Поисковики Новополоцка и Архангельска встретились в Поставах, чтобы поблагодарить поставских коллег за сотрудничество

Важное История

Дакапацца да ісціны

Брацкія народы Беларусі і Расіі разам здабывалі доўгачаканую Перамогу, якая каштавала жыццяў мільёнаў салдат. Многія з іх пахаваны далёка ад родных хат, але гэта не значыць, што імёны герояў забытыя. Яны вяртаюцца з небыцця і дзякуючы плённаму ўзаемадзеянню Наваполацкага пошукавага атрада «Разведчыкі воінскай славы» і Архангельскага вучэбнага пошукавага цэнтра. Важкі ўклад у гэтую работу ўносяць і пастаўчане. І менавіта наш горад стаў месцам сустрэчы расійскіх і беларускіх пошукавікаў.

Прадстаўнічае мерапрыемства адбылося ў красавіку ў Пастаўскай гімназіі. У актавай зале ў той дзень сабраліся госці з Архангельска і Наваполацка, мясцовыя актывісты пошукавага руху, гімназісты разам з дырэктарам установы Славамірам Каранеўскім. Удзельнічаў у сустрэчы і намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург.

— Хачу падзякаваць кожнаму за важную і патрэбную работу, якую вы праводзіце па пошуку і перапахаванні салдат Вялікай Айчыннай і Першай сусветнай войнаў. Гэта не мае цаны, — гаварыў ён, вітаючы прысутных. — Нават цяжка ўявіць, колькі сваіх жыхароў Беларусь страціла ў мінулым стагоддзі за тыя кровапралітныя гады. Больш за тое — на нашай зямлі знайшлі вечны спачын воіны з розных куткоў былога Савецкага Саюза.

Адзін з іх — ураджэнец архангельскага краю радавы Васілій Багданкоў. Родныя доўга шукалі месца яго пахавання. Інфармацыю знайсці не ўдавалася з-за таго, што прозвішча мужчыны запісалі ў дакументах з памылкай. Месца спачыну дарагога сям’і чалавека стала вядомае толькі нядаўна: Васілій Фёдаравіч пахаваны ў брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах. Ён аддаў жыццё, вызваляючы Пастаўскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго баявы шлях хутка будзе ўстаноўлены дзякуючы таму, што з’явіліся дакументы ваенных перасыльных часцей.

Падчас мерапрыемства гасцям з Архангельска перадалі імянную капсулу з зямлёй, узятай з гэтай брацкай магілы.

— Капсулу мы аддадзім родным Васілія Фёдаравіча, — гаварыла Алена Нядзвецкая, — кіраўнік Архангельскага вучэбнага пошукавага цэнтра, у якім навучаецца каля сотні дзяцей ва ўзросце ад 7 гадоў. — Мы з імі сталі ўзаемадзейнічаць дзякуючы маштабнаму праекту «Герой зямлі Паморскай: яны загінулі за Беларусь». Падчас яго рэалізацыі мы знайшлі звесткі пра дзве з паловай тысячы ўраджэнцаў Архангельскай вобласці, якія загінулі ў Беларусі. Палова з іх — у Віцебскай вобласці.

Мінулай восенню прадстаўнікі пошукавага цэнтра звярнуліся ў Наваполацкі пошукавы атрад з просьбай дапамагчы знайсці інфармацыю пра месца гібелі ўраджэнцаў Архангельскай вобласці на Віцебшчыне. Звесткі знайшліся больш чым пра 600 чалавек. Сярод іх быў і адзін з родзічаў удзельнікаў пошукавага руху Архангельшчыны.

У рабоце з алічбаванымі архівамі актыўна ўдзельнічалі і пастаўчане. На сёння трое чалавек з нашага горада прыняты ў шэрагі атрада «Разведчыкі воінскай славы»: Аляксандр Кузняцоў, Дзмітрый Жураў і Дзмітрый Рубель. Пошукавай дзейнасці яны навучаюць 9 падлеткаў з гімназіі і СШ №3 — выхоўваюць наступнае пакаленне нераўнадушных да гісторыі грамадзян.

Юнакі і дзяўчаты ўжо і самі ўдзельнічаюць у палявых выхадах, праяўляюць сябе ў архіўна-даследчай і навуковай дзейнасці. Свае даследчыя работы яны адпраўлялі і на ІІ Міжнародную канферэнцыю «Крылья Победы — небо Родины», якая праводзілася ва Улан-Удэ (Рэспубліка Бурація). Тэмай даследавання сталі лётчыкі — ураджэнцы Бурацка-Мангольскай АССР, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі. Сертыфікаты ўдзельнікам канферэнцыі, а таксама падзячныя лісты пастаўскім пошукавікам былі ўручаны на мерапрыемстве ў гімназіі. Асабліва шмат увагі было кіраўніку ваенна-патрыятычнага выхавання гэтай навучальнай установы Аляксандру Кузняцову, які ўносіць важкі ўклад у архіўна-мемарыяльную работу пошукавікаў.

Паставы былі не адзіным горадам, дзе спыніліся госці з Архангельска. Яны правялі сустрэчы ў Мінску, Гарадку, Наваполацку, Шклове, Нясвіжы, Ваўкавыску і іншых. У чэрвені праз гэтыя мясціны будзе пралягаць ужо чацвёрты па ліку двухтыднёвы аўтапрабег «Дарогамі памяці і подзвігу» з Архангельска ў Брэсцкую крэпасць. Ён стане яшчэ адным напамінам пра тое, што Вялікая Перамога — агульная для беларусаў і расіян, якім разам ёсць чым ганарыцца.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.