С 26 апреля по 31 мая проводится комплекс дополнительных мероприятий по защите детей от сексуального насилия

Безопасность Важное

З 26 красавіка па 31 мая на тэрыторыі рэспублікі па распараджэнні Міністэрства ўнутраных спраў краіны праводзіцца комплекс дадатковых мерапрыемстваў па процідзеянні злачынствам супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх, абароту дзіцячай парнаграфіі.

У апошні час у Беларусі, і на Пастаўшчыне таксама, назіраецца рост злачынстваў, звязаных з вырабам і распаўсюджаннем дзіцячай парнаграфіі, што ў сваю чаргу ўплывае на рост сексуальных злачынстваў у адносінах да непаўналетніх. За мінулы год толькі ў нашым раёне іх выяўлена 10, з пачатку бягучага года — пакуль адно. Так, нядаўна ўзбуджана справа па ч. 2 арт. 343-1 (выраб і распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у адносінах да 26-гадовага жыхара Глыбоцкага раёна.

— У сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» мужчына пазнаёміўся з 17-гадовай навучэнкай адной з устаноў адукацыі Пастаў, — расказваў абставіны справы старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і проці­дзеянні гандлю людзьмі РАУС Міхаіл Ходан. — Завязалася перапіска, у працэсе якой глыбачанін пачаў прасіць у непаўналетняй даслаць яму свае фотаздымкі, спачатку — звычайныя, потым — парнаграфічнага зместу. Дзяўчына ўсяляк спрабавала адмовіць, гаварыла, што ў іх навучальную ўстанову прыходзіў міліцыянер і папярэджваў пра адказнасць, якая можа наступіць для яе за такія дзеянні. Але інтэрнэт-знаёмы быў настойлівы і пераканаў пастаўчанку ў тым, што ёй нічога не будзе, бо ён не збіраецца нікому перасылаць фотаздымкі. У выніку атрымаў іх. А праз некаторы час, пасварыўшыся з непаўналетняй, адправіў інтымныя фота яе сяброўцы. Тая звярнулася да сацыяльнага педагога. Цяпер глыбачаніну пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама ўстаноўлены факт палавых зносін з непаўналетняй. 18-гадовы хлопец у той жа сацсетцы пазнаёміўся з 14-гадовай школьніцай з нашага раёна. Віртуальнае знаёмства перарасло ў рэальныя сустрэчы, якія неўзабаве сталі адбывацца дома ў кавалера і па ўзаемнай згодзе пары заканчвацца палавымі кантактамі. Матэрыялы праведзенай па гэтым факце праверкі супрацоўнікі міліцыі перадалі ў раённы аддзел Следчага камітэта для прыняцця рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч.1 арт. 168 КК Рэспублікі Беларусь. Яго санкцыя прадугледжвае абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.

На прафілактыку такіх вось злачынстваў і накіравана рэспубліканская акцыя. На працягу яе супрацоўнікі міліцыі выступяць перад навучэнцамі ва ўсіх школах раёна. Будуць весці размову на тэму і з законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх на бацькоўскіх сходах. Акрамя таго, правядуць адпрацоўку сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і асоб з судзімасцю за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх, выраб і распаўсю­джанне дзіцячай парнаграфіі. Карыстаючыся магчымасцю, Міхаіл Ходан вырашыў і са старонак газеты звярнуцца да непаўналетніх і іх бацькоў.

— Калі ў адносінах да вас здзяйсняюцца дзеянні сексуальнага характару, раскажыце пра гэта сваім родным ці педагогам, паведаміце ў РАУС па тэлефоне 102, каб злачынцы панеслі заслужанае пакаранне, — настойліва раіць ён падлеткам. — Бацькам жа рэкамендую рэгулярна праглядваць старонкі дзяцей у сацыяльных сетках, звяртаючы ўвагу на тое, з кім яны перапісваюцца. Калі сярод віртуальных знаёмых ёсць асобы без фота і ўзросту, спытайце ў сына ці дачкі, хто гэта, з якой мэтай дабаўлены ў сябры і на якую тэму вядуць размовы.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.