіі Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Вольга Яраш. Яны пажадалі юным талентам творчага натхнення і цудоўных выступленняў, а таксама каб падобны да белага ветразя раяль стаў для кожнага надзейным талісманам у падарожжы па бязмежным акіяне фартэпіяннай музыкі.

Затым на сцэну выйшлі канкурсанты. Яны былі падзелены на чатыры групы: малодшую «А» (да 8 гадоў уключна), малодшую «Б» (9—10 гадоў), сярэднюю (11—12 гадоў) і старэйшую (ад 13 гадоў). Усе выконвалі па тры творы: паліфанічны, абавязковую п’есу і п’есу на выбар. І хоць выступленні былі часткова падобнымі, адзін і той жа твор маленькія піяністы даносілі кожны па-свойму. Таму журы было даволі складана вызначыць найлепшых выканаўцаў абавязковых п’ес. Імі сталі Варвара Базелева і Яна Крыстуціс з Пастаўскай ДШМ, якія занялі 1-я месцы ў малодшай і сярэдняй групах.

Увогуле, прадстаўнікі судзейскай калегіі не паскупіліся на ўзнагароды і раздзялілі ўсе прызавыя месцы. Калі гаварыць пра нашых канкурсантаў, то ў малодшай «А» групе дыпломамі І ступені ўзнагароджаны Валерыя Шакола, Арына Петух і Дар’я Пачкоўская, ІІ ступені — Марыя Дзісько і Вераніка Татун з Варапаеўскай ДШМ, ІІІ ступені — Лізавета Падгайская. У малодшай «Б» групе, акрамя Варвары Базелевай, дыпломаў І ступені ўдастоены Надзея Амяльчак і Аляксандра Новікава, ІІ ступені — Дамініка Борыс і Ганна Лысёнак, ІІІ ступені — Аліса Юркова, Паліна Балай з Варапаеўскай ДШМ і Васіліса Валабуева з Навасёлкаўскага філіяла. У сярэдняй групе 2-е месца і адпаведны дыплом у Ксеніі Тамілінай, 3-е месца — у Дар’і Грэські і Паліны Януш. У старэйшай узроставай групе 2-е месца заняла Ганна Колесень. Гран-пры конкурсу сёлета дастаўся навучэнцу Лепельскай ДШМ Максіму Мігно.

Усе прызёры разам з дыпломамі атрымалі невялікія падарункі ад спонсара «Вясенніх нотак» — Цэнтра друку і капіравання ТАА «Митаро».

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.