Участники проекта «Каждый шаг — история» посетили памятные места Первой мировой войны

История

Крокі ў гісторыю Першай сусветнай

Напрыканцы лютага ў Паставах стартаваў раённы адукацыйна-края­знаўчы праект «Кожны крок — гісторыя». Яго галоўная мэта — натхніць дзяцей і дарослых вывучаць найбагацейшую гісторыю роднага краю. У тым, што гэта сапраўды атрымліваецца, пераканалася карэспандэнт «ПК» Іна Сняжкова, адправіўшыся з арганізатарамі праекта па другім распрацаваным маршруце.

Першы, нагадаю, называўся «Паставы. Рэха Вялікай Айчыннай вайны». Цяпер настала чарга вывучаць Першую сусветную, якая пакінула на Пастаўшчыне нямала незвычайных, а часам і загадкавых слядоў. Крочыць па іх 16 сакавіка сабраліся прадстаўнікі Пастаўскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, аддзела спорту і турызму райвыканкама, устаноў адукацыі, раённага краязнаўчага музея, іншыя зацікаўленыя гэтай тэмай пастаўчане.

Спачатку ўдзельнікі праекта накіраваліся да палаца Тызенгаўзаў. У яго падвальных памяшканнях знаходзяцца выставачныя залы музея, у тым ліку і з экспазіцыяй, прысвечанай Першай сусветнай вайне. Тут жа, каля палаца, прысутныя разгарнулі карту праекта і абмеркавалі краязнаўчы маршрут, па якім неўзабаве адправіліся.

Першымі месцамі прыпынку сталі воінскі ўчастак на гарадскіх могілках каля вёскі Макараўцы, дзе перапахаваны астанкі больш чым 130 салдат Вялікай вайны, і лінія ўмацаванняў Першай сусветнай «Пастаўская вышыня» каля вёскі Дукі. Удзельнікі праекта таксама спыніліся каля мемарыяльнай дошкі ў гонар подзвігу падпрапаршчыка ­85-га пяхотнага Выбаргскага палка І. Ф. Дружыніна, устаноўленай на адным з будынкаў па вуліцы Чырвонаармейскай, наведалі бе­зыменнае пахаванне воінаў Рускай імператарскай арміі каля касцёла Святога Антонія Падуанскага.

Затым усе вярнуліся ў музей, дзе з прэзентацыі даведаліся, якая вялікая работа праводзіцца ў раёне па ўшанаванні памяці пра ахвяр той напаўзабытай вайны. Самымі актыўнымі яе арганізатарамі з’яўляюцца прадстаўнік ваенна-гістарычнага клуба «Пастаўскі гарнізон» і дабрачыннага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» Дзмітрый Жураў і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Пастаўскай гімназіі, валанцёр «Крокаў» Аляксандр Кузняцоў. Менавіта яны, а таксама юныя даследчыкі Першай сусветнай Аліна Дзіковіч, Анжаліка Радулевіч і Аляксей Апанасевіч падрабязна расказалі пра падзеі Вялікай вайны на кожным з прыпынкаў турыстычнага маршруту.

У рамках праекта распрацаваны і іншыя краязнаўчыя падарожжы. Прэзентацыя чарговага запланавана на красавік.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.