Ядвига Данилевич 2 десятка лет отдала работе в Козловщинском сельском совете

Общество

Цяпло ўвагі сагравае

Ядвіга Станіславаўна пераступіла парог сельвыканкама і ледзьве стрымала слёзы: ускалыхнуліся ўспаміны.

Два дзясяткі гадоў яна аддала рабоце ў Казлоўшчынскім сельскім Савеце. Была сакратаром, затым — яго старшынёй. Больш за тое, на працягу двух гадоў давялося адначасова выкон­ваць абавязкі старшыні сельскага Савета і старшыні калгаса «1 Мая». Уяўляеце, якая вялікая нагрузка ляжала на яе плячах? Не кожны мужчына справіўся б. А яна спраўлялася.

Пра гэта і гаварыў старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Курто, прыехаўшы павінша­ваць Ядвігу Данілевіч з юбілеем. Шмат цёплых слоў пачула яна ў той дзень таксама ад старшыні раённага савета ветэранаў Ганны Літвіновіч, старшыні сельскага Савета Ірыны Кукоўскай, былых калег і сённяшніх работнікаў. Даведалася, што па выніках мінулага года сельскі Савет заняў 3-е месца ў раёне, і парадавалася гэтаму: «Значыць, я перадала яго ў надзейныя рукі. Падрыхтавала дастойную змену».

Знаходзячыся на пенсіі, Ядвіга Станіславаўна не перастае цікавіцца справамі сельскага Савета і раёна, з’яўляецца намеснікам старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі сельсавета. І вядома ж, зараз мае дастаткова часу на хатнія справы (а гаспадыня яна адметная). 45 гадоў побач надзейны спадарожнік — муж Леанід, разам з якім зведалі не толькі шмат радасці, але і пераадольваюць немалыя цяжкасці (Леанід — інвалід I групы). Найцяплейшае для іх месца — дом у Навінках. Найбольшая радасць — трое годных дарослых дзяцей і столькі ж унукаў.

— Якое прыгожае свята зла­дзілі ў мой юбілей дзеці і ўнукі! Столькі сюрпрызаў, кветак, прызнанняў у любові! — зноў расчульваецца мая суразмоўца.

Было і шмат падарункаў. Адзін з іх вельмі практычны — цяпліца з полікарбанату. Расада для высадкі ў яго ў Станіславаўны ўжо ўзыхо­дзіць. Значыць быць ураджаю! А што да юбілею, то няхай іх будзе яшчэ некалькі.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.