Отвечает участковый инспектор милиции. Почему важно не пускать в свой дом незнакомцев?

Безопасность

Не пускайце ў дом незнаёмцаў

У апошні час у Беларусі пачасціліся выпадкі махлярства ў адносінах да пажылых людзей не толькі з выкарыстаннем інтэрнэту, але і па-ранейшым «сцэнарыі». Злачынцы пранікаюць у дамы адзінокіх пенсіянераў пад маркай продажу або пакупкі розных тавараў, пад выглядам работнікаў аховы здароўя, сацыяльнай, камунальнай, газавай службаў і выманьваюць ці крадуць грошы, залатыя вырабы, іншыя каштоўныя рэчы.

Нядаўна так пацярпела пенсіянерка з вёскі Сяргеевічы нашага раёна. 3 красавіка да яе дамоў завіталі дзве незнаёмыя жанчыны. Адна з іх, якая прадавала адзенне, угаварыла купіць кофту за 150 рублёў. Другая, прадставіўшыся работнікам газавай службы, прапанавала замяніць газавы балон і шлангі да яго, якія быццам бы знасіліся. «Падлічыла», колькі будуць каштаваць абсталяванне і работа, склала «дагавор» і, узяўшы з гаспадыні 280 рублёў, паабяцала: балон і шлангі прывязуць заўтра.

Аднак чакаць наступнага дня пенсіянерка не стала. Спахапіўшыся, што яе, хутчэй за ўсё, падманулі, патэлефанавала ў міліцыю. І дзякуючы аператыўным дзеянням супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, візіцёрак неўзабаве ўдалося затрымаць. Аказалася, абедзве яны жывуць у Маладзечне, на Пастаўшчыну прыехалі на таксі і на ім жа раз’язджалі па вёсках.

Узбуджана справа па арт. 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Вядзецца следства.

Як жа не стаць ахвярай махляроў? Вось што раіць старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Юрый Смірноў:

— Не спяшайцеся адчыняць дзверы незнаёмым людзям, нават калі яны прадстаўляюцца работнікамі розных сацыяльных і камунальных службаў. Папрасіце іх прад’я­віць дакументы, а затым патэлефануйце ў адпаведныя ўстановы і пацікаўцеся, ці накіроўвалі яны да вас свайго супрацоўніка і як яго прозвішча. Або паведаміце пра асоб, якія стаяць за дзвярыма, па тэлефоне 102: пры паступленні кожнага такога звароту па месцы жыхарства пенсіянера выязджае нарад міліцыі для праверкі візіцёраў.

Калі незнаёмцы пад выглядам сацыяльных работнікаў усё ж зайшлі ў кватэру або дом, неабходна зачыніць дзверы і пастаянна знаходзіцца побач з тым месцам, дзе захоўваюцца грошы. Запатрабуйце ў няпрошаных гасцей дакументы, якія пацвярджаюць іх прыналежнасць да сацслужбы, і звяжыцеся па тэлефоне 102 з прадстаўнікамі органаў унутраных спраў для таго, каб пераканацца ў правамернасці дзеянняў незнаёмцаў.

Не захоўвайце грошы ў шафах з бялізнай, пад матрацам на ложку, не пакідайце на бачным месцы, дзе іх лёгка могуць знайсці чужыя людзі. Буйныя сумы лепш аднесці ў банк.

І яшчэ. Ні ў якім выпадку не купляйце лякарствы і медыцынскія апараты ў людзей, якія прадстаўляюцца медыцынскімі работнікамі, нават калі гэтыя тавары ўкамплектаваны інструкцыямі і сертыфікатамі якасці і прадаюцца з заманлівай скідкай. Памятайце, што названыя дакументы можна лёгка падра­біць, а цана на такія лякарствы і апараты ў аптэках у некалькі разоў ніжэйшая і скідкі пенсіянерам там гарантаваныя.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.