XXXII чемпионат Беларуси по волейболу. Продолжается борьба во втором дивизионе

Спорт и туризм

Усё бліжэй фінал

Пасля месячнага перапынку працягнулася барацьба ў другім па сіле дывізіёне айчыннага валейбола. У мінулыя выхадныя каманды 1-й лігі сабраліся ў Салігорску, дзе прайшоў перадапошні этап папярэдняга раўнда першынства. Там пастаўчане згулялі з гродзенцамі і мінчанамі.

У аслабленым складзе

«Легіён-2» (Гродна)—«Атлант» (Паставы) — 3:0
1 дзень. 3:0 (25:19; 25:21; 25:17)

Матч з гродзенскім «Легіёнам» для нашай каманды быў трэцім па ліку ў сезоне і аказаўся вельмі няпростым. Дагэтуль «атлантаўцы» на сваёй пляцоўцы саступілі яму (2:3 і 1:3). З-за кадравых праблем разлічваць на станоўчы вынік было цяжка і на гэты раз. На выездзе ў Салігорску ў «Атланта» адсутнічала палова валейбалістаў са стартавай шасцёркі, не было лібера і дыяганальнага Дзмітрыя Грыневіча. Капітан і распасоўшчык «Атланта» Руслан Сімагасціцкі шмат перамяшчаўся па пляцоўцы, каб вывесці партнёраў на завяршальны ўдар, але саперніку ўдалося выбіць нашу каманду з прыёму. Лідар напа­дзення Андрэй Казлоўскі не змог дзейні­чаць у адзіночку ў поўную сілу і паспяхова завяршыў толькі палову камбінацый. Часта памыляліся нашы і на іншых пазіцыях. У выніку гродзенцы перамаглі.

Найгоршы матч сезона

«Атлант» (Паставы)—РДВАР-2007 (Мінск) — 0:3
2 дзень. 0:3 ( 27:29; 21:25; 18:25)

На наступны дзень нашы землякі правялі самую няўдалую гульню сезона. Дагэтуль яны тройчы перамагалі мінчан, але ў гэтым супрацьстаянні шанцы на поспех калі і былі, то толькі ў стартавай партыі. Пастаўчанам удалося дагнаць саперніка пры ліку 20:24. Аднак у напружанай канцоўцы РДВАР згуляў мацней і выйшаў наперад. Пасля такой няўдачы пастаўчане сталі яшчэ больш хвалявацца, дапускаць памылкі і аддалі гульнявую ініцыятыву саперніку. Такім чынам, выхаванцы рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву без асаблівых намаганняў атрымалі першую перамогу ў сезоне.

У двух няўдалых паядынках у Салігорску згулялі Сімагасціцкі, Каспер, Канаш, Казлоўскі, Недзведзь, Пронька, Панавас, Вырвіч.

У заключным матчы тура дублёры салігорскага «Шахцёра» з лікам 3:0 у трэці раз адолелі гродзенцаў і з 24 набранымі ачкамі ўзначалілі турнірную табліцу. Услед за лідарам размясціўся гродзенскі «Легіён-2» (20 ачкоў), затым — наш «Атлант» (11) і мінчане (5), якія вышэй за 4-е месца ўжо не паднімуцца.

Заключны 6-ы тур папярэдняга этапа чэмпіянату пройдзе 22—23 красавіка ў нашым райцэнтры. Пастаўчане дома згуляюць з абодвума лідарамі, а 6—7 мая іх чакаюць найважнейшыя паядынкі першынства, якія адбудуцца ў Мінску.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.