Работа сотрудников отделения уголовного розыска — раскрытие преступлений и поиск преступников

Безопасность

4 сакавіка — дзень беларускай міліцыі

Маюць вопыт і пра што расказаць

Яны не прывыклі да публічнасці, бо іх работа — раскрыццё злачынстваў і пошук асоб, якія іх здзейснілі. А для гэтага трэба быць непрыкметнымі. Таму і міліцэйскую форму апранаюць вельмі рэдка, стараюцца не трапляць у журналісцкі фотааб’ектыў і просяць не называць сябе падчас інтэрв’ю. Але абысці ўвагай напярэдадні прафесійнага свята супрацоўнікаў аддзялення крымінальнага вышуку — а менавіта пра іх размова — мы не маглі: яны заслугоўваюць увагі, як ніхто іншы.

— Асаблівасць службы крымі­нальнага вышуку ў тым, што вынікі яе работы заўсёды на віду, — гаварыў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Куталёў. — І нам ёсць чым пахваліцца: студзень і люты закончылі з працэнтам раскрывальнасці злачынстваў 82. Ды і за мінулы год мелі высокі вынік. А ў 2020-м наша падраздзяленне было прызнана найлепшым ва ўсёй Віцебскай вобласці.

Па словах Дзмітрыя Віктаравіча, у вышуку можа працаваць далёка не кожны супрацоўнік міліцыі. Тут, акрамя прафесійных ведаў і ўменняў, трэба мець нестандартнае мысленне, быць кемлівым, каб абхітрыць жуліка, пралічыць наперад хады прадстаўнікоў крымінальнага свету. Важна таксама разбірацца ў псіхалогіі і ўмець наладжваць кантакт з людзьмі, быць гатовым да таго, што цябе могуць выклікаць на службу ў любы час дня і ночы незалежна ад таго, выхадныя гэта ці будні. Да таго ж пры затрыманні злачынцы аператыўнік рызыкуе здароўем і жыццём.

Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Дзмітрый Шыман і оперупаўнаважаны Андрэй Грэська разам з намеснікам начальніка РАУС — начальнікам крымінальнай міліцыі Яўгеніем Самсонавым вывучаюць магчымы маршрут руху падазронага ў злачынстве

У штаце аддзялення крымі­нальнага вышуку РАУС 7 чалавек на чале з Дзмітрыем Шыманам. Ён — адзін з самых вопытных начальнікаў названых падраздзяленняў не толькі на Віцебшчыне, але і ў рэспубліцы. Прафесійны шлях пачаў у 1998 годзе з пасады ўчастковага інспектара міліцыі. У 2005-м быў пераведзены ў вышук, а праз 4 гады стаў яго кіраўніком. Сярод падначаленых Дзмітрыя Юр’евіча ёсць супрацоўнікі, якія таксама маюць вялікі вопыт работы: праслужылі 10 і больш гадоў. Ёсць і маладыя, якія пакуль вучацца ў старэйшых калег.

У кожнага оперупаўнаважанага свая зона абслугоўвання ў раёне і свая лінія работы. Адзін займаецца раскрыццём маёмасных злачынстваў: крадзяжоў, грабяжоў, разбояў. Другі — злачынстваў супраць асобы: забойстваў, згвалтаванняў, хуліганстваў, незаконнага абароту зброі. Трэці — — злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Чацвёрты — пошукам асоб, якія хаваюцца ад правасуддзя або прапалі без вестак…

Д. Шыман і яго калегі могуць шмат пра што расказаць з уласнай практыкі. Яны раскрываюць дастаткова складаныя справы, многія з якіх набылі шырокі грамадскі рэзананс. З ліку апошніх — серыя крадзяжоў з аб’ектаў гандлю і абслугоўвання горада, што адбылася мінулым летам. Каб знайсці злодзея, які здзейсніў аналагічныя крадзяжы ў Віцебску і Мінску, пастаўскім аператыўнікам прыйшлося месяц практычна жыць на рабоце. У 2021 годзе яны затрымалі групу асоб з судзімасцю, якія займаліся вымагальніцтвам з прымяненнем фізічнай сілы ў грамадзян, звязаных з кантрабанднай дзейнасцю. Некалькі дзён назад па гарачых слядах раскрылі крадзеж з падпалам дома ў адной з вёсак раёна.

— Крадзяжы складаюць 75-80% ад усіх злачынстваў, якія рэгіструюцца ў раёне, — апавядаў Дзмітрый Шыман. — Але ў апошнія гады ўсё часцей даводзіцца мець справу са злачынствамі, якія здзяйсняюцца ў сетцы Інтэрнэт ці з яе выкарыстаннем. Раскрыць іх вельмі цяжка, і ў гэтым нам дапамагае ўпраўленне па процідзеянні кіберзлачыннасці УУС Віцебскага аблвыканкама, якое ўзначальвае былы начальнік пастаўскага райаддзела міліцыі Аляксандр Гарус. Здараюцца таксама забойствы, прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Над іх раскрыццём мы працуем да таго часу, пакуль не знойдзем злачынцу.

Сённяшнія аператыўнікі падтрымліваюць сувязь з тымі, хто раней працаваў у крымінальным вышуку. Гэта Уладзімір Дзячэнка, Ігар Варабей, Уладзімір Рагачоў, Аляксандр Рамановіч. Іх Дзмітрый Юр’евіч называе прафесіяналамі з вялікай літары. Цікавяцца адзін у аднаго справамі, дзеляцца навінамі, дапамагаюць у бытавых пытаннях. Часам ветэраны паведамляюць інфармацыю, якая карысная ў рабоце. І такая сувязь пакаленняў вельмі важная.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.