Поставчане Олег Парневич, Вячеслав Антихович и Павел Кишко поделились воспоминаниями о Чернобыле

Общество

За 30 кіламетраў ад месца катастрофы

26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС здарылася найбуйнейшая за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі аварыя: рэактар на 4-м энергаблоку быў поўнасцю разбураны, і вялікая колькасць радыеактыўных рэчываў трапіла ў навакольнае асяроддзе. У ліквідацыі наступстваў катастрофы ўдзельнічалі сотні тысяч людзей. Тысячы мясцовых жыхароў былі вымушаны пакінуць родныя мясціны, якія хутка сталі бязлюднымі. Але знаходзіліся і тыя, хто хацеў пажывіцца чужым дабром. На іх шляху стаялі атрады міліцыі, якія дапамагалі ў адсяленні, патрулявалі апусцелыя населеныя пункты, выконвалі задачы па спыненні марадзёрства. Пра службу ў 30-кіламетровай зоне адчужэння мне расказалі ветэраны Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Парневіч, Вячаслаў Анціховіч і Павел Кішко.

Ніколі не забыць людскіх вачэй

14 мая 1986 года Алег Парневіч збіраўся на работу ў аддзел пазаведамаснай аховы (так называлася тады аддзяленне Дэпартамента аховы). Але незадоўга да выхаду з дома ў дзверы пастукаў ва­дзіцель і паведаміў, што яму неабходна ехаць у камандзіроўку ў чарнобыльскую зону. Міліцыянеры, як і ваенныя, загады не абмяркоўваюць. І Алег Баляслававіч разам з Алегам Лысёнкам з аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС першымі з пастаўчан увайшлі ў зводны атрад супрацоўнікаў міліцыі па забеспячэнні парадку ў выселеных вёсках.

Вячаслаў Анціховіч тады служыў у аддзяленні ДАІ Бешанковіцкага раёна. Пасля аварыі на ЧАЭС яго адправілі на курсы дазіметрыстаў, а ў ліпені 1986-га — у 30-кіламетровую зону (тэрыторыя Брагінскага раёна). Дома засталіся жонка і паўтарагадовы сын. У зоне адчужэння ён сустрэў і пастаўчан — братоў Трафімавых, Валянціна Руткоўскага. Яны былі землякамі жонкі Вячаслава. У 1996-м Анціховічы пераехалі ў Паставы, і Вячаслаў Грыгор’евіч уладкаваўся на службу ў аддзел пазаведамаснай аховы, дзе пасябраваў з Алегам Парневічам і Паўлам Кішко.

Вельмі кароткім быў мядовы месяц у Паўла Кішко: 13 верасня 1986 года маладыя згулялі вяселле, а 30-га ён ужо быў у камандзіроўцы за 30 кіламетраў ад месца катастрофы.

Усе трое да драбніц памятаюць кожны дзень, праведзены ў зоне павышанага ўзроўню радыяцыі. Гэта пастаянны металічны прысмак у роце, анамальна высокая тэмпература паветра, нясцерпная смага, пустыя вуліцы і дамы, цёмныя вокны… Міліцыянеры жылі хто ў будынку школы, хто — у палатцы. Ім выдавалі спецадзенне, рэспіратары, індывідуальныя дазіметры. Дзяжурылі па 12 гадзін. Асноўнай задачай атрада была ахова магазінаў, складоў, дамоў і маёмасці ў іх. Вартавыя парадку ставілі на дзверы дамоў пломбы, перыядычна правяралі іх наяўнасць, сачылі, каб не было падпалаў.

У той час усе думалі, што эвакуацыя часовая, у людзей жыла надзея, што яны вернуцца сюды.

— Мне асабіста запомніліся вочы мясцовых жыхароў, якія вымушана ў спешным парадку пакідалі жыллё і ўсё нажытае гадамі, — гаварыў Алег Парневіч. — У гэтых вачах быў такі боль! Некаторыя старыя ўсё ж заставаліся. Ідзеш ноччу па вёсцы — цішыня гнятлівая, электрычнасць адключаная, цемната, а ў доме гарыць свечка, за сталом сядзіць чалавек. Гэта так дзіка! Людзі не разумелі маштабаў трагедыі і яе наступстваў. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны гаварылі: «На фронце мы бачылі ворага і з ім ваявалі. А што тут пагражае майму жыццю?»

Жудасна і трывожна

У маі, калі ў зону адчужэння прыехаў Алег Парневіч, прырода раскашавала: наўкола зеляніна, птушкі спяваюць — прыга­жосць! Вячаслаў Анціховіч змяніў папярэднікаў у ліпені. Знаходжанне Паўла Кішко ў 30-кіламетровай зоне прыпала на кастрычнік. Многія вёскі к восені так пазарасталі бур’яном, што іх немагчыма было адшукаць. К таму часу адзічэла пакінутая гаспадарамі хатняя жывёла, балюча было на яе глядзець. І калі кароў, коней, свіней ліквідавалі ў першую чаргу, то птаства заставалася. Куры ад галодных сабак ратаваліся, узлятаючы на дрэвы, гусі, качкі навучыліся пералятаць у іншыя месцы. Сабакі і каты збіраліся ля патрульных машын і чакалі, калі іх пакормяць. Міліцыянеры дзяліліся з імі сухім пайком, выдадзеным на змену.

А як вабілі ў агародах клубніцы, вялікія сакавітыя яблыкі ў садах, мноства грыбоў у лесе, рыбы ў вадаёмах! Некаторыя не маглі ўтрымацца: мылі садавіну мінеральнай вадой і елі, лавілі рыбу і варылі юшку. Эфектыўным метадам для змывання радыеактыўнага пылу з цела лічылася мыццё ў лазні. А вось электронны гадзіннік на забруджанай тэрыторыі не працаваў…

Савічы, Глухавічы, Чыкалавічы, Новы Сцяпанаў і іншыя пустыя населеныя пункты пастаўчане патрулявалі ў складзе зводнага атрада. Там у дамах засталося шмат каштоўных рэчаў, і яны былі прыцягальнымі для аматараў лёгкай нажывы. Смяротная небяспека ў выглядзе радыяцыі іх не спыняла. Марадзёры пранікалі ў зону адчужэння ноччу, абходнымі шляхамі. Некаторыя ўмудраліся браць пропускі і прыязджалі на машынах: вывозілі мэблю, дываны і многае іншае. Трапляліся і «металісты», якія выпілоўвалі метал і забіралі яго для далейшага выкарыстання. Жудасна і трывожна было ад разумення, што радыяцыя мала таго што разносілася ветрам, дык яшчэ — і людзьмі.

У чарнобыльскай зоне Алег Парневіч і Павел Кішко ў другі раз пабывалі праз год: у складзе ансамбля «Вітанне», які дзейнічаў пры РАУС, выступалі перад тымі, хто тады нёс службу ў Нароўлі. Пасля канцэрта артыстаў вазілі на экскурсію ў зону адчужэння. Многія вёскі к таму часу ўжо былі зруйнаваныя і закапаныя ў зямлю.

Памяць пра тых, хто адышоў

З моманту аварыі на ЧАЭС мінула 37 гадоў. Мае суразмоўцы ўспаміналі не толькі час знаходжання ў зоне адчужэння, але і тых, з кім разам тады былі ў камандзіроўцы: братоў Ігара і Вячаслава Трафімавых з Варапаева, Валянціна Руткоўскага з Пастаў, Алега Лысёнка з Юнек. На жаль, яны ўжо даўно пайшлі з жыцця. Несумненна, зрабіла сваю справу радыяцыя…

Алег Парневіч, Вячаслаў Анціховіч і Павел Кішко ў адзін дзень звольніліся з аддзялення Дэпартамента аховы, атрымаўшы права на пенсію. Але без справы не засталіся: доўгі час працавалі вартаўнікамі ў АДРАЦ «Ветразь». Пазней Вячаслаў Анціховіч уладкаваўся ў Пастаўскі мэблевы цэнтр, дзе быў брыгадзірам, станочнікам, цяпер — у ахове цэнтра. Працягваюць працаваць і Павел Кішко з Алегам Парневічам. Актыўныя ўсе трое і ў грамадскім жыцці. Заўсёды адклікаюцца на запрашэнні кіраўніцтва аддзялення на розныя святочныя мерапрыемствы. Удзячныя, што іх памятаюць, шануюць, аказваюць матэрыяльную дапамогу.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.