Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФСК «Паставы»–«Газавік» (Віцебск) – 1:2

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па футболе

Без права на асечку

ФСК «Паставы»–«Газавік» (Віцебск) – 1:2

На цэнтральную гульню 9-га тура на гарадскім стадыёне ў Паставах сабралася амаль 400 гледачоў, заехаў падтрымаць каманду і кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. Пяціразовы чэмпіён вобласці з Віцебска пачаў паядынак вельмі актыўна, арганізаваў моцны націск на вароты пастаўчан.

Наша каманда спакойна абаранялася, надзейна гуляў варатар Дзмітрый Захарэвіч, а на 11-й хвіліне пастаўчане правялі вострую контратаку. Аднак цэнтрфорвард Герман Чалей прабіў недакладна. Толькі ў сярэдзіне тайма гульнявая ініцыятыва перайшла да пастаўчан. За 6 хвілін да перапынку яны правялі ўзорную фланговую атаку, якую завяршыў моцным стрэлам апорнік Кірыл Цыўнель. Яго ўдар у скачку адбіў нагой вопытны варатар Максім Маісееў. У канцоўцы тайма сапернік адказаў скораснай фланговай контратакай. На галявы пас адгукнуўся снайпер «газавікоў» Арцём Ганчарэнка і з блізкай адлегласці адкрыў лік — 0:1.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФСК «Паставы»–«Газавік» (Віцебск) – 1:2

У другім тайме характар упартай гульні не змяніўся: ніхто не хацеў саступаць. Двойчы небяспечна прабілі над перакладзінай нашы атакуючыя паўабаронцы Кірыл Каралёнак і Аляксандр Звяруга. У нервовай канцоўцы віцябчане на 74-й хвіліне зарабілі пенальці, які па-майстэрску рэалізаваў Уладзіслаў Марозаў — 0:2. У няпростай сітуацыі пастаўчане змагаліся да канца, за што праз пяць хвілін былі ўзнагароджаны ўзяццем варот. Наш рэзервіст Мацвей Янушкевіч скараціў розніцу ў ліку — 1:2. Неўзабаве пастаўчане ледзь не рэалізавалі небяспечны штрафны, а перад фінальным свістком быў выдалены капітан Максім Голубеў.

Саступілі моцнаму саперніку Захарэвіч, Маршын (Янушкевіч), Пучынскі, Голубеў (к), Касенка, Кундра, Цыўнель (Квяткевіч), Камісарчук, Каралёнак (Курыловіч), Дзеўгуць (Абалевіч), Чалей (Звяруга). Лідарам першынства ў нашай наймацнейшай групе «А» стаў ФК «Міёры», які атрымаў тэхнічную перамогу (3:0) над «Гарадоцкімі львамі». Наш наступны сапернік з Сянно на выездзе згуляў унічыю (1:1) з аршанцамі, набраў 8 ачкоў і на 1 бал апераджае  пастаўчан. Яны згуляюць на выездзе з сенненцамі ў наступныя выхадныя.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.