В Поставском государственном колледже стартовали ЦЭ и ЦТ

Важное Образование

Не паспелі адзвінець апошнія званкі ў школах, як для 11-класнікаў пачалася самая гарачая пара — выпускныя экзамены і паступленне ў выбраныя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Стаць іх студэнтамі і навучэнцамі школьнікі могуць, толькі маючы сертыфікаты цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання. Першы ЦЭ — па прадмеце на выбар — яны здавалі ўжо 26 мая.

З ручкай, пропускам і пашпартам

Пунктам правядзення цэнтралізаванага экзамену ў нашым раёне вызначаны Пастаўскі дзяржаўны калеж. З 10 гадзін раніцы ў аўторак (экзамен пачынаўся ў 11.00, а прыбыць у пункт ЦЭ школьнікі павінны былі не пазней чым у 10.30) да яго адзін за адным пачалі пад’язджаць школьныя аўтобусы з вучнямі. Толькі 11-класнікі СШ №3 дабіраліся ў каледж пяшком, паколькі гэта школа знаходзіцца ўсяго за некалькі соцень метраў ад яго.

Пакінуўшы ўсе рэчы настаўнікам, якія іх суправа­джалі, выпускнікі заходзілі ў будынак, трымаючы ў руках пропуск, пашпарт і капілярную ручку з чарнілам чорнага колеру. Тым, хто здаваў хімію і фізіку, дазвалялася ўзяць з сабой яшчэ і просты аднарадковы калькулятар, які выконвае базавыя арыфметычныя дзеянні. На ўваходзе вучняў сустракалі работнікі каледжа — члены арганізацыйнай камісіі. Яны рэгістравалі іх, звяралі даныя з унесенымі ў спісы звесткамі і накіроўвалі ў патрэбныя аўдыторыі, знайсці якія дапамагалі стрэлкі-паказальнікі.

В Поставском государственном колледже стартовали ЦЭ и ЦТ

У авангардзе матэматыка

Цэнтралізаваны экзамен здавалі 165 чалавек: 164 11-класнікі і 1 экстэрн. На яго з’явіліся ўсе зарэгістраваныя. Вызваленых, у тым ліку па стане здароўя, сёлета не было. 64 выпускнікі выбралі для здачы матэматыку, 39 — грамадазнаўства, 31 — біялогію, 17 — гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (гэта дысцыпліна ў пераліку прадметаў на выбар з’явілася ўпершыню), 9 — англійскую мову, 3 — хімію і 2 — геаграфію. Задзейнічаны былі 12 аўдыторый.

На выкананне тэставых заданняў адводзілася ад 90 хвілін (геаграфія, грамадазнаўства, гісторыя) да 3,5 гадзіны (матэматыка). Важным новаўвядзеннем гэтага года стала тое, што цяпер пры рэгістрацыі ў бланку адказаў выпускнікі павінны былі ўказваць не серыю і нумар пашпарта, а ідэнтыфікацыйны нумар. Гэта дазволіць ім не мя­няць сертыфікат ЦЭ, тэрмін дзеяння якога 2 гады, пры замене пашпарта.

Пад строгім кантролем

Працэс здачы ЦЭ кантралявалі педагагічныя работнікі. У кожнай аўдыторыі знаходзіліся тры настаўнікі школ раёна. Пры гэтым педагогі, якія выкладаюць прадмет, па якім право­дзіцца экзамен, а таксама тыя, хто сёлета працуе ў 11 класе, ва аўдыторыі не дапускаліся. Педагогам, як і вучням, было забаронена браць з сабой у пункт ЦЭ мабільныя тэлефоны, іншыя гаджэты і асабістыя рэчы. Камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаваных экзаменаў на Пастаўшчыне ўзначальваў старшыня райвыканкама Станіслаў Чымбург. Таксама на экзамене з самага яго пачатку і да здачы матэрыялаў фельд’­егерскай службе прысутнічаў прадстаўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці.

За шпаргалку, прысутнасць або выкарыстанне тэлефона, спробу вынесці з аўдыторыі экзаменацыйныя матэрыялы, рабочыя лісты, рукапісныя заметкі і іншыя носьбіты інфармацыі, уключаючы запісы на руках, удзельніку ЦЭ пагражала выдаленне з экзамену. Пераздаць прадмет у такім выпадку можна будзе толькі ў жніўні, калі ўступная кампанія ў асноўным завершыцца.

З першых вуснаў

Выходзіць з аўдыторый школьнікі пачалі дзесьці праз гадзіну пасля пачатку ЦЭ. Першых, хто справіўся з заданнямі, карэспандэнт «ПК» папрасіла падзяліцца ўражаннямі ад экзамену і расказаць пра падрыхтоўку да яго.

В Поставском государственном колледже стартовали ЦЭ и ЦТКсенія Гунько, СШ №4 імя В. Ф. Франтова:

— Я здавала гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, бо буду паступаць на факультэт журналістыкі БДУ. Рыхтавалася вельмі старанна. Займалася з рэпетытарам і самастойна, асабліва актыўна, па 12 гадзін, — два апошнія дні. Перачытвала канспекты, гартала падручнікі, рашала тэсты, глядзела ролікі на YouTube. Таму асаблівых цяжкасцей на экзамене не ўзнікла. Усе пытанні тэста былі мне знаёмыя, я прапрацавала іх. Тым не менш на некаторыя адказала няправільна: штосьці недавучыла. Але ў большасці выпадкаў упэўненая ў правільнасці сваіх адказаў.

 

В Поставском государственном колледже стартовали ЦЭ и ЦТКірыл Волк, Камайская СШ:

— Збіраюся паступаць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны на факультэт фізічнай культуры, таму здаваў біялогію. У тэсце было нямала складаных, на мой погляд, пытанняў, на якія не змог адразу адказаць. Каб не зрабіць памылак, спачатку прапусціў іх, а потым вярнуўся, падумаў і, спадзяюся, даў правільныя адказы. Да экзамену рыхтаваўся самастойна. У нас у школе цудоўны настаўнік біялогіі Алена Іванаўна Русак. На ўроках яна ўсё вельмі добра тлумачыць. Наведваў таксама факультатыў па прадмеце, дзе паўтарыў праграму з 9 па 11 клас.

 

В Поставском государственном колледже стартовали ЦЭ и ЦТГанна Скарнякова, СШ №2 імя Н. М. Асяненкі:

— Выбрала геаграфію. Спадзяюся, здала паспяхова, таму што пытанні былі дастаткова лёгкія. Многае я добра ведала і была ўпэўненая ў сваіх адказах. Разлічваю на дастаткова высокі вынік. На рэпетыцыйным тэсціраванні па гэтым прадмеце я набрала каля 70 балаў. Думаю, цяпер будзе не менш за 80. Рыхтавалася да ЦЭ па тэстах з рэпетытарам на працягу двух гадоў. Ужо тады вырашыла, што буду здаваць геаграфію. Для паступлення выбрала Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, спецыяльнасць «Урбаналогія і сіці-менеджмент» — гэта кіраванне гарадской інфраструктурай.

Што будзе далей

Учора школьнікі здавалі другі ЦЭ — па адной з дзяржаўных моў. Экзамен па рускай мове ў нашым раёне выбраў 131 выпускнік, па беларускай — 34. Працягваўся ён 2 гадзіны, праходзіў у тых жа 12 аўдыторыях.

Вынікі абодвух экзаменаў будуць вядомыя ў пачатку чэрвеня. Іх 11-класнікі ўбачаць у сваіх асабістых кабінетах на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Сертыфікаты ЦЭ яны атрымаюць 12 чэрвеня на выпускных вечарах у школах і гімназіі разам з атэстатамі аб агульнай сярэдняй адукацыі. Да гэтага выпускнікі, якія паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, павінны здаць яшчэ і цэнтралізаванае тэсціраванне. Яно будзе праводзіцца 2 і 5 чэрвеня.

Таццяна Рудзік, класны кіраўнік, настаўнік матэматыкі СШ №4 імя В. Ф. Франтова:

В Поставском государственном колледже стартовали ЦЭ и ЦТ— Цэнтралізаваны экзамен па матэматыцы вырашылі зда­ваць 11 вучняў з майго класа. У ведах сваіх дзяцей я ўпэўненая. Яны мэтанакіраваныя, шмат займаліся. У нас профільны клас, большасць вучняў вывучалі матэматыку на павышаным узроўні — на яе адводзілася 6 гадзін на тыдзень. З 14 такіх дзяцей 9 выбралі экзамен па гэтым прадмеце, 2 — з базавай групы.

Падрыхтоўка да ЦЭ была вельмі сур’ёзная. Акрамя школьных урокаў, праводзіліся факультатыўныя заняткі, былі арганізаваны платныя адукацыйныя паслугі па прадмеце. Вучні рыхтаваліся і самастойна: займаліся на дыстанцыйных курсах, праходзілі дыстанцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне, запушчанае Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў, здавалі рэпетыцыйны экзамен па матэматыцы.

Перад ЦЭ я і намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Таццяна Ананьеўна Данілевіч настройвалі іх на пазітыў, на 100-бальны вынік. Сярод маіх вучняў ёсць тыя, хто можа яго паказаць. Спадзяюся, так і будзе. Падчас рэпетыцыйнага экзамену набраны максімум склаў 96 балаў — у тэсце была дапушчана ўсяго адна памылка.

Станіслаў Чымбург, старшыня раённай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаваных экзаменаў:

В Поставском государственном колледже стартовали ЦЭ и ЦТ— Пункт ЦЭ быў цалкам падрыхтаваны да школьных экзаменаў, аўдыторыі, дзе вучні іх здавалі, — абсталяваны ўсім неабходным згодна з інструкцыяй. Прынялі таксама неабходныя меры па стварэнні бяспечных умоў знаходжання ў будынку школьнікаў і педагогаў. У памяшканнях і на вуліцы ўвесь час дзяжурылі супрацоўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў. Задзейнічаных у правядзенні ЦЭ асоб праінструктавалі па ўсіх пытаннях. Экзамены прайшлі арганізавана і спакойна. Парушэнняў — спроб спісаць, пранесці з сабой ва аўдыторыю забароненыя прадметы або вынесці экзаменацыйныя матэрыялы — не выяўлена. Прадстаўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю, які знаходзіўся ў пункце ЦЭ, таксама не зрабіў нам ніякіх заўваг.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.