Чэмпіянат Беларусі па футболе
Адвярнулася ўдача
ФСК «Паставы»–ФК «Міёры» – 0:1
Цэнтральная сустрэча 8-га тура ў Паставах стала сапраўдным святам прыгожага атакуючага футбола. На стадыёне сабралася амаль паўтысячы гледачоў. Супраць нашых на полі дзейнічалі два майстры спорту, легіянер з Камеруна Мво Борыс Эфанг, а ўсяго ў складзе чэмпіёна — 8 футбалістаў з вопытам гульняў у вышэйшай і першай лігах.
На 5-й хвіліне наш абаронца Дзяніс Маршын у скачку ўдарыў галавой, але варатар саперніка Ігар Даўгяла адбіў мяч. Па чарзе каманды сталі абменьвацца галявымі момантамі. Неўзабаве наш цэнтральны абаронца Павел Пучынскі выбіў мяч з лініі пустых варот. Лічаных сантыметраў не хапіла цэнтрфорварду пастаўчан Андрэю Вілейту, каб замкнуць галявы прастрэл. Не рэалізавалі да перапынку двойчы свае моманты для ўзяцця варот і міёрцы.
Сапернік гуляў на перамогу, але нашы адказвалі небяспечнымі контратакамі. Мог вызначыцца на 54-й хвіліне А. Вілейта, але яго ўдар заблакіравалі. Фаварыт у адказ правёў імклівую фланговую атаку, па паветры перавёў мяч на вугал варатарскай пляцоўкі. Туды ўварваўся снайпер міёрцаў Назар Іваноў і ўдарыў пад перакладзіну — 0:1. Наш сапернік да фінальнага свістка дзейнічаў актыўна, імкнуўся павялічыць сваю перавагу. Пастаўчане змагаліся да канца, праз тры хвіліны зарабілі права на небяспечны штрафны. На жаль, мяч пасля стрэлу Аляксандра Кучарава прасвісцеў над варотамі. Матч завяршыўся мінімальнай перамогай дзеючага чэмпіёна.
Яму саступілі Чашун, Касенка (Чатовіч), Голубеў (к, Галяш), Пучынскі, Маршын, Кундра, Камісарчук, Кучараў (Цыўнель), Жылевіч (Дзеўгуць), Каралёнак, Вілейта. У пастаўчан засталося 7 ачкоў, яны ідуць на 4-м прамежкавым месцы, а ў гэтыя выхадныя прымуць віцебскі «Газавік». Віцябчане дома адолелі аршанцаў з лікам 1:0. Лідарам застаўся «Полацк-2019», які на сваім полі разграміў (5:1) «Гарадоцкіх ільвоў». У мінулыя выхадныя ў групе «В» (першая ліга) было зафіксавана шэраг нечаканых вынікаў: ФК «Докшыцы»—«Дзвіна» (Верхнядзвінск) — 3:1, «Ураджай» (Віцебскі р-н)—«Ніва» (Талачын) — 5:1, ФК «Чашнікі»—ФК «Глыбокае» — 5:3, ФК «Шаркаўшчына»—«Нафтавік» (Наваполацк) — 1:1. У групе «С» адзначаны свае сюрпрызы: «Днепр» (Дуброўна)—ФК «Лепель» — 3:2, «Партызан» (Ушачы)—ФК «Лёзна» — 3:3, ФК «Расоны»—«Дрывяціч» (Браслаў) — 1:2, «Дзвіна» (Бешанковічы)—ФК «Шуміліна» — 3:1.
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя

