На базе Поставского государственного колледжа прошла профориентационная встреча

Образование

Знайсці прызванне ў сельскай гаспадарцы заклікалі выпускнікоў школ Пастаўшчыны прадстаўнікі сельскагаспадарчых ВНУ Беларусі.

Інфармацыю пра факультэты і спецыяльнасці навучальных устаноў можна атрымаць з розных крыніц. Але калі пра ўмовы паступлення, вучобы і пражывання, правядзенне вольнага часу, самарэалізацыю, дадатковыя бонусы расказваюць прадстаўнікі ВНУ, то ўспрымаецца ўсё гэта значна лягчэй. З мэтай аказання падтрымкі навучэнцам у выбары сферы будучай прафесійнай дзейнасці на базе Пастаўскага дзяржаўнага кале­джа прайшла прафарыентацыйная сустрэча.

На яе прыехалі дэкан аграрнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта дацэнт, кандыдат тэхнічных навук Віктар Лоўкіс, дацэнт кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчай жывёлы Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Сяргей Базылеў, старшы выкладчык кафедры агульнапрафесійных і спецыяльных юрыдычных дысцыплін Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Вячаслаў Мацюк і выкладчык адасобленага структурнага падраздзялення «Аграрны каледж Віцебскай акадэміі ветмедыцыны» Вікторыя Лук’янава.

Госці засяродзілі ўвагу на тым, што падыходы да развіцця сельгасвытворчасці ўвесь час мяняюцца, таму галіне неабходныя падрыхтаваныя спецыялісты з сучаснымі ведамі. Сістэма вышэйшай аграрнай адукацыі ў Беларусі дынамічна развіваецца. Прадстаўнікі названых навучальных устаноў падрабязна расказалі пра іх.

Інспектар аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Людміла Шубелька нагадала выпускнікам пра магчымасць заключэння мэтавага дагавора для паступлення ў аграрныя ВНУ і гарантыі, якія ён дае пры паступленні і падчас вучобы. Са спецыяльнасцямі, на якія сёлета будзе ажыццяўляцца прыём у Пастаўскі дзяржаўны каледж, пазнаёміла часова выконваючая абавязкі дырэктара Наталля Лятоха.

У якасці патэнцыйнага наймальніка на сустрэчы прысутнічаў першы намеснік дырэктара Пастаўскага малочнага завода Георгій Касцень. Усе ахвотныя маглі падысці да любога са спікераў і задаць пытанне.

Навучэнцы каледжа, якія наведваюць аб’яднанне па інтарэсах «Гармонія», паказалі прысутным гумарыстычную сцэнку пра вясковае жыццё. Затым гаспадары правялі майстар-класы па выпечцы ажурных бліноў, арыгінальным і прыгожым складанні сурвэтак, сервіроўцы банкетнага стала, лепцы з каляровай мастыкі, а таксама па рабоце матора-тэстара для дыягностыкі сістэмы запальвання легкавога аўтамабіля. Удзельнікі прафарыентацыйнай сустрэчы наведалі выставы тэхнічнай творчасці навучэнцаў каледжа, кулінарных і хлебабулачных вырабаў.

Ужо ў сярэдзіне мая ў выпускнікоў 11 класаў пачнуцца цэнтралізаваныя экзамены, 1 чэрвеня — у 9-класнікаў. Уступныя экзамены для мэтавікоў пройдуць з 6 па 13 чэрвеня (у залежнасці ад выбранай ВНУ), цэнтралізаванае тэсціраванне — з 14 чэрвеня па 6 ліпеня. Таму самы час канчаткова вызначыцца з выбарам.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.