У ААТ «Янавіца-агра» пачалі ўзводзіць новую малочнатаварную ферму на 777 галоў дойнага статка. Сучасны жывёлагадоўчы аб’ект размесціцца на ўскрайку Лынтуп.
— Неабходнасць будаўніцтва звязана з тым, што большасць ферм гаспадаркі пабудаваныя больш чым паўстагоддзя назад, — расказваў дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Купран. — На іх прымяняецца прывязное ўтрыманне жывёлы, шмат ручной працы. У такіх умовах складана дабівацца высокіх надояў і паляпшаць якасць малака. Сучасны комплекс — гэта камфортныя ўмовы і для жывёлы, і для людзей. Практычна ўсе працэсы будуць аўтаматызаваныя.
Паколькі ААТ «Янавіца-агра» ўваходзіць у склад аграпрамысловага аб’яднання, створанага на базе Пастаўскага малочнага завода, прадпрыемства аказвае гаспадарцы падтрымку ў будаўніцтве. Поўны кошт МТФ — 20 мільёнаў рублёў. Заводу прадугледжаны крэдыт на 15,5 мільёна, пакуль выдзелена 7,5 млн рублёў.
На гэтым тыдні разам з намеснікам дырэктара малочнага завода Канстанцінам Гайлеўскім пабывала на будаўнічай пляцоўцы. Ужо ўзведзены сцены даільна-малочнага блока, вядуцца работы на даху. Рыхтуецца аснова пад памяшканні для ўтрымання кароў, гнаясховішчы. Пазней будуць абуладкаваны пляцоўкі для выгулу жывёлы, пабудаваны сянажныя траншэі. Падрадчык — таварыства з абмежаванай адказнасцю «Імпелбуд» з Віцебска. Будаўнікі працуюць вахтавым метадам, прэтэнзій і заўваг да іх няма. Здача аб’екта запланавана на канец 2026 года.
— Пабудаваць комплекс — не значыць адразу атрымаць высокія надоі, — гаварыў Канстанцін Гайлеўскі. — Новыя памяшканні, сучаснае абсталяванне — гэта выдатна. Але яшчэ трэба ўкамплектаваць статак высокаўдойнымі каровамі, падрыхтаваць рабочы персанал, падабраць адказных спецыялістаў і гэтак далей. Хочацца верыць, што ўсё ў нас атрымаецца.
Анна Анішкевіч

